Унікальны шанс праверыць свае сілы. Прадстаўнік НІА – пра Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі

- 9:35Компетентно, Образование

29 і 30 лістапада ў краіне ўпершыню будзе праведзена Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, у якім прымуць удзел каля 20 тысяч дзесяцікласнікаў і першакурснікаў каледжаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

”Гэта прыблізна пятая частка ўсіх навучэнцаў названага ўзросту. Устаноўленая колькасць удзельнікаў дазволіць нам даведацца, як у старшакласнікаў, за плячыма якіх ужо ёсць базавая адукацыя, сфарміравана функцыянальная адукава­насць. Больш за тое, мы зможам атрымаць пэўную карціну па рэгіёнах”, — адзначыла загадчыца сектара суправаджэння Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі і міжнародных даследаванняў якасці адукацыі НІА Марыя Гарбу­нова.

Акрамя гістарычнай значнасці, такое даследаванне — унікальны шанс для маладых людзей праверыць свае сілы. Для іх гэта як асабістае спаборніцтва, якое дазволіць высвет­ліць, наколькі хутка яны здольны канцэнтравацца на розных тыпах заданняў, пераключаць увагу, правільна размяркоўваць час, матываваць сябе на праверку ўнесеных адказаў, перш чым націснуць кнопку “завяршыць”.

“Кожнаму вучню — удзельніку даследавання будзе прапанавана некалькі серый заданняў. Камусьці камп’ютар размяркуе заданні па чытацкай і матэматычнай адукаванасці, камусьці — па прыродазнаўчанавуковай і фінансавай. Варта адзначыць, што фармат заданняў не зусім прывычны для дзяцей, але ў гэтым і “соль” праверкі функцыянальнай адукаванасці, якая заключаецца ў здольнасці чалавека знаходзіць аптымальныя спосабы вырашэння жыццёвых задач у знаёмых і незнаёмых сітуацыях”, — расказала Марыя Барысаўна.

Спецыяліст Нацыянальнага інстытута адукацыі патлумачыла,  што ўсе заданні па кожным відзе адукаванасці згрупаваны ў блокі — вучэбныя сітуацыі.

“Як правіла, вучэбная сітуацыя ўключае сем ці восем заданняў, аб’яднаных агульнай тэмай (праблемай). Такая тэма (праблема) можа тычыцца самых розных сфер чалавечага жыцця: асабістай, сямейнай, грамадскай, адукацыйнай, навуковай, прафесійнай.

Па змесце заданні кожнага варыянта вельмі адрозніваюцца. Галоўнае, што іх аб’ядноўвае, — гэта накіраванасць на праверку пэўных уменняў:

— знаходзіць інфармацыю ў прадстаўленых тэкстах;

— фармуляваць праблему (задачу) (у тым ліку на мове навукі);

— інтэрпрэтаваць і ацэньваць інфармацыю;

— выкарыстоўваць інфармацыю для вырашэння канкрэтных практычных задач.

Напрыклад, па чытацкай адукаванасці могуць быць заданні, у якіх навучэнцам будзе прапанавана вызначыць прычыны пэўных па­дзей (у апоры на інфармацыю, прадстаўленую ў тэксце), прывесці доказы ў абарону пэўнай пазіцыі, прад’явіць і аргументаваць уласны пункт гледжання.

Пры праверцы матэматычнай адукаванас­ці старшакласнікам можа быць прапанавана выбраць патрэбную формулу для правядзення разлікаў, спрагназаваць развіццё апісаных у задачы працэсаў, правесці супастаўленне даных, прадстаўленых у табліцы і на дыяграме, і г.д.

Варыянтам задання па прыродазнаўчанавуковай адукаванасці можа быць ацэнка ўплыву апісаных працэсаў на экалагічную сітуацыю ў свеце (або асобным кантыненце), аналіз метадаў навуковага даследавання, якія дазволілі навукоўцам зрабіць тыя ці іншыя высновы.

У заданнях па фінансавай адукаванасці навучэнцам можа быць прапанавана паразва­жаць аб правільных сцвярджэннях у дачыненні да набыцця пэўнага тавару ў зададзеных умовах або ў якіх сітуацыях фінансавыя ўкладанні могуць быць больш рызыкоўнымі, а ў якіх — менш”, —  зазначыла М.Б.Гарбунова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі