Удзельнікі студатрада: «Будзем расказваць сваім дзецям, што Лядовы палац у Светлагорску ў тым ліку iх тата будаваў»

- 16:07Новости

Удзельнікі студатрада працуюць на знакавай будоўлі — Лядовага палаца ў Светлагорску.

Не важна, лье дождж ці свеціць сонца, — праца па ўзвядзенні лядовай арэны кіпіць. Дарэчы, плануецца, што ўжо да канца гэтага года Цэнтр гульнявых відаў спорту ў Светлагорску (1-я чарга — Лядовы палац) гасцінна расчы­ніць свае дзверы для спартсменаў і аматараў зімовых відаў спорту. Дарэчы, будоўлі нададзены статус абласной маладзёжнай. Аб’ект адказны. І як жа выдатна, што юнакам, у тым лiку навучэнцам Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа, даверылі частку работы па яго ўзвядзенні. Як толькі лядовы расчыніць свае дзверы для наведвальнікаў, несумненна, моладзь стане пастаянным госцем на спартыўных святах. Зуciм хутка тут з’явіцца вялікая лядовая арэна памерам 60 на 26 м. Трыбуны для гледачоў разлічаны на 490 пасадачных месцаў, а яшчэ тут трэнажорныя, акрабатычныя, харэаграфічныя залы — усё, што трэба для актыўнага адпачынку і заняткаў спортам. У будынка будзе вельмі цікавы сучасны сілуэт са складанымі і неверагодна выразнымі фасадамі.

Азы будаўнічай справы

На тэрыторыі будоўлі, ля яркіх зялёных бытовак, хлопцы са студатрада праходзяць інструктаж: усе ў спецвопратках і касках, на руках рукавіцы і працоўны інвентар. Акрэслены фронт работ, і ўсе ўдзельнікі будаўнічага атрада “Метр квад­ратны” імя Героя Савецкага Саюза Сяргея Леанідавіча Краснапёрава, узброіўшыся добрым настроем, праходзяць на будаўнічы аб’ект. За тэхнікай бяспекі штодня сочыць камісар атрада Станіслаў Тарасаў, студэнт 2 курса Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа, які вучыцца па спецыяльнасці “Прамысловае і грама­дзянскае будаўніцтва”. Ён натхнёна рас­казвае, чаму не купаецца і не загарае на пляжы ракі Бярэзіны, а прымае сонечныя ванны на будаўніцтве палаца.

— Гэтым летам хацеў не проста дапамагаць на дачы або ў вёсцы, марыў апынуцца на сур’ёзным аб’екце, каб набрацца вопыту, які мне спатрэбіцца ў жыцці. Так і атрымалася, — гаворыць Станіслаў Тарасаў. — А яшчэ ў мяне тут дзядуля працуе кранаўшчыком. Да таго ж у мяне ёсць унікальная магчы­масць непасрэдна паўдзельні­чаць у стварэнні такога маштабнага аб’екта, якога чакаюць у нашым горадзе і дзеці, і дарослыя.

Рабочы працэс ідзе поўным ходам.

На першы погляд можа здацца, што праца нескладаная: моладзь занята распрацоўкай грунту, ушчыльненнем і засыпаннем друзу. Але насамрэч справа патрабуе ўважлівасці, засяроджанасці і зладжанай каманднай работы. Тым часам да размовы далучаецца студатрадавец і аднагрупнік Станiслава Дзмітрый Міхалап.

— Праца ў студатрадзе, нягледзячы на значную фізічную нагрузку, вельмі цікавая,  — гаворыць ён. — Замацавалі нас за вопытнымі работнікамі, якія дапамагаюць асвоіцца на давераным участку, кантралююць якасць выканання заданняў. З хлопцамі разам вучымся ў прафесіяналаў сваёй справы. Зараз мы студэнты 2 курса каледжа і калісьці папоўнім шэрагі будаўнікоў. Мы стараемся зладжана працаваць у камандзе, і ў нас гэта выдатна атрымліваецца.

Пашыраючы прафесійныя гарызонты

З кожным годам колькасць жадаючых папрацаваць у студ­атрадзе расце: ёсць у моладзi жаданне надзець спецвопратку і пачаць асвойваць прафесію знутры. Толькі на практыцы можна вывучыць спецыфіку работы і атрымаць каштоўны вопыт, набыць новых сяброў, а яшчэ зарабіць добрыя грошы. Праўда, юныя светлагорцы прыйшлі ў студатрад не толькі дзеля руб­ля, яны ахвотна ўносяць важкі ўклад у развіццё аб’екта інфраструктуры роднага горада.

— На абласную маладзёжную будоўлю плануем працаўладкаваць не менш за 100 чалавек, — адзначае першы сакратар РК ГА “БРСМ” Хрысціна Алістранкова. — Сёння тут працуюць 15 чалавек ва ўзросце 16—18 гадоў. Дарэчы, камандзір атрада абавязкова павінен быць паўналетнім. Так, на замену брыгадзе “Метр квадратны” прыйшлі студатрадаўцы з атрадаў “МайстарОК” імя Героя Савецкага Саюза Паўла Іванавіча Батава, “Будтрэст” імя Героя Савецкага Саюза Канстанціна Сяргеевіча Заслонава. Юныя светлагорцы распрацоўваюць грунт уручную, ушчыльняюць яго друзам, засыпаюць траншэі, займаюцца бетоннай падрыхтоўкай пад падлогі.

Будаўніцтва Цэнтра гульнявых відаў спорту пачалося ў Светлагорску ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 119 ад 01.07.2020 з далейшым уключэннем у Рэспубліканскую дзяржаўную інвестыцыйную праграму.

У будучыні хлопцы, несумненна, будуць ганарыцца тым, што прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве такога маштабнага сацыяльна значнага аб’екта. Яны ўжо цяпер гавораць: “Будзем прыходзіць у Цэнтр гульнявых відаў спорту ў палацы са сваімі дзецьмі і расказваць, што лядовую арэну ў тым ліку iх тата будаваў!”

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара