Урок фарміравання ўменняў

- 12:17Педагагічная майстэрня

Марына Валянцінаўна Юр’ева — настаўніца біялогіі і хіміі гімназіі № 5 Віцебска. Яна чалавек мэтанакіраваны, паслядоўны ў сваіх словах і дзеяннях, удумлівы і глыбокі. Педагог са зместам, адметнай метадычнай фактурай і вельмі моцным характарам. А каб дадаць атрыманаму партрэту лёгкасці, скажу, што Марына Валянцінаўна здольна на авантуры і адразу адгукаецца на ўсё новае ў методыцы і педагогіцы. Інакш яе двайны ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” патлумачыць нельга.

На конкурсе ў 2017 годзе яна стала суперфіналістам — першай у сваёй намінацыі. Мэта была пастаўлена і дасягнута. Гэта быў геройскі ўчынак. Далёка не кожны адважыцца яшчэ раз увайсці ў адную і тую ж раку, пры гэтым выплыць пераможцам. Яна змагла, чым павысіла градус зацікаўленасці як з боку калег (цяпер яна пастаянна праводзіць майстар-класы), так і журналістаў. Прынамсі, мая матывацыя прыехаць на ўрок на Марыны Валянцінаўны значна ўзрасла. І хуткая камандзіроўка ўдалася. Урок быў, як і сама настаўніца, змястоўны, паслядоўны і жывы.

Да Віцебска ехаць амаль 4 гадзіны, я паспела на ўрок біялогіі ў 7 “В” клас. Да пачатку ўрока заставалася некалькі хвілін, таму змагла павітацца з дзецьмі, прадставіцца і папрасіць іх калі-нікалі паглядваць на мяне, каб я магла злавіць удалы фотакадр. Дзеці адгукнуліся адразу і з першых хвілін знаёмства зачаравалі сваімі ўсмешкамі і непасрэднасцю. Люблю такіх жывых і не скупых на эмоцыі вучняў. У 7 “В” іх 28. Пакуль не празвінеў званок, наталялася дзіцячым гоманам школьнага перапынку, лёгкім гармідарам, які пасля званка адразу ператварыўся ва ўпарадкаваную размову з педагогам.

Пачаўся ўрок, разам з ім — арыенціровачна-матывацыйны этап. Пасля прывітання Марына Валянцінаўна літаральна за некалькі хвілін арганізавала ўвагу навучэнцаў і настроіла іх на работу. Трэба адзна­чыць, што атрыбуты ўрока, яго абсталяванне — вучэбныя дапаможнікі па біялогіі, прадметы, якія адлюстроўвалі практычную накіраванасць тэмы, мультымедыйная ўстаноўка, уключаны экран — хутка пераключылі ўвагу сямікласнікаў і дапамаглі псіхалагічна падрыхтавацца да вучэбных зносін.

Затым настаўніца, каб сарыентаваць вучняў наконт тэмы ўрока, уключыла прэзентацыю са слайдамі. Першым быў партрэт Карла Лінея, гледзячы на якога трэба было адказаць на пытанні і здагадацца, як дасягненні гэтага навукоўца могуць быць звязаны з тэмай урока. А Карл Ліней устанавіў універсальнасць, рэальнасць відаў раслін і вы­дзеліў галоўную іх прыкмету (свабоднае скрыжаванне асобін аднаго віду), увёў асноўныя адзінкі сістэматыкі (від, род, сямей­ства, атрад, клас), па­дзяліў расліны на класы.

Сямікласнікі ўспомнілі найменшую адзін­ку сістэматыкі (від) і яе характарыстыкі. Пагаварылі разам з настаўніцай пра род раслін, пра тое, што ўсе расліны сістэматызаваны, пра ролю раслін на Зямлі. “Расліны — гэта кісларод, ежа, будаўнічы матэрыял, яны прыносяць эстэтычнае задавальненне”, — гаварылі дзеці. Вось так, ад пытання да пытання, вучні рушылі да фармулявання тэмы ўрока. А тэма гучала так: “Двухдольныя і аднадольныя расліны”. Мэтамі ўрока на мове навучэнца сталі:

  • буду ведаць асноўныя сістэматычныя групы раслін, прыкметы двухдольных і аднадольных раслін;
  • прывяду прыклады двухдольных і аднадольных раслін;
  • буду ўмець выкарыстоўваць набытыя веды для вызначэння прыналежнасці прапанаваных раслін да класаў Двухдольныя або Аднадольныя на аснове вывучаных прыкмет.

