Уладзімір Рогаў: сёлета ў летніках адпачнуць 878 навучэнцаў

- 13:15Планерка

Пра тое, як у Крупскім раёне Мінскай вобласці арганізавана летняя аздараўленчая кампанія, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама Уладзімір Рогаў.

— Педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі раёна будуюць работу так, каб кожны з баць­коў мог падабраць для свайго дзіцяці разнастайныя віды дзейнасці і адпачынку, забяспе­чыць яго штодзённую занятасць, — расказвае Уладзімір Іванавіч. — Інфармацыю аб арганізацыі аздараўлення ва ўстановах адукацыі можна ўбачыць на інфармацыйных стэндах і сайтах устаноў. Абавязковым з’яўляецца ўцягванне ва ўсе формы летняй занятасці дзяцей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама дзяцей, з якімі інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальную прафілактычную работу.

Калі гаварыць мовай лічбаў, то ў нас запланавана адкрыц­цё 22 аздараўленчых лагераў з дзённым і кругласутачным знахо­джаннем: будуць працаваць 11 лагераў з дзённым знаходжаннем, 3 лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем, лагер працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем, 2 спартыўна-аздараўленчыя летнікі, 4 палатачныя лагеры, аздараўленчы лагер “Янаўшчына”. Сёлета ў летніках адпачнуць 878 навучэнцаў.

— Некаторыя дзеці не толькі адпачнуць, але і папрацуюць?

— Працоўнае выхаванне — адна з вядучых форм занятасці нашых падлеткаў. Дзеці ва ўзросце ад 14 гадоў у летні пе­рыяд могуць не толькі адпачыць, але і зарабіць. Сумесна з Цэнтрам занятасці насельніцтва мы вядзём работу па арганізацыі часовага працаўладкавання непаўналетніх. На базе 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць функцыяна­ваць рамонтна-экалагічныя атрады. Больш за 100 навучэнцаў зоймуцца добраўпарадкаваннем і навядзеннем парадку на прышкольных участках.

— Важна, каб адпачынак быў найперш бяспечным ва ўсіх адносінах. Як супрацоўнічаеце ў гэтым плане з сацыяльнымі партнёрамі?

— Каб правесці паспяховую летнюю кампанію, не дапусціць няшчасных выпадкаў, а таксама папярэдзіць выпадкі дзіцячага і падлеткавага траўматызму, напярэдадні канікул і падчас аздараўленчай кампаніі ва ўсіх установах адукацыі і лагерах праходзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Іх мы арганізоўваем сумесна з раённымі структурамі МНС, ДАІ, РАУС. Таксама разгорнута інфармацыйна-растлумачальная работа па прафілактыцы спажывання непаўналетнімі алкаголю і псіхаактыўных рэчываў. У нас запланаваны га­дзіны зносін, заняткі па прафілактыцы залежнасцей, га­дзіны прафілактыкі, практыкумы, навучальныя заняткі, круг­лыя сталы і г.д.

Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме, установы адукацыі цесна ўзаемадзейнічаюць з усімі зацікаўленымі службамі па пытаннях адпачынку, аздараўлення і занятасці дзяцей і падлеткаў, бо толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць адпачынак нашых дзяцей паўнацэнным і бяспечным.

Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме
Крупскага райвыканкама