Падчас летніх канікул пытанням падрыхтоўкі да новага навучальнага года ўдзялялася прыярытэтная ўвага. Усе педагагічныя калектывы загадзя вызначыліся з шэрагам рамонтных работ і зладжана працавалі над іх выкананнем, паведаміла карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Круглянскага райвыканкама Марына Токарава.
Па яе словах, на падрыхтоўчыя работы з раённага бюджэту было выдаткавана звыш 246 тысяч рублёў. Істотнай падтрымкай у 26 тысяч рублёў стала дапамога спонсараў і грошы ад пазабюджэтнай дзейнасці.
— Сродкі былі накіраваны на касметычныя рамонты, замену вучэбнай мэблі і абсталявання, навядзенне парадку на спартыўных пляцоўках і стадыёнах, набыццё вучэбных дапаможнікаў і неабходнага інвентару. Найбольш маштабныя работы разгарнуліся ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра, дзе абнавілі фасад будынка. У сярэдняй школе № 1 горада і Кручанскай базавай школе правялі рамонт даху. У Комсеніцкай сярэдняй школе імя Р.І.Шыбанава і Філатаўскай сярэдняй школе імя С.А.Лавянецкага замянілі старыя аконныя блокі на сучасныя. Акцэнт зрабілі таксама на далейшым развіцці інклюзіі. Мы працягваем устаноўку элементаў безбар’ернага асяроддзя, каб зрабіць адукацыю больш даступнай для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, — расказала Марына Пятроўна.
У працэсе падрыхтоўкі ў школах раёна значна абнавілася тэхналагічнае абсталяванне харчаблокаў. З верасня ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі тут пяройдуць на новыя прынцыпы харчавання навучэнцаў.
— Шмат сіл нашы педагогі ўклалі таксама ў азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі. У ходзе ўдзелу ў адпаведным раённым конкурсе кожная ўстанова прыдумала нешта творчае і арыгінальнае, — падкрэсліла М. Токарава.
Усе рамонтныя работы выконвалі талакой. У падрыхтоўцы быў задзейнічаны не толькі тэхнічны персанал, але і настаўнікі і навучэнцы. Падлеткі-старшакласнікі дапамагалі родным школам у складзе вучнёўскіх вытворчых брыгад, дзе займаліся афарбоўкай памяшканняў і рамонтам вучэбнай мэблі.
Дзякуючы сумесным намаганням і зацікаўленасці, падрыхтаваць установы адукацыі ўдалося нават раней абазначаных тэрмінаў. З надыходам верасня за школьныя парты ў раёне сядуць 1455 вучняў. Каля 430 выхаванцаў працягнуць наведваць мясцовыя дашкольныя ўстановы. Навучанне дзяцей будуць ажыццяўляць высокапрафесійныя кадры. Сёння на Кругляншчыне звыш 300 педагогаў, і 84% з іх маюць вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. Штогод у мясцовую кагорту настаўнікаў уліваецца маладое папаўненне. Сёлета сюды прыехалі чатыры маладыя спецыялісты, некаторыя з іх вярнуліся для жыцця і працы на малую радзіму.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара