Выступаўшы на спаборніцтвах па падцягванні, а потым стаўшы суддзёй як у мнагаборстве, так і на рэспубліканскай алімпіядзе, я звярнуў увагу на праблему, звязаную з падрыхтоўкай юнакоў да дадзенай дысцыпліны. Практычна на любых спаборніцтвах па падцягванні мы сутыкаемся з розным падыходам у ацэньванні гэтага элемента. Аднак са з’яўленнем чаканай і важнай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” становіцца зразумела, што неабходна асаблівую ўвагу ўдзяляць падрыхтоўцы атлетаў на ўсіх стадыях гэтага базавага фізічнага практыкавання, здаецца, ці не самага спрэчнага ў ацэньванні. Паспрабую растлумачыць чаму.
Нярэдка даводзіцца чуць ад калег, што самае галоўнае — звяртаць увагу на колькасць, а не на якасць падцягванняў, а там — як пойдзе. У нечым такія думкі справядлівыя, бо лепш навучыць юнака пераадольваць цяжкасці і хоць з недахопамі, але выконваць элемент, чым зусім ім не займацца, тым больш што, дзякуючы падцягванням, фігура юнакоў становіцца V-падобнай, развіваюцца найшырэйшая мышца спіны, біцэпс, плечавая мышца, верхняя частка спіны, мышцы брушной сценкі і перадплечча, грудныя мышцы. І ўсё ж не зусім прыемна бачыць расчараванага маладога чалавека, пазбаўленага, згодна з правіламі, такога важнага для яго выніку. Я быў галоўным суддзёй падцягвання на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды (Магілёўская вобласць), а таксама на заключным этапе ў Маладзечне і стараўся данесці да ўдзельнікаў, што выкананню патрабаванняў варта ўдзяляць асаблівую ўвагу. Пераважная большасць удзельнікаў і кіраўнікоў каманд пазітыўна ўспрыняла ступень ацэньвання.
Якія памылкі часцей за ўсё дапускаюць юнакі? Амаль усе яны памыляюцца пры згінанні рук (у пазітыўнай фазе), развядзенні ног, згінанні ў каленных суставах, адвядзенні ног наперад. Памылковымі з’яўляюцца рознага роду рыўкі і разгойдванні. Фінальная стадыя згінання рук (пераход падбародка за лінію перакладзіны) складаная і таксама часта ставіць у тупік навучэнцаў. У негатыўнай фазе памылка ў асноўным адна — недастатковае разгінанне рук пры вяртанні ў зыходнае становішча. Усе гэтыя памылкі — вынік няправільнай трэніроўкі, а значыць, адсутнасці або няправільнага развіцця груп мышц, якія былі задзейнічаны пры падцягванні.
Падчас падрыхтоўкі сваіх вучняў у падцягванні асаблівае значэнне я надаю тэхніцы выканання, паколькі сам меў негатыўны вопыт, які кардынальна змяніў маё стаўленне да турніка і выканання розных элементаў на ім. На што ў першую чаргу звяртаць увагу? Калісьці, з’яўляючыся вучнем і выступаючы на абласных спаборніцтвах па ваенным мнагаборстве, на падцягванні я быў аштрафаваны суддзёй (мінус 3 разы) і з таго часу вырашыў для сябе, што больш не дам падставы ўсумніцца ў якасці выканання мной гэтага элемента. Прыйшлося трэніравацца нібы спачатку, пераламаць сябе і кожны раз сачыць за сваёй тэхнікай. Гэты працэс заняў пэўны час, аднак не стаў праблемай і дазволіў мне больш ніколі не задумвацца пра тэхніку выканання. Сфарміраваны навык працуе ўжо больш за 24 гады.
Калі вы зусім не маеце вопыту ў падцягванні, не адчайвайцеся. Падцягвацца да 15—20 разоў вы зможаце навучыцца ў самыя кароткія тэрміны. Неабходна толькі жаданне спазнаваць нешта новае і станавіцца лепшым. Вельмі шмат і плённа давядзецца працаваць тым, хто хоча падцягвацца 25 разоў, але мяжу ў 30 разоў і больш пераадолеюць атлеты са спартыўным, стальным характарам. Мой асабісты рэкорд — 33 разы. Для яго дасягнення даводзілася трэніравацца кожны дзень і прыкладаць значна больш намаганняў, чым было неабходна, бо такой колькасці трэніровачных праграм, як цяпер, у мой час не існавала. Ёсць меркаванне, што людзі могуць падцягвацца больш за 35 разоў. На сваім шляху я такіх не сустракаў, хоць усё жыццё гэтым займаюся, вучыўся на факультэце фізічнага выхавання, служыў у спецназе ўнутраных войск. Такія людзі, безумоўна, ёсць, але гаворка ідзе пра адзінкі. Звычайна на спаборніцтвах “Абаронца Айчыны” пераможцамі становяцца навучэнцы з вынікам 28 разоў. Цяпер жа з’явіўся рэкорд на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды — 27 разоў.
Для пачаткоўцаў падыдуць так званыя аўстралійскія падцягванні (на нізкім турніку), батэрфляй (хвалепадобныя падцягванні), пазітыўныя і негатыўныя падцягванні са скачком. Звярніце ўвагу на варыятыўнасць. Цэнтральная нервовая сістэма такім чынам атрымае неабходны адпачынак і разгрузіцца. Псіхалагічна будзе значна лягчэй пераносіць нагрузку.
Хочацца адзначыць, што падцягванне і заняткі фізічнай культурай у цэлым не перашкаджаюць вучобе, а могуць ісці з ёй нага ў нагу да агульнай мэты выхавання — усебаковага і гарманічнага развіцця асобы.
Андрэй БЯЗЛЕПКІН,
настаўнік вышэйшай катэгорыі фізічнай культуры і здароўя Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Фота аўтара.