Установа ўзорнай якасці і парадку: што спрыяе поспеху, ведае дырэктар навагрудскай гімназіі Святлана Аляхновіч

- 12:15Персона

Гімназія № 1 Навагрудка — неаднаразовая пераможца раённага конкурсу “Установа ўзорнай якасці і парадку”, у тым ліку і па выніках мінулага года. Што дазваляе займаць лідзіруючыя пазіцыі і як прывесці педагагічны калектыў да поспеху, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар гімназіі Святлана Аляхновіч.

Святлана Аляхновіч узначальвае гімназію № 1 Навагрудка 11 гадоў. Да гэтага настаўніца гісторыі і грамадазнаўства прайшла ўсе ступені прафесійнага росту. Пачынала з выхавальніцы ў гандлёва-эканамічным каледжы, потым выкладала ў спецшколе-інтэрнаце, у спецыяльнай школе для дзяцей з парушэннямі маўлення, працавала сацыяльным педагогам у сярэдняй школе № 6. Затым стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а праз некаторы час — па навукова-метадычнай.

— Аснова любога поспеху — людзі, адданыя сваёй справе. У нас у гімназіі склаўся творчы калектыў педагогаў, неабыякавых, натхнёных, ініцыятыўных. Пераканана, што толькі людзі, якія па-сапраўднаму любяць сваю работу, ідуць да адной мэты, могуць быць камандай. Мне вельмі пашанцавала, што ў такой камандзе працуюць намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Паламарчук, Вольга Зяньковіч, Людміла Прахарэвіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Шолк.

У нас склалася вельмі моцная кафедра настаўнікаў пачатковых класаў. Падаючы дакументы ў 1 клас, бацькі звычайна ідуць да канкрэтнага настаўніка, бо сарафаннае радыё ў горадзе працуе добра. Паспяхова рыхтуюць навучэнцаў да алімпіяд і конкурсаў настаўніца хіміі Вольга Амельяновіч, настаўніца біялогіі Святлана Новік, настаўніца матэматыкі Наталля Вайтовіч, настаўнік інфарматыкі Леанід Самайловіч. Працу­юць на вынік настаўнік тэхнічнай працы Андрэй Саўка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Апалонік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Манкевіч, настаўнікі англійскай мовы Вольга Кунашка, Ірына Лазоўская, настаўніца геаграфіі Алена Грыц.

Мае дзверы заўсёды адчынены для крэатыўнай, ініцыятыўнай моладзі, яе слушныя ідэі падтрымліваюцца і ўвасабляюцца ў жыццё.

З імі яшчэ раз пераконваешся ў тым, што настаўніцкая прафесія не манатонная, сумная, а цікавая, змястоўная, насычаная яркімі эмоцыямі і ўражаннямі, кожны дзень у ёй адкрываюцца новыя грані. Мы і дызайнеры, і рамонтнікі, і філосафы, і сацыёлагі, і псіхолагі… У нашай прафесіі побач з моладдзю ты заўсёды застаешся маладым, самаразвіваешся.

Жыццё як рух наперад

— Святлана Іванаўна, якімі прынцыпамі кіруецеся пры кіраванні калектывам?

Дэвіз маёй работы — “Усё жыццё — рух наперад”, і важна не баяцца пачынаць штосьці новае. Менавіта таму ўжо больш за дзесяцігоддзе наша ўстанова прымае актыўны ўдзел у інавацыйных і эксперыментальных праектах. Важна таксама ніколі не спыняцца на тым, чаго ўжо дасягнуў. Няма нічога ідэальнага, трэба штосьці пастаянна ўдасканальваць. Новае пакаленне вучняў, новыя педагогі, новыя адносіны.

У прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў спалучаю адзінапачатак з калегіяльнасцю. Абавязкова выслухоўваю меркаванні ўсіх. Бывае, што даводзіцца прымаць рашэнне, якое пойдзе на карысць дзецям і педагогам, але ў цяперашні момант асноўнай масай калег не падтрымліваецца. І тут яшчэ адзін важны прынцып: не нашкодзь агульнай справе! Добра працаваць за чыёй-небудзь спінай, а калі менавіта табе трэба прымаць канчатковае рашэнне — няпроста. Памятаю, як у першы год дырэктарства найбольш складана было ўзяць адказнасць на сябе. Калі ты працаваў толькі ў адным напрамку — гэта адно, а калі табе трэба быць і метадыстам, і гаспадарнікам, і педагогам, і арганізатарам, і менеджарам — зусім іншае. Неабходна было навучыцца хутка пераключацца з адной праб­лемы на другую — вучыцца працаваць у рэжыме многазадачнасці.

Абавязкова важны асабісты кантакт з кожным работнікам. З калегамі неабходна размаўляць, калі трэба — перакон­ваць, падтрымліваць, а калі і паўшчу­ваць. У мяне роўны падыход да ўсіх. Выкарыс­тоўваю розныя стымулы для матывавання творча працуючых настаўнікаў. І калі часам матэрыяльна не заўсёды атрымліваецца заахвоціць, то сказаць лішні раз дзякуй не перашкодзіць.

Ды і дырэктару важна ў калектыве сваім прыкладам паказваць, як можна дабіцца тых альбо іншых вынікаў у алімпіядным руху, у даследчай дзейнасці, у інавацыйнай рабоце. Я найперш настаўнік, а потым ужо дырэктар, бо лічу, калі не настаўнічаць, можна страціць прафесійную кваліфікацыю. Іншы раз і сабе даказваеш, што можаш быць карысным і вучням, і ўстанове.

— У жыцці людзі любяць перамагаць. На пасадзе дырэктара якія сітуацыі вы лічыце перамогай, а якія — паражэннем?

— Перамогай лічу тое, што ў нас сфарміраваўся зладжаны высокапрафесійны калектыў. Гімназія мае прэстыж, імя ў раёне і вобласці. Радуюць і натхняюць перамогі навучэнцаў на конкурсах, канферэнцыях, у алімпіядным руху. А таксама поспехі ў прафесійным развіцці настаўнікаў.

Паражэнне — немагчымасць змяніць сітуацыю, няспраўджаныя надзеі ў адносінах да вучняў, да настаўнікаў. Напрыклад, вельмі засмучае, калі дзіця выбрала прафесію, адвучылася, а потым не працуе па спецыяльнасці. Разумееш, што дзесьці недапрацаваў, падказаў не той кірунак.

З-за паражэнняў мы перажываем, але, пераканана, не трэба баяцца іх. Яны нас робяць мацнейшымі. Неабходна зрабіць правільныя высновы і пачынаць з чыстага ліста рухацца наперад.

— Святлана Іванаўна, назавіце самы важны ўрок, засвоены вамі падчас работы дырэктарам.

— Заставацца чалавекам, не быць высакамерным. Быць такім, якім быў да прызначэння на пасаду, быць сумленным перад людзьмі і перад самім сабой.

Чым бліжэй ты з людзьмі, тым лягчэй узаемадзейнічаць і дасягаць чагосьці. Я не саромеюся падысці і запытацца ў настаўніка, нават у маладога, калі чагосьці не разумею.

Сёння я павучуся ў яго, а заўтра сама змагу камусьці дапамагчы і падказаць. Я магу прызнаць сваю памылку і сказаць: “Так, прабачце, я не мела рацыі”.

“Навагрудскія самаробкі”, “Вытокі” і іншыя

— Што ў гімназіі выклікае асаблівую гордасць?

— Наша гімназія — лідар у раёне ў алімпіядным руху. Сёлета дзесяцікласнік Антон Манько заваяваў дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. На абласным этапе алімпіяды адзінаццацікласнік Ягор Бушміч узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені па тэхнічнай працы (настаўнік Андрэй Саўка), Антон Манько — дыпломам ІІ ступені па інфарматыцы (настаўнік Леанід Самайловіч), дзесяцікласнік Раман Ляцко — дыпломам ІІІ ступені па геаграфіі (настаўніца Алена Грыц).

На абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер” нашы вучні заваявалі агульнакаманднае 1-е месца. А на рэспубліканскіх спаборніцтвах Караліна Раманюк заняла 2-е месца, а Яўген Масюк — 3-е. 

У нас ёсць свая танцавальна-сцэнічная група “Бурлеск”, якой кіруе Таццяна Родзька. Яе выхаванцы — пастаянныя ўдзельнікі раённых, занальных, абласных аглядаў-конкурсаў дзіцячай творчасці. Гімназічная каманда “Эверэст” — неаднаразовая пераможца інтэлектуальных турніраў на пераходзячы кубак клуба “Навагрудскія волаты”, абласнога этапу асінхроннага турніру “Што? Дзе? Калі?”.

Асаблівая гордасць гімназіі — два музеі: гісторыка-краязнаўчы“Вытокі”, якім кіруе настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Людміла Малуха, і этнаграфічны “Музей ільну і быту” (кіраўнік — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Каратай). Яны ствараліся з мэтай захапіць вучняў гісторыяй роднага краю, выхаваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага, выклікаць цікавасць да набыцця гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных ведаў.

На базе музеяў працуе аб’яднанне па інтарэсах “Народная спадчына”. Гімназісты вывучаюць фальклор беларускага народа, побыт, рыхтуюць і праводзяць экскурсіі. У музеях вядзецца даследчая дзейнасць, для вучняў праводзяцца інфармацыйныя гадзіны, урокі, віктарыны, музычныя кампазіцыі, акцыі, святы, экскурсіі і інш.

Наша гордасць таксама і бізнес-кампанія “Навагрудскія самаробкі”, якой кіруе нас­таўніца абслуговай працы Людміла Аляшкевіч і якая спецыялізуецца на вырабе сувенірнай прадукцыі. Сёлета хлопцы рабілі лялек для тэатра “Батлейка” ў межах інавацыйнага праекта, які рэалізуецца ў гімназіі. У наступным годзе акцэнт будзе зроблены на пашыве адзення для лялек дзяўчатамі. Апошнія два гады ў кампаніі задзейнічаны вучні 5—6 класаў (у межах аб’яднання па інтарэсах). Для іх гэта магчымасць рэалізаваць свае творчыя здольнасці, а таксама зарабіць першыя грошы. 

Станоўчыя вынікі

— Гімназія доўгі час працуе ў інавацыйным рэжыме. А які праект вы лічыце самым карысным?

Гэта эксперыментальны праект “Апрабацыя эксперыментальных інтэграваных вучэбных планаў і вучэбных праграм пры арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання”, які мы завяршылі летась. Распрацаваныя намі эксперыментальныя вучэбныя планы складзены з выкарыстаннем блочна-модульнага падыходу да вывучэння няпрофільных прадметаў. Так, навучэнцы 10-х класаў вывучаюць на базавым узроўні хімію ў колькасці 3 вучэбных гадзін у тыдзень і завяршаюць яе вывучэнне. Біялогію на базавым узроўні яны вывучаюць у колькасці 3 вучэбных гадзін у тыдзень у 11 класе. Прадмет “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” вывучаецца толькі ў 10 класе і ў колькасці 35 гадзін у другом паўгоддзі. Скарочана вывучэнне на базавым узроўні фізікі да 3 вучэбных гадзін у тыдзень.

Падыход, які выкарыстоўваецца пры пабудове вучэбных планаў для цыкла няпрофільных вучэбных прадметаў, дазваляе ліквідаваць перагрузку навучэнцаў, бо вучэбныя прадметы, на вывучэнне якіх у тыпавым вучэбным плане адводзіцца 1 гадзіна на тыдзень на працягу двух гадоў, асвойваюцца на працягу аднаго навучальнага года альбо аднаго паўгоддзя. Такі падыход скарачае колькасць прадметаў, якія адначасова вывучаюцца, дае магчымасць кампактна прадставіць невялікія па аб’ёме вучэбныя курсы.

Настаўнікамі-прадметнікамі распраца­ваны вучэбныя праграмы па прадметах, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі. На павышаным узроўні навучэнцы вывучаюць матэматыку, фізіку, біялогію, хімію, грамадазнаўства, рускую і англійскую мовы, дзе колькасць вучэбных гадзін у тыдзень павялічана на 1—3 у параўнанні з тыпавым вучэбным планам. У апошні год павялічылі гадзіны на вывучэнне на базавым узроўні рускай і беларускай мовы.

Падчас рэалізацыі праекта атрыманы станоўчыя вынікі. Павысіўся сярэдні бал атэстатаў гімназістаў. Вялікая колькасць навучэнцаў здалі ЦЭ і ЦТ на 90 і больш балаў. Сфарміраваны новыя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. 

— З якімі вынікамі гімназія завяршыла навучальны год?

Мінулы навучальны год даў нам магчымасць праявіць сябе ў новым інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра “Батлейка”), які разлічаны да 2026 года. Сутнасць праекта — на традыцыях батлейкі выхоўваць маральныя якасці наву­чэнцаў.

Гімназія стала ўдзельніцай рэспубліканскага праекта “Мой школьны футбольны клуб”, ідэя якога — прасоўванне каштоўнасцей масавага футбола ва ўстановах адукацыі.

На базе 10-х класаў сёлета была адкрыта інжынерная група. Па традыцыі ў нас на старшай ступені арганізоўваецца мультыпрофільнае навучанне, якое дае магчымасць вучням якасна падрыхтавацца да паступлення ва УВА (6—7 прадметаў вывучаюцца на павышаным узроўні за кошт гадзін факультатыўных і стымулюючых заняткаў).

Сёлета мы выпусцілі ў дарослае жыццё 63 дзевяцікласнікі (тры класы) і 32 адзінаццацікласнікі (два класы). Шэсць выпускнікоў атрымалі атэстат з адзнакай. Дарэчы, па выніках ЦЭ ўжо ў скарбонцы нашых гімназістаў пяць стабальных вынікаў: у Паўла Мантуша (па хіміі і беларускай мове), Настассі Сусла па хіміі (настаўніца Вольга Амельяновіч), Улады Калнацкай па грамадазнаўстве (настаўніца Алена Саракапыт), у Арцёма Ліцвіна па беларускай мове. А па беларускай мове 7 чалавек паказалі вынік 90 і вышэй балаў (настаўніца Таццяна Апалонік).

Зараз зоймемся падрыхтоўкай гімназіі да новага навучальнага года. Праводзім касметычныя рамонты вучэбных кабінетаў, абнаўляем фасад будынка. Плануем таксама аформіць кабінет патрыятычнага вы­хавання. 

З індывідуальным падыходам

— Вашы парады маладым кіраўнікам, якія толькі пачынаюць свой шлях на пасадзе дырэктара.

— Не баяцца цяжкасцей. Усё можна пераадолець! Не баяцца дэлегаваць паўна­моцтвы. Шукаць індывідуальны падыход да кожнага работніка.

На мой погляд, сучаснаму маладому дырэктару павінны быць уласцівы такія асобасныя і прафесійныя якасці, як наяўнасць лідарскіх якасцей; мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць і адданасць справе; жаданне і ўменне успрымаць новыя ідэі, бачыць перспектыву дзейнасці і весці калектыў да поспеху; здольнасць браць на сябе адказнасць; мабільнасць, добрыя арганізатарскія здольнасці, клопат пра людзей і пра справу, а таксама пачуццё справядлівасці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара