Установы адукацыі Гомельшчыны прымаюць актыўны ўдзел у акцыях «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

- 11:20Новости

Ад маленькага важнага ўчынку — да вялікіх добрых спраў: у рэспубліканскіх дабрачынных акцыях “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы” актыўны ўдзел прымаюць установы адукацыі Гомельшчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Не шкадуючы дабрыні душэўнай

Ужо больш за чвэрць стагоддзя па ініцыятыве і пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы па ўсёй краіне праводзіцца навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Задача гэтага марафону дабра, з аднаго боку, акружыць цеплынёй і клопатам маленькіх грамадзян нашай краіны, якія апынуліся ў няпростых жыццёвых сітуацыях і якім сапраўды патрэбны пэўная дапамога і ўвага ў святочныя дні, а з другога — заахвоціць адораных дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, спорце і грамадскім жыцці. Навагоднія мерапрыемствы праводзяцца ва ўсіх раёнах вобласці. Так, таленавітая моладзь — навучэнцы Гомельскага кадэцкага вучылішча — ужо прынялі ўдзел у навагоднім балі, таксама старшакласнікі вальсіравалі на губернатарскім балі. Дарэчы, 50 навучэнцаў, якія дасягнулі вышынь у інтэлектуальнай і творчай дзейнасці, былі ўзнагароджаны прэміямі Гомельскага аблвыканкама па падтрымцы таленавітай моладзі, што ўручыў губернатар Іван Крупко.

У Палац Рэспублікі былі запрошаны дзеці, якія маюць поспехі ў вучэбнай, творчай, спартыўнай дзейнасці, дзеці розных сацыяльных катэгорый (сіроты, інваліды, дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, сем’яў бежанцаў з Украіны). Юнакі, якія пражываюць у раёнах, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльс­кай АЭС,
удзельнічалі ў рэспубліканскай дабрачыннай праграме: цудоўнае мерапрыемства адбылося на базе Гомельскага дзяржаўнага цырка. На базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі дзеці педагагічных работнікаў — 80 хлопчыкаў і дзяўчынак — прынялі ўдзел у рэспубліканскім навагоднім свяце. 4 студзеня дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця, з мнагадзетных сем’яў, дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, чакала сапраўднае казачнае свята ў Палацы Незалежнасці.

Больш за 240 тысяч дзяцей Гомельшчыны — удзельнікі навагодняй рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. У рамках марафону дабра праходзяць дабрачынныя мерапрыемствы для навучэнцаў, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, мнагадзетных сем’ях, сацыяльных прытулках, школах-інтэрнатах, з удзелам прадстаўнікоў улады і грамадскіх арганізацый. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў (2656 дзяцей), дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (2568 дзяцей), дзецям-інвалідам (каля 6 тысяч) і дзецям, якія пражываюць у мнагадзетных сем’ях (больш за 63 тысячы). Традыцыйна ў Гомельскай вобласці аказваецца дапамога дзецям-сіротам з ліку навучэнцаў каледжаў. Так, 310 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі ад упраўленняў, камітэтаў, прадпрыемстваў і арга­нізацый вобласці падарункавыя сертыфікаты на суму 50 рублёў у буйной гандлё­вай сетцы магазінаў. Навучэнцы Гомельскага рэгіёна працягваюць удзельнічаць у святах рэспуб­ліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.

Да віншаванняў далучыўся кіраўнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. Так, навучэнцам Прыборскага дзяржаўнага каледжа былі ўручаны падарункавыя сертыфікаты і салодкія сюрпрызы.

Акружылі клопатам

Ні адно дзіця Гомельскай вобласці не засталося без увагі, аднак і аб старэйшым пакаленні паклапаціліся. Так, педагогі Жлобіншчыны далучаюць навучэнцаў да аказання падтрымкі і дапамогі дзецям і пажылым людзям. Рэспубліканскія акцыі мелі вялікі ахоп і выклікалі непадробленую цікавасць.

Паводле слоў галоўнага спецыяліста па выхаваўчай рабоце аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Наталлі Сяргеевай, у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” клуб “Лідар” Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”, падлеткавы парламент, дзіцячая палата раённага савета БРПА, прадстаўнікі БРСМ наведалі Жлобінскі цэнтр карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі. Дзеці з клуба “Лідар” традыцыйна ўдзельнічаюць у піянерскіх справах, зараджаючы ўсіх энергіяй творчасці, добрым настроем і звонкім смехам. Гэтым разам яны падрыхтавалі сюжэтна-гульнявую праграму “Няхай Новы год прыносіць цуд”. Разам з казачнымі героямі хлопцы і дзяўчаты гулялі ў навагоднія гульні, танцавалі, спявалі, расказвалі Дзеду Марозу вершы. У канцы свята навучэнцам цэнтра ўручылі навагоднія падарункі, якія падрыхтавалі савет старшакласнікаў, падлеткавы парламент і піянерскія дружыны школ горада.

Актывісты піянерскай дружыны імя Лізы Чайкінай Пірэвіцкай сярэдняй школы ў рамках акцыі “Ад усёй душы” наведалі тэрапеўтычнае аддзяленне Пірэвіцкай сельскай участковай бальніцы, дзе зараз праходзяць лячэнне 19 адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей.

— У навагоднія і калядныя святы ніхто не застанецца без увагі, — сказала Наталля Пятроўна. — Мы не павінны забываць пра тых, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе. Разам з вучнямі ў нас атрымалася стварыць для бабуль і дзядуляў навагоднюю атмасферу, падарыць часцінку цяпла, бо ім патрэбна не толькі рэальная дапамога, але і простыя зносіны і душэўныя размовы.

Таксама навучэнцы валанцёрскага атрада “Стварай дабро”, атрад цімураўцаў “Юныя памочнікі”, члены БРСМ сярэдняй школы № 2 Жлобіна з канцэртнай праграмай і навагоднімі падарункамі наведалі Хальчанскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для саста­рэлых і інвалідаў. З віншаваннямі і падарункамі навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 10 Жлобіна адправіліся ў Жлобінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр. На канікулах эстафету дабра перанялі выхаванцы сярэдняй школы № 11, якія наведалі дзяцей у сацыяльна-педагагічным цэнтры. Педагогі і навучэнцы гімназіі № 1 штогод з самымі цёплымі пачуццямі прыходзяць у госці да выхаванцаў Жлобінскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. А прадстаўнікі сярэдняй школы № 9 праяўляюць клопат і ўвагу да людзей у Хальчанскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце і Кіраўскай бальніцы, наведваючы іх з канцэртнай праграмай і падарункамі.

У дні навагодніх свят важна адкласці руціну на потым і акружыць клопатам прадстаўнікоў старэйшага пакалення, а таксама маленькіх грамадзян нашай краіны. Навагоднія паказы і казачныя героі запальва­юць агеньчыкі радасці ў вачах людзей ад малога да вялікага.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА