Настаўніца беларускай мовы і літаратуры лельчыцкай сярэдняй школы № 1 Алена Акуліч праводзіць з вучнямі грамадзянска-патрыятычныя мерапрыемствы, інфармацыйныя гадзіны, урокі памяці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Падчас заняткаў яна выкарыстоўвае вучэбныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Матэрыялы па тэме прадастаўляе і мясцовая пракуратура, цікавыя звесткі збіраюць вучні і педагогі школы ў працэсе даследчай дзейнасці.
У размове з вучнямі Алена Васільеўна акцэнтуе ўвагу на генацыдзе на лельчыцкай зямлі, дзе нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі спалены ўсе вёскі. Расстраляны і спалены звыш 2000 мірных жыхароў, сагнаны ў рабства 1790 чалавек, знішчана ўсё яўрэйскае насельніцтва райцэнтра. За 55 дзён раён ператварыўся ў руіны і попел, з 7314 сялянскіх двароў уцалела толькі 9. У самім пасёлку Лельчыцы спалены ўсе 473 двары. Трагедыя вёсак Мілашавічы, Прыбалавічы, Глушкавічы і Тонеж па колькасці знішчанага мірнага насельніцтва прыраўноўваецца да хатынскай. Гэтыя населеныя пункты лічацца сёстрамі Хатыні. Падрабязная інфармацыя пра гэтыя падзеі з QR-кодамі размешчана на асобных стэндах у школе.
Летась васьмікласніца Аліна Трошка пад кіраўніцтвам Алены Акуліч падрыхтавала даследчую работу “Жанчына з Палескай Хатыні”, з якой выступала на абласным патрыятычным конкурсе “Салдаты Вялікай Перамогі”. Па матывах даследавання педагог распрацавала і правяла ўрок памяці.
— Прыязджаючы ў госці да бабулі ў вёску Тонеж, я кожны раз звяртала ўвагу на манумент, у цэнтры якога — вялікі крыж, па перыметры — скульптуры дарослых і дзяцей, а на гранітнай пліце высечаны імёны людзей. Вакол мемарыяла растуць карэльскія бярозы, — гаворыць вучаніца. — З часам я даведалася пра жудасную гісторыю нашай вёскі. Бабуля пазнаёміла мяне з Таццянай Мікалаеўнай Леўкавец, загадчыцай краязнаўчага музея Тонежскай базавай школы, з Валянцінай Міхайлаўнай Сакалоўскай, былой настаўніцай мясцовай школы і краязнаўцам, са старажыламі вёскі Фядорай Нічыпараўнай Маркевіч і Надзеяй Рыгораўнай Бабёр.
У ноч з 6 на 7 студзеня ў вёсцы Тонеж адбылося вялікае кровапраліцце… у царкве. Факты той страшнай ночы засталіся занатаванымі на паперы са слоў адзінай цудам выжыўшай сведкі — Таццяны Андрэеўны Бароўскай. Аднавяскоўцы, успамінаючы Таццяну Андрэеўну, гавораць, што не бачылі на яе твары ўсмешкі, а слёзы з яе вачэй цяклі часта. Вучням, якія прыходзілі да старой жанчыны дапамагаць па гаспадарцы, яна, плачучы, расказвала пра жахі вайны, гаварыла, што кожны дзень ёй чуецца свіст куль і што ў гады вайны яна страціла самае дарагое — чацвярых дзяцей. Жыхары вёскі памятаюць, што Таццяна Бароўская часта прыходзіла на месца трагедыі і падоўгу стаяла, ці то гаварыла з дзецьмі, ці то малілася.
…Немцы загадалі людзям зайсці ў царкву, распрануцца да нацельнай бялізны, затым паставілі ў аконныя праёмы кулямёты. Жанчыны прыціскалі да сябе дзяцей, некаторыя станавіліся на калені і маліліся. Раздаліся выстралы. Вяскоўцы кідаліся ад аднаго акна да другога. Галасілі жанчыны, прыкрываючы сабой дзяцей. Натоўп радзеў з кожнай мінутай. Параненая, Таццяна Андрэеўна апынулася пад целамі забітых. Страціла прытомнасць, так і праляжала да вечара. Калі апамятавалася, паспрабавала выбрацца з будынка. Дзверы царквы былі замкнуты. Яна падцягнула да высокага акна трупы забітых і па іх забралася наверх.
Аднавяскоўцы, якім удалося схавацца ў лесе, падабралі жанчыну, дапамаглі ёй і праз пэўны час адправілі да партызан. А немцы зрабілі “абход” па вёсцы — кожны дом аблівалі бензінам і падпальвалі. Падпалілі і царкву. Перажыўшы жудасную ноч, 30-гадовая жанчына ўмомант пасівела. І толькі вясной 1943 года, калі партызаны ўвайшлі ў вёску, Таццяна Бароўская разам з аднавяскоўцамі, якія пазбеглі крывавай расправы, схаваўшыся ў лесе, вярнулася, каб пахаваць абгарэлыя астанкі землякоў, сярод якіх былі і яе дзеці.
У 1977 годзе рэжысёр Валерый Рыбароў стварыў дакументальны фільм “Тонежскія бабы”, у якім з вялікім спачуваннем расказаў пра пасляваеннае адзінокае жыццё трох жанчын, сярод якіх і Таццяна Бароўская. Гэты фільм вучні паглядзелі падчас урока памяці і былі моцна ўражаны. Напрыканцы ўрока памяць аб загінуўшых жыхарах вёскі Тонеж ушанавалі мінутай маўчання.
У 1994 годзе на месцы, дзе быў забіты і спалены 261 жыхар вёскі Тонеж, створаны мемарыяльны комплекс, на гранітнай пліце якога высечаны імёны расстраляных і спаленых людзей. Вакол манумента высаджана 108 дрэўцаў карэльскай бярозы. Іх колькасць сімвалічная — менавіта столькі дзяцей расстралялі і спалілі ў будынку царквы, прычым 33 з іх не было яшчэ і пяці гадоў.
Таццяна Андрэеўна Бароўская пражыла доўгае жыццё, 95 гадоў, адзінока ў маленькай хатцы на ўскрайку вёскі. Пахавана на грамадскіх могілках у вёсцы Тонеж. Вучні мясцовай школы прыходзяць на яе магілу, прыносяць кветкі, прыбіраюць.
Надзея ЦЕРАХАВА