Каб актуалізаваць апорныя веды навучэнцаў, падрыхтавацца да работы на асноўным этапе ўрока, выявіць і вырашыць праблемы ва ўзроўні засваення вучнямі папярэдняга вучэбнага матэрыялу, Марына Валянцінаўна прапанавала сваім сямікласнікам выканаць заданне ўваходнага кантролю (самастойна і індывідуальна), зверыць адказы з узорам:

  1. Апладненне — працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак:
    а) так; б) не.
  1. Устанавіце адпаведнасць:
А — насенне аднадольных раслін 1 — у зародка адна

семядоля

Б — насенне двухдольных раслін 2 — у зародка дзве

семядолі

3 — насенне пакрыта

насеннай лупінай

4 — у зародка маецца карэньчык, сцяблінка, пупышачка

 

  1. Прывядзіце па 3 прыклады адна- і двухдольных раслін.
  2. Знайдзіце і выпраўце памылкі.

Адны расліны назапашваюць рэчывы ў эндасперме (пшаніца, фасоля, жыта), іншыя — у семядолях (бабы, ячмень, мак). У насенні адсутнічае вада. Насенная лупіна заўсёды зялёнага колеру.

  1. Бабуля папрасіла цябе прарасціць насенне агуркоў. На працягу тыдня ў цябе былі дадатковыя трэніроўкі (заняткі ў музычнай або мастацкай школе), і ты не паспеў прарасціць насенне. Прапануй спосаб паскарэння прарастання насення агуркоў.

Наступным этапам урока стаў аперацыйна-пазнавальны. Тут настаўніца па­прасіла навучэнцаў успомніць, якія сістэматычныя групы раслін яны ведаюць. Затым арганізавала размову пра значэнне і разнастайнасць раслін, пра іх выкарыстанне ў дзяржаўнай сімволіцы.

“Расліны настолькі важныя для чалавека, што іх выявы можна ўбачыць на дзяржаўнай сімволіцы”, — сказала Марына Валянцінаўна, а затым прапанавала ў парах выканаць творчае заданне: назваць расліны — сімвалы Беларусі. Вызначыць сістэматычны стан раслін, якія выяўлены на гербе нашай краіны і раслін — сімвалаў Беларусі (паслёна клубняноснага і васілька).

Ідзе работа ў парах. Пасля вучні прэзентуюць вынік сваёй работы на дошцы, адказваюць на пытанні настаўніцы. Вызначаюць па выявах і гербарыях прыналежнасць раслін да класаў Двухдольныя або Аднадольныя. І робяць выснову пра тое, што сустракаюцца расліны, у якіх асобныя прыкметы не супадаюць з пералічанымі (трыпутнік, вароніна вока).

Потым настаўніца прапанавала пазнаё­міцца з тэкстам вучэбнага дапаможніка і выканаць заданне на індывідуальных картках.

Індывідуальная картка 1

Устанавіце адпаведнасць

А. Аднадольныя                 Б. Двухдольныя

  1. У зародку адна семядоля.
  2. У зародку дзве семядолі.
  3. Жылкаванне дугавое.
  4. Лісце простае.
  5. Жылкаванне сеткавае або паралельнае.
  6. Лісце простае і складанае.
  7. Каранёвая сістэма валасніковістая.
  8. Каранёвая сістэма стрыжнёвая.
  9. Колькасць часткі кветкі кратная 3.
  10. Колькасць часткі кветкі кратная 4 або5.

Пасля адбываецца тэматычная фізкульт­хвілінка, пасля чаго задачай Марыны Валянцінаўны стала забяспечыць умовы для актуалізацыі ведаў пра прыкметы прадстаўнікоў розных аддзелаў раслін перад кантрольнай работай. Неабходна павысіць узро­вень усведамлення вучэбнага матэрыялу, скарэкціраваць разуменне вучнямі зместу ўрока. Вучні ўспамінаюць, што акрамя пакрытанасенных раслін, яны ўжо знаёмы і з іншымі аддзеламі. А далей зноў працуюць з індывідуальнай карткай, заданне якой дапамагае сістэматызаваць інфармацыю, бо арганізуе дзейнасць па вызначэнні прымет прадстаўнікоў розных аддзелаў раслін. Марына Валянцінаўна карэкціруе разуменне вучнямі зместу ўрока.

Індывідуальная картка 2

Устанавіце адпаведнасць

Сістэматычная група Прадстаўнік Прыкметы
I. Імхі.

 

II. Папараці

 

III. Дзераза

 

IV. Хва­шчы

 

V. Голанасенныя

 

VI. Пакрытанасенныя

1. Ядловец

2. Сфагнум.

3 Папараць

4. Хвошч лясны

5. Таполя

6. Плывун гадавы

7. Зязюлін лён

8. Сальвінія

9. Дзераза баранец

10. Хвошч балотны.

