Установы адукацыі Рагачова плённа працуюць на адукацыйнай ніве

- 15:07Пресс-тур «Настаўніцкай»

Прэс-­тур “Настаўніцкай” у горад на Дняпры аказаўся насычаным. Кожная з чатырох устаноў адукацыі Рагачова здзівіла і парадавала сваімі педагогамі, дасягненнямі іх вучняў і імкненнем плённа працаваць на адукацыйнай ніве.

Прымаюць аднагадовых дзяцей

Дзіцячы сад № 8 нібы схаваўся ад гарадскога шуму сярод дамоў ва ўласным сектары. Аднак здагадацца, што гэта дашкольная ўстанова, не складана: адразу кідаецца ў вочы яркая пляцоўка, на якой дзетак вучаць правілам дарожнага руху, пажарнай бяспецы. Прыцягвае ўвагу і электроннае табло на будынку, бягучы радок якога апавяшчае бацькоў выхаванцаў пра мерапрыемствы, што плануюцца ў садку.

На цэнтральным уваходзе — вялікая празрыстая скрыня, напалову запоўненая пластыкавымі накрыўкамі. Сад трэці год з’яўляецца ўдзельнікам міжнароднага дабрачыннага сацыяльна-экалагічнага праекта “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”. І не толькі дзеці з бацькамі напаўняюць скрыню, далучаюцца да ініцыятывы і жыхары горада. Пластык здаецца, а на выручаныя грошы аказваецца дапамога хворым дзецям.

Нечаканасцю стала колькасць тэматычных зон і пляцовак, якія размясціліся вакол будынка ўстановы. Ёсць і невялікі стадыён, дзе можна пагуляць у футбол, баскетбол, валейбол. У летні час Алена Кавалёва, кіраўнік тэатральнай студыі “Сем гномаў”, пераносіць свае заняткі таксама на вуліцу. Разам з дзецьмі яна стварае пастаноўкі казак з дапамогай розных лялек. Вялікі сенсорны стол таксама даспадобы выхаванцам — тут табе і шышкі, і пясок, і каменьчыкі, і жалуды. Так прыемна з імі пагуляць! Тым больш што побач размясціліся гадаванцы дзіцячага сада — трус Сямён і марская свінка Ніна. Паназіраць, пакар­міць ­іх — дадатковая радасць для малых.

У артэказоне “Рэлакс” выхаванцы могуць палюбавацца кветкамі, паслухаць музыку. Менавіта тут адбываюцца сустрэчы з творчымі людзьмі, якія прыхо­дзяць у госці да дзяцей. А з творчасцю саміх выхаванцаў можна азнаёміцца, не захо­дзячы ў групы, — дастаткова паглядзець экспазіцыі перасовачных выстаў. Тут і малюнкі дзяцей, і фотаздымкі, якія расказваюць пра насычанае падзеямі жыццё дзіцячага сада.

Каля ўвахода ў будынак — паркоўка для дзіцячага транспарту. На ёй не толькі веласіпеды і самакаты, але і дзіцячыя каляскі.

— Гэта каляскі нашых самых маленькіх выхаванцаў — дзетак ад года да двух. Шмат гадоў у нас працуе група другога ранняга ўзросту для такіх малышоў. Яна вельмі запатрабавана, бо і бацькі, і выхавальнікі заўважылі, што дзеці ў калектыве пачынаюць развівацца намнога хутчэй. І нам прыемна з імі працаваць, — адзначыла Кацярына Церах, загадчыца дашкольнай установы.

У самім будынку дзіцячага сада таксама ёсць на што паглядзець. Намаганнямі выхавальнікаў тут створаны патрыятычны пакой “Беларускімі сцежкамі”. У яго цэнтры размясцілася вельмі арыгінальная фотапанарама “Цыліндр”.

— Мы напоўнілі яе фотаздымкамі, прычым можна не толькі паглядзець іх, але яшчэ і паслухаць невялікія суправаджальныя аўдыязапісы. Дзецям вельмі падабаецца наведваць наш міні-музей. Яны разглядваюць пісьмы часоў вайны, прадметы ваеннай атрыбутыкі. Тут ёсць і міні-алея славы ветэранаў, і сцяна памяці, прысвечаная дзецям-героям часоў Вялікай Айчыннай вайны. Створаны куток з дзяржаўнай сімволікай і інтэрактыўнымі гульнямі на гэтую тэму. Нам вельмі важна выхаваць нашых дзяцей патрыётамі і сапраўднымі грамадзянамі, — запэўніла Любоў Зайцава, намеснік загадчыка ўстановы.

