Для пераможцаў конкурсу “Студэнт года” поспех стаў каталізатарам асобаснага росту, штуршком для ўдалага кар’ернага старту. Чаму навучыла спаборніцтва і як склалася жыццё пасля перамогі? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў лепшых студэнтаў апошніх гадоў.
Ніколі не здавацца
Удзел у конкурсе для кожнага студэнта — шанс заявіць пра сябе, праявіць свае таленты, развіць лідарскія якасці, расказаць аб хвалюючых праблемах, навуковых інтарэсах, марах і планах. А яшчэ магчымасць прэзентаваць студэнцкія ініцыятывы і праекты.
Антон Лемеш з Гродна такі шанс атрымаў у 2018 годзе, калі вучыўся на 5 курсе педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:
— Прызнацца, яшчэ калі быў першакурснікам, назіраў за правядзеннем конкурсу і разважаў, што было б выдатна прыняць у ім удзел. Хацелася параўнаць свае сілы і ўменні з магчымасцямі і навыкамі іншых хлопцаў і дзяўчат.
Калі такі выпадак прадставіўся, юнак неўзабаве апынуўся ў фінале. Зрабіць відэаролік пра сябе і сваё студэнцкае жыццё яму было нескладана, зрэшты, як і расказаць у конкурсе-знаёмстве пра свае дасягненні і цікавыя моманты жыцця. У пошуку нестандартных рашэнняў для неардынарнага прадстаўлення Антону дапамог вопыт КВЗэншчыка. Усё сваё 5-мінутнае выступленне ён пабудаваў са слоў на літару “п”. Пачыналася яно так: “Прыйшла пара — пайшоў паступаць”. У відэа “Я студэнт”, якое падкупіла журы сваёй шчырасцю і прастатой, будучы медык прадэманстраваў студэнцкія будні, насычаныя навуковай дзейнасцю, гульнямі ў КВЗ, працай санітарам, а затым фельчарам на хуткай дапамозе, што, дарэчы, на 4 курсе дапамагло выбраць спецыялізацыю анестэзіёлага-рэаніматолага.
Работа на хуткай дапамозе навучыла студэнта быць сабраным у патрэбны момант, хутка прымаць рашэнне ў экстраннай сітуацыі, а багаты вопыт КВЗэншчыка дапамог вылучаць галоўнае, быць арыгінальным і не тушавацца на сцэне, адаптавацца да любога форс-мажору. Новае, што прыйшлося асвойваць прэтэндэнту на перамогу, — гэта навыкі прамоўніцкага майстэрства.
— Калі для кагосьці перамога не важная, то гэта дакладна не пра мяне. Я настройваўся перамагаць і хацеў стаць першым. Упэўненасці ў тым, што ўсё атрымаецца, не было, але быў настрой змагацца і не здавацца, — дзеліцца ўспамінамі дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг. — Атрымаўшы высокія балы за конкурс прывітання, у наступным спаборніцтве, не ўклаўшыся ў адведзены час, я страціў цэлы бал і з 1-га месца перамясціўся ўніз. Недахоп бала адчуваўся на працягу ўсіх выпрабаванняў, але гэта толькі танізавала і прымушала ісці да канца. Вырашальным стаў творчы конкурс. Разумеючы, што перайграць прафесійных спевакоў, танцораў, акцёраў на іх полі немагчыма, стараўся са сваёй групай падтрымкі, без якой, дарэчы, перамогі не было б, зрабіць яго нестандартным. Музычны нумар быў прысвечаны любові да малой радзімы.
Скончыўшы УВА тры гады назад, сёння Антон Віктаравіч працуе асістэнтам на кафедры анестэзіялогіі-рэаніматалогіі ГрДМУ, праводзіць са студэнтамі семінарскія заняткі ў Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, дзе працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам. У планах урача — абарона кандыдацкай дысертацыі.
Усім страхам насуперак
Ураджэнка Баранавіч Дар’я Паўлоўская стала першай у конкурсе ў 2019 годзе. Скончыўшы з чырвоным дыпломам Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Лінгвіст. Выкладчык замежных моў. Краіназнавец”, яна паспела папрацаваць у Цэнтральным, а затым сталічным камітэтах БРСМ. І вось ужо другі год Дар’я Алегаўна працуе інспектарам Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі.
Калі яркай, актыўнай студэнтцы 4 курса прапанаваў паўдзельнічаць у галоўным студэнцкім конкурсе прарэктар універсітэта, яна разважала не доўга.
— Традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел у падобных конкурсах павінны адпавядаць пэўным крытэрыям: дэманстраваць высокія дасягненні ў вучобе, актыўна праяўляць сябе ў грамадскім, навуковым, творчым жыцці ўніверсітэта, — удакладняе Дар’я Паўлоўская, якая сёння курыруе правядзенне конкурсу “Студэнт года”. — На той момант у мяне была напісана адна калектыўная манаграфія, каля 30 тэзісаў і навуковых работ, я прымала ўдзел у інавацыйных праектах, працавала ў прэс-цэнтры ўніверсітэта. А яшчэ была намеснікам старшыні студэнцкага савета і ўзначальвала камісію па інфармацыйным узаемадзеянні. Словам, жыла насычаным студэнцкім жыццём.
Апынуўшыся сярод фіналістаў, пра перамогу канкурсантка не марыла:
— Выступленне на вялікай сцэне для мяне было ў навінку. Я ў большай ступені адчувала сябе чалавекам “за сцэнай”, бо падчас студэнцтва ўсё больш займалася арганізацыяй канцэртаў, падрыхтоўкай рэпартажаў, гэта значыць, была ў асноўным за кадрам. А спаборнічаць даводзілася з хлопцамі і дзяўчатамі, якія, здавалася, былі народжаны для сцэны. Часам трэба было сябе перамагаць, выходзячы пад сафіты на тысячную аўдыторыю з мікрафонам у руках. Так што пра перамогу я не думала, настройвала сябе так: “Ідзі і проста атрымлівай задавальненне!”
Так, расказваючы ў конкурсе прамоўніцкага майстэрства пра прафесію педагога, а ў візітоўцы пра свае захапленні замежнымі мовамі, гістарычнай рэканструкцыяй і вялікім тэнісам, студэнтка з кожным выхадам на сцэну адчувала сябе ўсё больш упэўнена.
— У творчым спаборніцтве я малявала партрэт Максіма Багдановіча пад кавер “Зорка Венера”, танцуючы разам з маладым чалавекам, які знешне быў копіяй беларускага паэта, — дзеліцца ўспамінамі суразмоўніца. — Мы малявалі фарбамі на чатырох палотнах, якія потым аб’ядналі ў адно цэлае. Дарэчы, танцавальныя навыкі і асновы малявання я ўпершыню асвойвала спецыяльна для гэтага нумара.
Гаворачы пра ўдзел у конкурсе, Дар’я Паўлоўская адзначае, што, дзякуючы яму, не толькі справілася са страхам выхаду на вялікую аўдыторыю, але і разбурыла стэрэатып пра тое, што чалавек з рэгіёна, глыбінкі не можа дасягнуць пэўных вышынь без падтрымкі або сувязей:
— Для мяне гэты конкурс не пра канкурэнцыю, а пра сяброўства. Аднойчы, прайшоўшы ўсе яго этапы, я атрымала магчымасць для самарэалізацыі, асобаснага росту, знайшла новых сяброў. А цяпер, працуючы ў Міністэрстве адукацыі, адчуваю сваю датычнасць да рэалізацыі талентаў соцень юнакоў і дзяўчат у такіх спаборніцтвах, як “Студэнт года”, “Каралева студэнцтва”, “100 ідэй для Беларусі” і іншых мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Ведаю: калі робіш сваю работу на ўсе сто, укладваючы часцінку душы, ды так, каб самому падабаўся вынік, абавязкова ўсё атрымаецца.
Выхад з зоны камфорту
Ксенія Лашчэўская родам са Слоніма была прызнана лепшай студэнткай Беларусі ў 2021 годзе. Тады дзяўчына вучылася на 3 курсе Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. А сёння яна магістрантка БДПУ і настаўнік-дэфектолаг сталічнага дзіцячага сада № 446.
— Атрымаўшы прапанову паўдзельнічаць у конкурсе “Студэнт года”, я, вядома ж, пагадзілася, бо мне выпала ўнікальная магчымасць прадстаўляць універсітэт спачатку на гарадскім этапе, а потым ужо, дзякуючы вынікам зладжанай работы нашага творчага калектыву, і на рэспубліканскім узроўні, — успамінае Ксенія.
Прапанова не стала нечаканасцю для студэнткі-выдатніцы, якая спявала ў вакальнай групе Modus, у народным ансамблі беларускай музыкі і песні “Ярыца”, удзельнічала ў розных універсітэцкіх конкурсах і мерапрыемствах. І да таго ж была актывісткай у студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Пачуць свет”, дзе займалася распрацоўкай навукова-метадычнага забеспячэння для арганізацыі адукацыйнага працэсу з дзецьмі з парушэннямі слыху, у прыватнасці, дзецьмі, чый слых кампенсаваны кахлеарным імплантатам.
— Прызнацца, практычна кожнае выступленне ў фінале — конкурс-візітоўка, абарона праекта, інтэлектуальны конкурс, конкурс прамоўніцкага майстэрства — стала для мяне выхадам з зоны камфорту, — дзеліцца ўражаннямі пераможца. — Упершыню расказваючы пра сацыялізацыю дзяцей з парушэннямі слыху за рамкамі ўніверсітэцкіх сцен, было не проста, узаемадзейнічаючы з залай, пераканаўча данесці свае думкі, растлумачыць сутнасць і важнасць работы з асаблівымі дзеткамі, для якіх вельмі важна быць прынятымі ў грамадстве, расказаць пра сваю звышмісію. Прадстаўляючы праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей з парушэннем слыху, я прадставіла сваю распрацоўку сурдагідаў для музея Вялікай Айчыннай вайны, у якіх на жэставай мове апісваюцца некаторыя экспанаты музея.
А вось у творчым конкурсе, выступаючы з вакальным нумарам, будучы настаўнік-дэфектолаг адчувала сябе як рыба ў вадзе, бо спевамі займаецца з дзяцінства. Па словах студэнткі года, дзякуючы ўдзелу ў конкурсе, яна навучылася падаваць сябе, трымацца на публіцы, упэўнена даносіць і адстойваць сваю пазіцыю.
Сёння, працуючы ў дзіцячым садзе з асаблівымі малышамі, малады спецыяліст актыўна прымяняе тыя метады і падыходы, якія некалі вывучала ў тэорыі, на сваёй старонцы ў Instagram выкладвае пасты, якія папулярызуюць праблемы сацыялізацыі дзяцей з АПФР. А таксама працягвае навучанне ў магістратуры БДПУ па спецыяльнасці “Карэкцыйная педагогіка”, піша дысертацыю пра грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей з парушэннем слыху падчас пазаўрочнай дзейнасці.
Рэспубліканскі конкурс “Студэнт года”, ініцыіраваны БРСМ, праходзіць штогод з 2011 года. Адборачныя туры стартавалі ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў пачатку кастрычніка. Лепшы студэнт краіны будзе названы ў фінале галоўнага студэнцкага шоу ў першай палове снежня.
Перспектыва рэалізацыі
Афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ кіраўнік праекта Уладзіслаў Дубіцкі аб конкурсе “Студэнт года”:
— Конкурс накіраваны на падтрымку творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі, стварэнне ўмоў для яе самарэалізацыі ў галіне грамадскай дзейнасці, навуцы, мастацтве і спорце, на распаўсюджванне студэнцкіх ініцыятыў і праектаў.
На працягу апошніх некалькіх гадоў быў праведзены рэбрэндынг праекта, абнавіліся лагатып і візуальныя рашэнні. Конкурс па праве можна назваць брэндам маладзёжнай арганізацыі, папулярнай падзеяй у студэнцкім асяроддзі. Яго любіць і чакае студэнцтва. Толькі за апошнія тры гады на званне лепшага студэнта года прэтэндавалі больш за 6 соцень юных беларусаў, іх каманды аб’ядналі больш за 5 тысяч прадстаўнікоў моладзі. Сёлета ў першым адборачным туры прынялі ўдзел 272 чалавекі з 41 установы вышэйшай адукацыі.
У гэтым годзе актуальная тэма для стварэння студэнцкіх праектных работ — “Праект з перспектывай рэалізацыі на нацыянальным і міжнародным узроўні”. Гэта дае магчымасць студэнтам выйсці за рамкі вучобы ва ўніверсітэце і падумаць на перспектыву аб тым, як карысныя ідэі могуць быць рэалізаваны імі ў больш шырокім маштабе.
Ацэньваць выступленні фіналістаў будуць эксперты ў галіне студэнцкага праектавання, сцэнічнай культуры па розных жанрах, лідары меркаванняў, медыйныя персоны і партнёры конкурсу.
Марына КУНЯЎСКАЯ