Эмоцыі ад урока мужнасці, праведзенага шасцікласнікамі сярэдняй школы № 1 Хоцімска, не згасаюць. Гордасць за сваіх продкаў адчувалася ў кожным іх слове. На сцэне актавай залы сабраўся ўвесь клас, і ў кожнага ў руках быў партрэт. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Арына Гаравецкая, Наталля Мяньшэніна і Марк Даніленка
— Мяне завуць Арына Гаравецкая. Я вучуся ў 6 “А” класе. Яшчэ ў 5 класе мы з аднакласнікамі пачалі работу па пошуку даных аб баявых подзвігах нашых прадзедаў. Практычна ўсім удалося знайсці цікавыя звесткі. У мяне ў руках партрэт цёткі маёй бабулі Марыі Пятроўны Вінакуравай (Зіняковай). Вайна ўварвалася ў жыццё маладой дзяўчыны імкліва і жудасна. Тады яна жыла ў Маларыце Брэсцкай вобласці. Пражыўшы некаторы час на акупіраванай тэрыторыі, мая прабабуля вырашыла самастойна прабірацца ў тыл да сваіх. Праз 2 дні блукання па навакольных лясах дзяўчыну знайшлі разведчыкі партызанскага атрада і адвялі ў штаб. Атрад меў патрэбу ў медыцынскім работніку, і прабабулі прапанавалі застацца на пасадзе фельчара. Так Марыя Пятроўна стала медыкам партызанскага атрада імя Варашылава Брэсцкага злучэння брыгады імя Сталіна.
Яна мужна ваявала. У адным з баёў, рызыкуючы жыццём, вынесла з поля бою 5 параненых байцоў. Мела падзякі камандавання брыгады. 15 сакавіка 1944 года атрымала цяжкае раненне ў нагу. Партызанку пераправілі ў тыл Чырвонай Арміі. Пасля лячэння яе пакінулі пры шпіталі медыцынскай сястрой. У жніўні 1944 года Марыю Пятроўну накіравалі фельчарам і начальнікам аптэкі 601-га мінамётнага палка 207-й стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту. У складзе гэтага злучэння яна дайшла да Берліна. Узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”. Я ганаруся сваёй прабабуляй і буду захоўваць памяць пра яе”, — падзялілася дзяўчынка.
У сям’і Марка Даніленкі шануюць памяць пра яго прапрадзеда. Тут з пакалення ў пакаленне перадаецца яго апошні ліст з фронту, такі чаканы і абнадзейлівы. Акуратна скаладзены, ён захоўваецца ў спецыяльнай шкатулцы ў бабулі з дзядулем. У лісце прапрадзед Яфім расказвае пра раненне ў нагу.
— Не наканавана было майму прапрадзеду вярнуцца дадому. Ад атрыманых ран ён памёр 21 сакавіка 1945 года ў шпіталі польскага горада Меза. Пахаваны на вайсковых брацкіх могілках”, — адзначыў Марк.
Шасцікласнікі 1-й хоцімскай школы правялі каласальную пошукавую работу. Яны разам з бацькамі і класным кіраўніком Наталляй Мяньшэнінай сабралі ўнікальную інфармацыю, апрацавалі яе і цяпер прадстаўляюць на школьных мерапрыемствах і ў працоўных калектывах Хоцімска. Лісты з фронту прадзедаў, гісторыі лёсаў простых салдат і жыхароў, якія самааддана змагаліся з ворагам, ва ўсіх выклікаюць буру эмоцый. Інакш проста немагчыма, бо ўсе разумеюць, што, дзякуючы тым маленькім і вялікім подзвігам, мы можам жыць у мірнай краіне.
У 1-й хоцімскай школе грамадзянска-патрыятычны напрамак рэалізуецца і падчас летніх канікул. У навучальнай установе дзейнічае гістарычны музей, які з’яўляецца пляцоўкай для арганізацыі мерапрыемстваў для дзяцей са школьнага лагера. Музейная экспазіцыя налічвае не адну сотню эксклюзіўных экспанатаў.
— Наш музей быў адкрыты ў 1982 годзе. Яго заснавальнікам і кіраўніком з 1982 па 2010 год была настаўніца гісторыі Валянціна Іванаўна Батурына, дзякуючы якой быў сабраны ўнікальны матэрыял і экспанаты. Сёння кіраўніком музея з’яўляецца настаўніца гісторыі Алена Міхайлаўна Напрэева, якая таксама рупіцца пра новыя экспанаты і сістэматызуе знойдзенае, — адзначыла дырэктар навучальнай установы Галіна Белікава.
Музей у 1-й школе Хоцімска вельмі ўражвае. Тут, напрыклад, захоўваюцца асабістыя рэчы Сяргея Мікалаевіча Блажко, ураджэнца Хоцімска, знакамітага астранома, прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, члена-карэспандэнта АН СССР. Дарэчы, Сяргей Мікалаевіч любіў фатаграфаваць родны Хоцімск. Цяпер яго каларытныя здымкі можна ўбачыць у школе.
— Музей ствараўся і папаўняўся многімі пакаленнямі школьнікаў. Фактычна ўсе навучэнцы так ці інакш праходзілі школу музея: у ролі экскурсаводаў, афарміцеляў, у складзе групы “Пошук”. Цяпер у музеі 5 асноўных экспазіцый: “Гісторыя Хоцімска ў дакастрычніцкі перыяд”, “Усталяванне савецкай улады. Гады сацыялістычнага будаўніцтва”, “Хоцімшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Пасляваеннае аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі”, “Знакамітыя людзі Хоцімшчыны (навукоўцы, паэты, пісьменнікі)”, — адзначыла Галіна Міхайлаўна.
Пошукавая дзейнасць не спыняецца. У летнія месяцы таксама вядзецца адпаведная работа.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА