Усе — на лыжы

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

27 лютага на лыжаролернай трасе “Вяснянка” ў Мінску прайшло рэспубліканскае спартыўна-масавае мерапрыемства “Усебеларуская студэнцкая лыжня — 2021”. У ім удзельнічалі 196 чалавек з устаноў вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Студэнты аб’ядноўваліся ў каманды па 4 чалавекі (два мужчыны і дзве жанчыны), каб прабегчы біятлонныя і лыжныя эстафеты. У абедзвюх гонках стартавалі спартсмены з 20 УВА. У біятлоннай эстафеце кожны ўдзель­нік пераадолеў 1,5 км і прайшоў адзі­н агнявы рубеж. Першыя два этапы беглі жанчыны, апошнія два — мужчыны. Пераможцай стала каманда Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, 2-е месца заняла каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, 3-е — каманда Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

“На гэтых спаборніцтвах галоўнае — не падвесці сваю каманду, — адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. — Тут важны і комплексны падыход да трэніровак, і сіла духу ў спартсменаў”.

У лыжнай эстафеце такія ж умовы, што і ў біятлоннай, толькі няма агнявога рубяжа. “Золата” зноў здабыла зборная МДУ імя А.А.Куляшова, “серабро” адышло БДУФК, а “бронза” — БДПУ імя Максіма Танка.

“Наша каманда па біятлоне складалася з Настассі Шаманоў­скай, Віялеты Баранавай, Аляксандра Петухова і Рамана Мураўёва, па лыжным спорце — з Настассі Шаманоўскай, Віялеты Баранавай, Уладзіслава Грыбава і Арцёма Драчэнкі, — расказвае трэнер магілёўскай каманды выкладчык-стажор кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання МДУ імя А.А.Куляшова Юрый Кучараў. — Самае цяжкае ў падрыхтоўцы і на спаборніцтвах — гэта надвор’е. Ішоў дождж, мы гэтага чакалі, таму лыжы прыйшлося рыхтаваць з вечара. Спартсмены дапамагалі мне зрабіць базавыя рэчы: пачысціць лыжы, заліць парафінам. Астатнім я займаўся сам. Наносіў адзі­н від парафіну, чакаў, пакуль ён застыне, знімаў, наносіў другі від, знімаў, накладваў парашок, розныя віды эмульсій, накаткі, якія не дазваляюць лыжам набіраць ваду. На кожную пару пайшло ад 30 мінут да гадзіны. Гэта вялікая праца. У вялікім спорце лыжы апрацоўвае спецыяльны чалавек, у студэнцкіх камандах — трэнер. Я навучыўся гэтаму ад свайго трэнера, сам вырас у трэнера і цяпер перадаю веды маім спартсменам”.

Сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў біятлоннай гонцы лепшай стала каманда гімназіі № 21 Мінска, 2-е месца заняла гімназія № 10 Мінска, 3-е — сталічная гімназія № 16.

“Цудоўна, што існуюць такія святы, як Усебеларуская студэнцкая лыжня. Яна аб’ядноўвае ўсе катэгорыі людзей, — лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч. — Можна сказаць, што сёння тут усе пераможцы, бо яны прыехалі на спаборніцтвы, каб атрымаць зарад энергіі і пазітыву”.

Нагадаем, арганізатары спаборніцтваў — Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Беларуская асацыяцыі студэнцкага спорту і Беларуская асацыяцыя школьнага спорту.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Марыі КАЖДАН і БелТА.