Яшчэ адной асаблівасцю сада з’яўляецца наяўнасць гульнятэкі “Малышок”. Гэта прасторны пакой, у якім безліч самых розных гульняў, накіраваных на развіццё маторыкі, практычна-пазнавальнай дзейнасці, фізічных здольнасцей дзяцей малодшага ўзросту. Займацца сюды прыходзяць не толькі выхаванцы ўстановы — запрашаюць усіх жадаючых бацькоў з дзеткамі ад года. Мэта — выявіць на раннім этапе магчымыя парушэнні ў развіцці немаўлят.

— У 2021 годзе мы далучыліся да праекта ЮНІСЕФ па ўдасканаленні аказання ранняй комплекснай дапамогі дзецям да­школьнага ўзросту. Нашы педагогі прайшлі навучанне і атрымалі сертыфікаты. БДПУ прадаставіў нам неабходнае абсталяванне. Многае зрабілі і самі выхавальнікі, педагогі-дэфектолагі. Дзякуючы выдзеленым сродкам, закупілі неабходную мэблю. У выніку пачаў дзейнічаць наш “Малышок”. Мамы з дзеткамі прыходзяць бясплатна, з дзецьмі займаюцца нашы педагогі. І калі яны заўважаюць праблемы ў пазнавальным, інтэлектуальным развіцці дзіцяці, то рэкамендуюць бацькам звярнуцца ў цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, — растлумачыла Любоў Зайцава.

Выхоўваць сапраўдных мужчын

— Я вырас без бацькі і школьнікам пачаў займацца ў тэхнічным гуртку. Тыя заняткі сталі маім мужчынскім выхаваннем. Атрыманае ў тыя часы дабро мне хочацца аддаваць хлопчыкам і дзяўчынкам, якія зараз наведваюць мае аб’яднанні па інтарэсах “Радыёэлектроніка” і “Робататэхніка”, — гаворыць Вячаслаў Анціпаў, педагог дадатковай адукацыі ­Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Рагачова.

Ён выдатнік адукацыі, і яго гурткоўцы таксама дасягаюць выдатных вынікаў. Аб высокім узроўні іх таленту і здольнасцей сведчыць той факт, што яны вельмі паспяхова прымаюць удзел у Рэспубліканскім аглядзе інавацыйна-тэхнічнай творчасці.

— За апошнія два гады мы паставілі рэкорд: у пазамінулым годзе занялі на гэтым конкурсе два 1-я месцы, а ў мінулым — чатыры 1-я і два 3-я. Сёлета зноў адправілі два вырабы — кантактную зварку і сістэму “Брэйн-рынг”. Мы вучымся ствараць рэчы, якія паляпшаюць наша жыццё. Вось, напрыклад, прататып дыстанцыйнага робата-разведчыка — таксама пераможца рэспубліканскіх конкурсаў. Ён можа прымяняцца на прадпрыемствах, дае магчымасць аператару на сваім рабочым месцы аператыўна агледзець месца здарэння ці аварыі, — расказаў педагог.

Гурткоўцы неаднарозова праходзілі вочнае і завочнае навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Распрацоўкі юных вынаходнікаў прыцягваюць увагу нават Міністэрства абароны.

— Сумесна з Ваеннай акадэміяй Рэс­публікі Беларусь і пры фінансавай падтрымцы гэтай УВА распрацаваў радыёкомплекс для дронаў. Праект заняў прэстыжнае 3-е месца на конкурсе распрацовак студэнтаў ваенных УВА Расіі, — падзяліўся сваім дасягненнем Павел Ярохаў, за плячыма якога ўжо 4 змены навучання ў дзіцячым тэхнапарку.

А яшчэ на базе цэнтра размясціўся першы і адзіны ў Рагачоўскім раёне цэнтр бяспекі. У вялікім кабінеце адразу 6 лакацый, у стварэнні якіх прымалі ўдзел Цэнтральная раённая бальніца, гаргаз, таварыства ратавання на водах, МНС, энерганадзор і раённае ўпраўленне ўнутраных спраў. Прадстаўнікі гэтых арганізацый право­дзяць для дзяцей лекцыі, галоўная мэта якіх — наву­чыць асновам бяспечных паводзін. А каб праверыць атрыманыя веды, у кабінеце прадугледжаны планшэты з тэстамі ад МНС.

Удалося наведаць адразу дзве тэматычныя выставы, якія праходзяць у Цэнтры тэхнічнай творчасці. Першая — “Ад вытокаў да сучаснасці” — прысвечана гісторыі школьнай формы. Ідэя і яе ажыццяўленне належаць педагогам дашкольнага выхавання Рагачова. Натхніўшыся фотаздымкамі школьнай формы розных часоў і ўдакладніўшы ўсю інфармацыю, яны пашылі адпаведнае адзенне і апранулі ў яго лялек.

