Умела распарадзіцца летам 

- 16:40Выхаванне, Выхаваўчая работа

Лагер “ПрофіLand”, атрад юных эколагаў. Якія варыянты адпачынку прапаноўваюць школьнікам у Ленінскім раёне.

—Мы ніколі не перажывалі, куды адправім дзяцей на канікулах, — расказвае мая знаё­мая, у якой двое ўнукаў. — У асноўным праводзім лета традыцыйна: дзеці хо­д­зяць у летні прышкольны лагер. Як ім там адпачываецца, можна адчуць па эмоцыях, якія яны прыносяць дамоў увечары. Гэта мора неверагодных уражанняў! 

Жыве гэтая сям’я на вуліцы Сонечнай. Дзеці ходзяць у пачатковую школу № 29 імя братоў Сянько. Прышкольны лагер працуе там ужо шмат гадоў, і дзеці з задавальненнем яго наведваюць. Бацькі выбіраюць для дзяцей адну або нават некалькі змен за лета. У першую змену туды хадзілі 120 дзяцей, у другую — 38. Праграма адпачынку і аздараўлення дзятвы ў навучальнай установе кожны раз абнаўляецца. Яе змест насычаецца новымі напрамкамі. У прыватнасці, арганізавана работа атрадаў юных эколагаў. 

 — Разам з педагогамі мы арганізоўваем дзіцячы адпачынак такім чынам, каб лета стала для дзяцей нясумным, карысным і запамінальным, — дзеліцца начальнік аддзела выхаваўчай, ідэалагічнай работы і па ахове дзяцінства ўпраўлення па адукацыі Ленінскага раёна Мінска Кацярына Вайтэнка. — Наша работа скіравана на пашырэнне кругагляду нашых дзяцей, умацаванне іх здароўя, набыццё прафесійных навыкаў, развіццё творчых памкненняў, вывучэнне гістарычных і культурных каштоўнасцей, фарміраванне пачуцця патрыятызму і грамадзянскасці. Бо не можа быць перапынку ў выхаванні нашых дзяцей, у духоўным напаўненні іх асобы. Гэта бясконцы працэс, які нават летам не перапыняецца.

Адпачынак у школьных лагерах з’яўляецца самым папулярным і масавым. На базе ўстаноў адукацыі адкрыты 31 лагер, дзе дзеці могуць знаходзіцца цэлы дзень. Цяпер такія лагеры наведваюць амаль 2,5 тысячы школьнікаў. Паколькі лета — аптымальны перыяд для ўмацавання здароўя дзяцей, фарміравання здаровага ладу жыцця, то адной з запатрабаваных форм аздараўлення і профільнай занятасці падлеткаў з’яўляецца арганізацыя палатачных лагераў. Гэты напрамак з кожным летам набірае абароты. У раёне на базе стацыянарных лагераў разбіты 9 профільных палатачных лагераў, дзе аздараўляюцца больш за паўтысячы падлеткаў. 

Прыярытэтным напрамкам у летні пе­рыяд застаецца работа з дзецьмі па ўмацаванні ўстойлівых навыкаў бяспечных паводзін і прафілактыкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. З гэтай мэтай сумесна з адпаведнымі структурамі, грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі праводзяцца спартыўныя і аздараўленчыя акцыі, святы, дні здароўя, гарадскі фестываль “Лета — пара спартыўная!”. Каардынатарам арганізацыі фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў у школьных лагерах з’яўляецца фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Ленінскага раёна.

У школьных лагерах вучні ўдзельніча­юць у разнастайных вучэбных і развіццёвых мерапрыемствах, аб’яднаннях па інтарэсах, творчых майстэрнях, гульнявых і забаўляльных праграмах, інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці, шматлікіх экскурсіях па самых розных маршрутах. 

Цэнтры дадатковай адукацыі прапануюць дзецям заняткі па разнастайных відах дзейнасці ў гуртках і секцыях. Для прафілактыкі правапарушэнняў непаўналетніх, забеспячэння занятасці і бяспекі дзяцей летам вялікае значэнне набывае работа міжведамаснай праграмы “Клопат”, якая рэалізуецца ў раёне ўжо некалькі гадоў. На базе сярэдняй школы № 54 арганізавана работа атрада, у склад якога ўваходзяць і выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба “Граніт”, створанага на базе адной з вайсковых часцей. Навучальная ўстанова арыентуецца на выхаванне ў школьнікаў самастойнасці, дысцыпліны, спартыўнай выпраўкі, умацаванне іх здароўя, каб яны выраслі сапраўднымі грамадзянамі і абаронцамі Айчыны. 

Для дзяцей і іх бацькоў арганізавана работа бібліятэк, кабінетаў педагогаў-псіхолагаў і педагогаў сацыяльных, пакояў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, камп’ютарных класаў і спартыўных зала

— Арганізуючы летнюю аздараўленчую кампанію, мы ўлічваем тое, што многія падлеткі імкнуцца не толькі адпачыць і набрацца сіл, карысна і рацыянальна арганізаваць свой вольны час, але і папрацаваць, — гаворыць Кацярына Генадзьеўна. — Летні лагер працы і адпачынку — эфектыўны сродак фарміравання ў падлеткаў разумнага спалучэння працы і адпачынку, павышэння іх працоўнай актыўнасці, задавальнення прафесійных інтарэсаў. У мэтах правядзення прафарыентацыі, павышэння матывацыі школьнікаў да набыцця рабочых прафесій ужо не першы год у летні аздараўленчы перыяд арганізуецца работа раённага лагера працы і адпачынку “ПрофіLand”. Сёлета 116 падлеткаў ад 14 гадоў і старэйшых набываюць практычныя працоўныя навыкі, вучацца працаваць у калектыве. Рабочыя месцы для падлеткаў прадастаўляюць установы адукацыі і прадпрыемства “Зеленбуд” Ленінскага раёна сталіцы. Выхаванцы працоўнага лагера займаюцца праполкай кветнікаў, палівам зялёных насаджэнняў, прыбіраннем памяшканняў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота з архіва ўстаноў адукацыі.