11. Сасна

12. Трыпутнік

а) пераважнае пакаленне — гаметафіт;

б) пераважнае пакаленне — спорафіт;

в) членістыя сцёблы;

г) даданыя карані;

д) адсутнічаюць карані;

е) спараносныя каласкі са спарангіямі;

ж) лісце — лісце папараці;

з) ёсць відазменены падземны парастак — карэнішча;

і) гаметафіт мае рызоіды;

к) лісце не ўдзельнічае ў фотасінтэзе;

л) у лісцях ёсць ваданосныя клеткі;

м) спарафіт у выглядзе скрыначкі на ножцы;

н) гаметафіт сілкуецца гетэратрофна;

о) гаметафіт сілкуецца аўтатрофна;

п) развіты ўсе тыпы тканін;

р) размнажаюцца насеннем;

с) ёсць кветкі і плады

Для замацавання ведаў сямікласнікам прапануецца практыка-арыентаванае заданне.

Твая мама вельмі любіць петуніі. Ты вырашыў зрабіць ёй прыемны сюрпрыз і самастойна вырасціць расаду гэтых кветак. У магазіне “Дачнік” ты купіў пакуначак насення петуніі і пакецік карыснай травы (авёс) для свайго ката. Пры пасадцы насення петуніі малодшы брат вырашыў дапамагчы і высыпаў насенне травы для ката ў ёмі­стасць з петуніяй. Як пасля прарастання насення вызначыць, дзе прыгажуня петунія, а дзе крыніца вітамінаў для ката.

Пасля яго выканання настаўніца задае вучням пытанне: “Якое практычнае значэнне маюць заданні, якія вы выконваеце на гэтым уроку?” Вучні адказваюць, прыводзяць свае доказы і прыклады.

Пачынаецца апошні этап урока — кант­рольна-карэкцыйны і рэфлексіўны. Тут вучні выконваюць тэст на праверку якасці засваення праграмнага матэрыялу, ажыццяўляюць самакантроль, выяўляюць памылкі пры выкананні задання, працуюць з лістом самакантролю. Настаўніца забяспечвае кантроль і карэкцыю выніку тэста, аналізуе ступень засваення тэмы і выкананне кагнітыўных задач урока.

Тэст выхаднога кантролю

  1. Відз’яўляеццанайменшай сістэматычнай адзінкай:
    а) так; б) не.
  1. Выберыпрыкладыдвухдольных раслін:
    а) гарох; б) жыта; В) авёс; г) агурок.
  1. Назавітрыпрыкметы аднадольных раслін.
  2. Цізаўсёдына падставе знешніх прыкмет можна аднесці расліны да двухдольных
    або аднадольных?
  3. Змадэлюйце сітуацыю, у якой вам спатрэбяцца веды аб сістэматыцы раслін.

Настаў час дамашняга задання. Марына Валянцінаўна арыентуе сваіх вучняў на самастойны выбар зместу і шляхоў выканання дамашняга задання, пры гэтым право­дзіць неабходны інструктаж. Падчас рэфлексіі дзеці гавораць пра новыя веды, каменці­руюць свае цяжкасці, аналізуюць прычыны іх узнікнення, ацэньваюць уласную дзейнасць і камфортнасць свайго стану на ўроку.

Дарэчы, на пытанне, што замінала на ўроку для больш якаснага засваення ведаў, сямікласнікі дружна адказалі: “Журналіст”. У сувязі з гэтым хачу папрасіць прабачэння ў 7 “В” за дыскамфорт, які я ім стварыла, і кампенсаваць яго прыгожымі фатаграфіямі ў газеце.

Мне ж урок вельмі спадабаўся найперш адносінамі вучняў да прадмета. Яны, дарэчы, і мне паспявалі папазіраваць, і не губляць ходу думак ні настаўніцы, ні аднакласнікаў! Іх немагчыма было падлавіць на няўважлівасці! Мяне гэта ўразіла. Сямікласнікі не проста валодаюць пэўным багажом ведаў і апелююць патрэбнай тэрміналогіяй. Яны бачаць прычынна-выніковыя сувязі, умеюць аналізаваць і рабіць паралелі з жыццём.

У канцы ўрока самыя актыўныя атрымалі свае “дзявяткі” і “васьмёркі”. Думаю, кантрольную яны напішуць добра. Прынамсі, падрыхтоўка прайшла выдатна. Мяне ўразіла і манера работы настаўніцы. Яна на працягу 45 хвілін пастаянна трымала ўвагу класа. Зваротная сувязь прысутнічала кожную хвіліну. Канечне, ёй дапамагалі сродкі навучання (прэзентацыя, нагляднасць, якая па­стаянна прысутнічала на дошцы, карткі з заданнямі), якія пераключалі на розныя віды дзейнасці. Сумаваць не было калі. Але асаблівую атмасферу ствараў настрой педагога. Яна была спакойная, засяроджаная і ўпэўненая, што задавала адпаведную танальнасць уроку.

Пасля ўрока Марына Валянцінаўна зрабіла для мяне невялікі каментарый:

— Па сваім тыпе гэта быў урок фарміравання і ўдасканалення ведаў. Від урока — камбінаваны. Формамі дзейнасці вучняў, як вы заўважылі, былі індывідуальная, парная, франтальная. Метадамі навучання сталі наглядна-вобразныя, славесныя, метады кант­ролю і самаацэнкі, рэфлексіі. На ўроку я імкнулася ствараць умовы для фарміравання вучэбна-пазнавальнай, інфармацыйнай, даследчай, прадметных кампетэнцый.

Навучальнымі задачамі ўрока былі:

  • актуалізацыя ведаў пра будову вегетатыўных і генератыўных органаў раслін і разнастайнасці раслін;
  • дапамога навучэнцам у папярэджанні і ліквідацыі лагічных памылак пры вывучэнні тэмы ўрока;
  • ажыццяўленне кантролю сфарміраванасці ўяўленняў пра асноўныя сістэматычныя групы раслін, прыкметы двухдольных і аднадольных раслін.

Задачамі асобаснага развіцця вучняў сталі:

  • на аснове актуалізацыі ведаў аб будове вегетатыўных і генератыўных органаў раслін, разнастайнасці раслін развіваць уменні параўноўваць, абагульняць, аналізаваць, структураваць інфармацыю і рабіць высновы;
  • развіццё камунікатыўных уменняў і навыкаў узаемадзеяння;
  • стварэнне ўмоў для самаразвіцця і самарэалізацыі навучэнцаў у вучэбнай дзейнасці;
  • развіццё цікавасці да біялогіі як да сродку ўдасканалення жыццёвай прасторы чалавека і будучай сферы прафесійнай дзейнасці на аснове ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей (гісторыя).

Я атрымала задавальненне ад добрай работы навучэнцаў. Яны прадэманстравалі ўсё, што мы з імі напрацавалі, пачынаючы з 6 класа. У гэтым класе дзеці разумеюць, што такое інтэнсіўная разумовая праца. Яны лёгка апелююць складанай тэрміналогіяй. Добра працуюць і ў пары, і ў групе. Невялікія недахопы былі вызначаны, але яны іх запоўняць пры выкананні дамашняга задання.

Вы адчулі, што ўрок быў вельмі інфармацыйна насычаны. Мы рыхтаваліся да кан­трольнай работы. Дзеці справіліся з пастаўленымі задачамі. Гэта добры паказчык выніковасці ўрока. Мы з імі на кожным уроку працуем з мэтавызначэннем і рэфлексіяй, таму яны ўмеюць зрабіць самааналіз і вызначыць свае дасягненні і праблемы, а таксама ахарактарызаваць умовы для максімальнага дасягнення выніку.

Увогуле, я кансерватыўны настаўнік і лічу, што адной з умоў паспяховага ўрока з’яўляецца дысцыпліна. Дзеці павінны слухаць. Некалі, калі я вучылася ва ўніверсітэце, мой выкладчык па методыцы гаварыў, што вы на працягу ўрока павінны ўтрымаць парасон над класам. Пад парасонам павінна быць кожнае дзіця. І калі вы бачыце, што яно выходзіць з-пад парасона, то павінны знайсці спосаб яго ўтрымаць.

Разам з тым я мабільны настаўнік. З задавальненнем спрабую ўсё новае, але цвёрда трымаюся думкі, што з урока вучань павінен пайсці з прыростам ведаў. А дасягнуць гэтага можна, калі навучэнец ведае, што ўрок — гэта строгая сістэма яго дзеянняў. Гэтыя дзеянні павінны прыводзіць як мінімум да добрай адзнакі і максімум да трывалых і патрэбных для жыцця ведаў.

Вельмі часта на ўроках выкарыстоўваю практыка-арыентаваныя заданні, якія выконваюцца на ўваходным кантролі, падчас урока і на выхадным кантролі, як было і на гэтым уроку. Практыкую ўрокі-дыялогі. Асабліва калі гэта клас з высокім інтэлектуальным развіццём і жыццёвым вопытам. Абавязковай умовай урока павінна быць карэкцыя і рэфлексія. Дзіця павінна разумець, чаму яно навучылася, а над чым неабходна яшчэ працаваць. Я прыхільніца таго, каб пасля майго ўрока вучань мог прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Сёння на першы план выходзяць менавіта ўменні чалавека.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.