— Тут прадстаўлена форма з канца ХІХ стагоддзя да нашых дзён. Наша мэта не толькі азнаёміць выхаванцаў з гісторыяй узнікнення школьнай формы, але і паказаць разнастайнасць сучаснай формы і тым самым матываваць дзяцей з задавальненнем яе насіць, — расказала Наталля Пашкоўская, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета.

Другая экспазіцыя называецца “Міні-Рагачоў”. На сталах 28 макетаў, створаных рукамі настаўнікаў працоўнага навучання з 28 устаноў адукацыі раёна. Такі падарунак было вырашана зрабіць Рагачоўскаму раёну да святкавання яго стагоддзя.

Кожная копія да дробязей адпавядае арыгіналу: храм Аляксандра Неўскага, касцёл, музей, аддзел адукацыі, вакзал, мост праз раку Днепр, Замкавая гара… На кожным вырабе ёсць QR-код, з дапамогай якога можна даведацца шмат цікавай інфармацыі. Такая выстава — выдатная альтэрнатыва экскурсіі па горадзе.

Расціць інтэлектуальную эліту

 У гімназіі Рагачова нас чакала знаёмства з удзельнікамі лагера “ЗнаниУМ”.

— У рамках летняй аздараўленчай кампаніі мы арганізавалі лагер для высокаматываваных дзяцей. Для іх вядзецца вучэбны працэс, а таксама знахо­дзіцца час для выхаваўчых мерапрыемстваў. Увогуле, асноўнымі кірункамі работы гімназіі з’яўляюцца алімпіядны рух, навукова-даследчая дзейнасць, інтэлектуальныя і творчыя конкурсы, — падкрэсліла Алеся Кулікова, дырэктар установы адукацыі.

Свае веды і ўменні адораныя дзеці ў летні час папаўняюць у розных напрамках, таму былі арганізаваны адукацыйныя лакацыі ў адпаведнас­ці з запытамі гімназістаў і кадравым патэнцыялам установы. Пушкіністамі сябе называюць гімназіс­ты, якія наведваюць лакацыю рускай мовы і літаратуры. Вядзе яе Людміла Барботкіна. Падчас візіту педагог пазнаёміла нас з Карынай Красуцкай, у якой цудоўна атрымліваецца разгадваць рэбусы і самой іх ствараць, і з Палінай Куцэнка, якая ў гэтым го­дзе атрымала дып­лом ІІІ ступені на абласным конкурсе рытарычнага майстэрства.

У лакацыі “Гісторыя і грамадазнаўства” прымяняецца прынцып “роўны вучыць роўнага”.

Напрыклад, Аляксанд­ра Самастроенка, якая атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па адпаведных прадметах, дзеліцца сваімі ведамі з гімназістамі падчас заняткаў. Ніна Кузьмянкова, настаўніца англійскай мовы, выкарыстоўвае практыка-арыентаваны падыход. А Жанна Сініцына, настаўніца адукацыйнай лакацыі “Біялогія. Экалогія”, робіць стаўку на міжпрадметныя сувязі.

— Мы рыхтуемся да алімпіяд, конкурсаў экалагічнай накіраванасці, прымаем удзел у акцыях. Займаемся таксама праектнай дзейнасцю, падчас якой выкарыстоўваем веды па фізіцы. Напрыклад, Дар’я Чыгунова распрацавала экалагічную сцежку на тэрыторыі нашай гімназіі, якая ўяўляе сабой гульню-квест для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, — па­дзялілася настаўніца.

Не кожная ўстанова адукацыі можа пахваліцца тым, што мае настаўніка фізічнай культуры са званнем майстра спорту міжнароднага класа. У гімназіі такі ёсць. Гэта Таццяна Васільеўна Блінцова, двухразовая чэмпіёнка Еўропы, шматразовая чэмпіёнка Савецкага Саюза ў веславанні на байдарках. Яна выхавала двухразовага чэмпіёна свету Рамана Захаранку і ўдзельніцу Алімпійскіх гульняў Алесю Бакунову. У лагеры педагог адказвае за лакацыю “Фізічная культура і здароўе”. Актыўная, жыццярадасная, яна прыклад таго, наколькі важна займацца спортам.

— У мінулым го­дзе мае вучні добра выступілі на раённым і абласным этапах алімпіяды. Зараз працягваем працаваць на перспектыву. Аднак асабліва прыемна, калі дзеці выбіраюць прафесію настаўніка фізічнай культуры. У гэтым годзе два чалавекі зрабілі такі выбар, — з радасцю падзялілася настаўніца.

