Удзел ва ўборачнай кампаніі прымае працоўны дэсант Каменскай сярэдняй школы з настаўнікаў, выхавальнікаў і тэхнічнага персаналу, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
На зернесушыльным комплексе СЗАТ “Горы” зараз самая гарачая пара. Ад камбайнаў з палёў сюды бясконцым патокам прыбываюць грузавыя аўтамабілі, поўныя збожжа. Магутныя сушылкі працуюць бесперапынна, за суткі тут перапрацоўваецца каля 160 тон зерневых культур.

— Улетку аграрыі маюць асаблівую патрэбу ў дадатковых рабочых руках. Вырашчаны хлеб неабходна зладжана ўбраць і змясціць у сховішчы. Калі да нас звярнулася мясцовае сельгаспрадпрыемства, адразу адгукнуліся, вырашылі аказаць падтрымку, унесці ўклад у важную для ўсёй краіны справу, — паведаміла дырэктар школы Алеся Забіркова.
Адзінай камандай пад кіраўніцтвам Алесі Уладзіміраўны на збожжатаку плённа працуюць настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Шастакова, настаўніца матэматыкі Галіна Цуп, настаўнік фізкультуры Мікалай Шакуноў, настаўніца пачатковых класаў Алена Петрачэнка, намеснік дырэктара Наталля Сазонава, выхавальнікі Наталля Бандарэнка, Раіса Балышкіна, Валянціна Глебка і дзевяць тэхнічных работнікаў. Калектыў распрацаваў спецыяльны графік, штодня на вахту заступаюць па тры чалавекі.
— Мы задзейнічаны на вячэрніх зменах, бо асноўную работу ніхто не адмяняў. Трэба было падрыхтаваць школу да новага навучальнага года. Днём праводзілі рамонт, а з 18 і да 22—23 гадзін шчыравалі на збожжатаку. Часам даводзілася затрымлівацца і дапазна. Цяжкасці пераадольваем талакой. Сумеснымі намаганнямі абнавілі будынак школы, атрымалі пашпарт гатоўнасці. Разам працуем і на зернесушыльным комплексе, — расказала Алеся Забіркова.
…Пакуль гутарым, на збожжаток заязджае грузавік. Літаральна хвіліна — і з кузава на пляцоўку золатам сыплецца пшаніца. Гара збожжа пераліваецца пад сонечнымі промнямі ў чаканні перапрацоўкі. Гэта зона адказнасці атрада педагогаў.
— Абавязкаў у нас хапае. Рыхтуем зерне да сушкі, займаемся яго сартаваннем, падтрымліваем належны парадак на тэрыторыі. Выконваецца гэта ў аператыўным рытме, але мы спраўляемся. Асабіста я з працай хлебаробаў знаёма з дзяцінства: бацька працаваў у сельскай гаспадарцы. Як і ў многіх калег, у мяне ёсць агарод. Значнасць своечасовай уборкі ўраджаю ведаем не па чутках, стараемся захаваць кожнае зярнятка. Бывае, стамляемся, але прыемна ўсведамляць, што ў разнастайнасці хлебабулачных вырабаў на прылаўках магазінаў будзе і наша заслуга, — адзначыла настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Шастакова.
З надыходам верасня педагогі зноў вернуцца ў вучэбныя класы. У Дзень ведаў яны плануюць падрабязна расказаць вучням, як нялёгка даецца людзям хлеб і якую каштоўнасць мае праца аграрыяў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





