Унікальная ўстанова для перспектыўнага навучання

- 10:32Актуально, Апошнія запісы

Пасяджэнне назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка прайшло на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. У цэнтры ўвагі былі пытанні дзейнасці тэхнапарка ў перыяд яго функцыянавання ў рэжыме апрабацыі, а таксама крытэрыі і паказчыкі эфектыўнасці яго работы. Вызначаны асноўныя задачы на найбліжэйшую перспектыву.

— Пытанні дзейнасці дзіцячага тэхнапарка ў перыяд яго функцыянавання ў рэжыме апрабацыі, а таксама крытэрыі і паказчыкі эфектыўнасці яго работы, асноўныя задачы і планы на найбліжэйшую перспектыву мы абмяркоўвалі на нарадзе ў прэм’ер-міністра.

Гэтым аспектам удзялялася ўвага і на іншых нарадах, таму нам неабходна выпрацаваць канкрэтныя прапановы і падыходы па функцыянаванні дзіцячага тэхнапарка, каб не было дубліравання тых структур, якія ў нас ужо створаны і функцыянуюць, каб не было нейкіх дадатковых элементаў падрыхтоўчага паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Мы павінны зрабіць гэты дзіцячы тэхнапарк той унікальнай навучальнай установай, праз якую павінна прайсці ўся наша тэхнічная, творчая падлеткавая і маладзёжная эліта”, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра краіны Ігар Петрышэнка.

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, які быў створаны 1 студзеня 2021 года, рэалізоўваецца новая адукацыйная праграма дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, накіраваная на выяўленне і развіццё ў навучэнцаў здольнасцей да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці.

На цяперашні момант навучэнцы асвойва­юць адукацыйную праграму аб’ёмам у 72 гадзіны па напрамках: “Зялёная хімія” — на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі” — у лабараторыях Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі; “Робататэхніка” —  на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

У рамках кожнай змены навучанне прахо­дзяць 30 навучэнцаў 9—11 класаў з усіх рэгіёнаў краіны. Асноўнымі формамі правядзення заняткаў у тэхнапарку з’яўляюцца праекты, эсперымент, назіранні, індывідуальнае кансультаванне і суправаджэнне праектаў навучэнцаў, экскурсіі ў навукова-даследчыя ўстановы, абарона праектаў. Заняткі праводзяць педагогі з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў.

Нядаўна завяршылася другая адукацыйная змена. На працягу 2021 года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку запланаваны дзевяць змен працягласцю 24 дні кожная. У межах адной змены на арганізацыю вучэбнай дзейнасці адной вучэбнай групы прадугледжана 45 вучэбных гадзін.

— Разглядаецца пытанне пра змены ў правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спе­цыяльныя навучальныя ўстановы. Плануецца, што рашэннем назіральнага савета юнакі і дзяўчаты з дзіцячага тэхнапарка, якія найбольш ярка праявілі сябе і паказалі пэўны вынік, мо­гуць мець пэўныя прэферэнцыі. Якія менавіта? Пакуль гэтае пытанне абмяркоўваецца.

Пасля дзіцячага тэхнапарка павінна выбудоўвацца пэўная адукацыйная траекторыя гэтага навучэнца, падлетка, які ў далейшым бу­дзе развіваць свае таленты, арыентуючыся на нейкую прафесію, спецыяльнасць. Тым больш што адна з галоўных задач дзіцячага тэхнапарка — ранняя прафарыентацыя, дыягностыка схільнасці да тых ці іншых відаў дзейнасці. Мы гэтым цяпер займаемся комплексна, — сказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

На сённяшні дзень пастановамі ўрада ўрэгуляваны пытанні харчавання навучэнцаў, уключаючы грашовыя нормы расходаў на харчаванне, зацверджана тыпавая форма дагавора аб рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі з дапамогай сеткавай формы ўзаемадзеяння. Ведамаснымі пастановамі вызначаны парадак рэалізацыі адукацыйнай праграмы, парадак адбору навучэнцаў, парадак стварэння ўмоў для асваення зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі.

Для забеспячэння функцыянавання дзіцячага тэхнапарка прадугледжваецца будаўніцтва трох аб’ектаў, у тым ліку вучэбна-лабараторнага корпуса (за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Мінска), школы і інтэрната на 300 месцаў.

Плануецца, што рэалізацыя адукацыйнай праграмы будзе ажыццяўляцца па 15 напрамках, якія адпавядаюць інавацыйным напрамкам развіцця тэхнікі і тэхналогій. Гэта “Авіякасмічныя тэхналогіі”, “Архітэктура і дызайн”, “Біятэхналогіі”, “Віртуальная і дапоўненая рэальнасць”, “Зялёная хімія”, “Інжынерная экалогія”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Інфармацыйная бяспека”, “Лазерныя тэхналогіі”, “Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне”, “Нанаіндустрыя і нанатэхналогіі”, “Прыродныя рэсурсы”, “Робататэхніка”, “Электроніка і сувязь”, “Энергетыка будучыні”.

Падчас абмеркавання крытэрыяў і паказчыкаў эфектыўнасці Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка гаварылася пра неабходнасць наладжвання зваротнай сувязі з навучэнцамі і педагогамі, каб яны маглі выказаць свае меркаванні наконт навучання ў тэхнапарку. Не менш важным з’яўляецца пашырэнне праектнай дзейнасці, якаснае развіццё ў індывідуальнай прафесійнай траекторыі навучэнцаў тэхнапарка. Выкарыстанне сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання, прыцягненне спецыялістаў навукова-даследчых і прамысловых арганізацый дазволіць рэалізоўваць праекты, інтэгравальныя веды, уменні, навыкі навучэнцаў з розных галін навукова-тэхнічнай творчасці.

Асаблівай увагі патрабуе арганізацыя выхаваўчай работы з навучэнцамі дзіцячага тэхнапарка, распрацоўка экскурсійных і культурна-асветніцкіх праграм. Ідэя Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка — у пабудове адзінага комплексу зручнага асяроддзя для вучобы, даследаванняў, вынаходніцтва, а таксама адпачынку з магчымасцю ярка і з карысцю праводзіць вольны час. І гэты ўнікальны для нашай краіны праект прызваны аб’яднаць вакол сябе выбітных спецыялістаў з самых розных галін навукі, вытворчасці і эканомікі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.