«Урокі з акіяна»: мінскім гімназістам прадаставілася ўнікальная магчымасць пагутарыць з кругасветнымі падарожнікамі

- 11:08Новости

Днямі ў сталічнай гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе прайшоў круглы стол «Урокі з акіяна». Навучэнцы і педагогі сустрэліся з членам савета Томскага абласнога аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства Пятром Кандаковым і старшынёй Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксеем Яротавым, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Па словах дырэктара гімназіі № 5 Жанны Гвозд, ва ўстанове шмат дзяцей, якія цікавяцца геаграфіяй і геалогіяй (геалагічная каманда гімназіі з’яўляецца неаднаразовай пераможцай і прызёрам рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў) і актыўна супрацоўнічаюць з Беларускім геаграфічным таварыствам, яно і прапанавала паўдзельнічаць ва «Уроках з акіяна». Праект распрацаваны і рэалізуецца Томскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства ў межах экстрэмальнага кругасветнага падарожжа «Па шляху рускіх кругасветных мараплаўцаў» Яўгена Кавалеўскага і Станіслава Бярозкіна. Заняткі праводзяцца ў анлайн-фармаце з прыцягненнем сучасных падарожнікаў, якія ўдзельнічаюць у экспедыцыях па сусветным акіяне. Школьнікі з усяго свету могуць задаць пытанні навукоўцам вядучых універсітэтаў, падарожнікам і даследчыкам.

Ва «Уроку з акіяна», які быў прысвечаны Арктыцы, прынялі ўдзел гімназісты пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Надзеі Горбік. З кіраўніком гэтага праекта Юліяй Калюжнай старшакласнікі вывучылі гісторыю асваення Арктыкі, жывёльны і раслінны свет, даведаліся пра подзвігі расійскіх навукоўцаў-першаадкрывальнікаў і разабраліся ў тэме этнасу, карэннага насельніцтва і рэсурсаў самай паўночнай тэрыторыі. На сувязь выйшаў этнограф Мігель Анхель з Іспаніі. Ён расказаў пра сваё падарожжа на Паўночны полюс і зносіны з карэннымі народамі. Акрамя гэтага, гімназісты даведаліся пра важнасць Паўночнага марскога шляху, які скарачае час перавозкі, у адрозненне ад аналагічных маршрутаў, але небяспечны з-за раставання льдоў і айсбергаў. Навучэнцам прадаставілася ўнікальная магчымасць пагаварыць з кругасветнымі падарожнікамі Я. Кавалеўскім і С. Бярозкіным, а таксама з навукоўцамі Арктычнага і антарктычнага навукова-даследчага інстытута. Аповед Я. Кавалеўскага і яго каманды быў настолькі цікавым і матывуючым, што ўсе ўдзельнікі мерапрыемства загарэліся ідэяй стаць мараплаўцамі і вандроўнікамі. Яўген Кавалеўскі паабяцаў старшакласнікам пасля экспедыцыі прыехаць у Мінск.

Госці адзначылі ўклад сістэмы адукацыі сталіцы ў рэалізацыю праекта і ўручылі ўдзельнікам сувеніры і падзякі. А Аляксей Яротаў прапанаваў на базе гімназіі адкрыць маладзёжнае крыло Беларускага геаграфічнага таварыства.

Мы рады, што далучыліся да гэтага праекта. Яго ўнікальная асаблівасцьмагчымасць убачыць свет вачыма сучасных мараплаўцаў і атрымаць ад іх актуальныя і прыдатныя ў жыцці геаграфічныя веды. Навучэнцаў найперш прыцягвае тое, што замест школьных падручнікаў прапаноўваецца інтэрактыўная пазнавальная дзейнасць, а замест лекцыйжывыя зносіны з падарожнікамі XXI стагоддзя, — адзначыла Жанна Гвозд.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены гімназіяй № 5 Мінска