Інеса Кучко, настаўніца працоўнага навучання і міжнароднай мастацкай культуры, апантаная любоўю да прыгажосці, стварае цудоўныя карціны з воўны і вучыць гэтаму юных гімназістак. Педагог паспяхова рыхтуе дзяўчат да прадметнай алімпіяды. Не застаюцца яны без узнагарод і на рэспубліканскіх творчых конкурсах, такіх як “Лёд. Кветкі. Фантазія”, “Калядная зорка”, “Велікодны фестываль”.

Мой любімы Рагачоў

 У актавай зале сярэдняй школы № 6 нас чакаў строй юнакоў у ваеннай форме разам з выкладчыкам дапрызыўнай пад­рыхтоўкі Валерыем Савельевым. Хлопцы прадэманстравалі навыкі ў разборцы і зборцы аўтамата, элементы страявой падрыхтоўкі.

— З 2010 года ў нашай школе працуе цэнтр дапрызыўнай пад­рыхтоўкі. Галоўная яго мэта, канечне, патрыятычнае выхаванне, а таксама прафарыентацыя і падрыхтоўка да службы ва Узброеных Сілах. Вучу хлопцаў быць дружнымі, адчу­ваць падтрымку адно аднаго. Заўсёды кажу ім: вы павінны жыць так, каб праз дзесяць гадоў на юбілеі выпус­ку вам было прыемна сустрэцца, падзяліцца сваімі дасягненнямі, — расказаў выкладчык.

У мінулым годзе ў школе пачала працаваць інжынерная група. Зараз яе ўдзельнікі — 12 хлопцаў — перайшлі ў 11 клас. Яны вывучаюць фізіку і матэматыку на паглыбленым узроўні, наведваюць факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогіі вывучаем інжынерныя спецыяльнасці”.

— Мы былі аднымі з першых у раёне, хто далучыўся да праекта БНТУ па стварэнні інжынерных класаў, — патлумачыла Таццяна Шаўчук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. — У нас заключаны дагаворы адразу з трыма УВА. Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт з’яўляецца нашым куратарам. Школьнікі атрымліваюць заданні ад выкладчыкаў гэтай УВА, пабывалі там з экскурсіяй. У планах — наведванне прадпрыемстваў краіны, якія зацікаўлены ў падрыхтоўцы інжынераў.

Ёсць у школе настаўніца, дзякуючы якой дзеці добра ведаюць гісторыю сваёй малой радзімы. Ларыса Ліцвінава распрацавала ўласныя прыёмы і метады фарміравання пат­рыятычнай самасвядомасці школьнікаў:

— Пры вывучэнні кожнай тэмы звяртаю ўвагу вучняў на тыя па­дзеі і гістарычныя моманты, якія адбываліся на Рагачоўшчыне. А ў канцы чвэрці праводзім інтэрактыўную гульню “Мой любімы Рагачоў”. Пытанні маюць некалькі ўзроўняў складанасці.

Настаўніца таксама стварыла электронны дапаможнік “Вывучаем гісторыю Рагачова разам”. У ім прадстаўлены віктарыны, гульні, крыжаванкі на краязнаўчыя тэмы.

Працаваць на апярэджанне

Алена Клачкова, начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама, падзялілася інфармацыяй аб новаўвядзеннях, якія чакаюць сістэму адукацыі:

— Адно з іх тычыцца профільных класаў. У Рагачове ёсць педагагічныя, інжынерныя, аграрныя класы і адзін медыцынскі. Чатыры падпісалі дагаворы аб узаемадзеянні з УВА… Другое новаўвядзенне ініцыіравала Акадэмія адукацыі. Яно дазваляе ўносіць варыятыўны кампанент ва ўсе праграмы профільнага навучання. І яшчэ. Шосты школьны дзень будзе выкарыстоўвацца для практыка-арыентаванай работы класаў прафесійнай накіраванасці. Неабходна распрацаваць план работы, у якім абавязковым стане наведванне не толькі УВА, але і профільных прадпрыемстваў і арганізацый. Гэта дазволіць дзецям бліжэй азнаёміцца са сваёй будучай спецыяльнасцю, зразумець, наколькі яна ім падыходзіць.

Летняя аздараўленчая кампанія ў раёне паспяхова завяршаецца. У гэтым годзе нам удалося арганізаваць адпачынак для 1375 дзяцей. Што тычыцца гатоўнасці ўстаноў адукацыі горада і раёна да новага навучальнага года, то адзначу: была праведзена вялікая работа па стварэнні спрыяльных і бяспечных умоў для навучэнцаў. Завяршаецца капітальны рамонт у Доўскай сярэдняй школе. Увогуле, школы і сады гатовы сустракаць дзяцей.

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА