Усё цікавае складанае, а ўсё складанае цікавае. Як малады фізік Дзмітрый Рагаўцоў прывівае любоў да свайго прадмета?

- 10:12Образование

Шлях у прафесію ў Дзмітрыя Рагаўцова, настаўніка фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 31 Бабруйска, пачаўся яшчэ са школы, а менавіта з дня самакіравання ў Заеліцкай сярэдняй школе Глускага раёна. Выконваць ролю настаўніка фізікі і астраноміі яму спадабалася з першай секунды, як ён увайшоў у клас, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Тады я зразумеў: даваць веды дзецям — гэта нешта неверагоднае! У той момант хацелася расказваць усё, што ведаю па тэме, і крыху больш. Пасля гэтага я канчаткова вырашыў, што буду настаўнікам, і іншага быць не можа, — расказаў суразмоўнік.

Апошнія паўтара года навучання ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова Дзмітрый Рагаўцоў сумяшчаў з работай настаўніка фізікі. Таму веды, якія атрымліваў ва ўніверсітэце, прымяняў адразу. І вось ён ужо дыпламаваны спецыяліст. У той момант яму здавалася, што ён напоўнены ўсімі неабходнымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Але літаральна на першых уроках сутыкнуўся з пэўнымі праблемамі і зразумеў, што яго «напоўненасць» такой не з’яўляецца.

— На дапамогу прыйшлі вопытныя калегі, якія навучылі правільна складаць паўрочныя планы, падказалі, як адабраць матэрыял і аформіць змест урока, арганізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, развіваць іх творчыя здольнасці і крэатыўнае мысленне, — адзначыў педагог. — Расказалі, у чым заключаецца дамінантная дзейнасць школьнікаў пры мадэляванні заняткаў, якія прыёмы рэфлексіі выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці, як ствараць сітуацыі поспеху ў класе. Я зразумеў, што трэба ўвесь час удасканальвацца, што педагогіка — гэта цяжкая праца. Ты павінен падаваць прыклад ва ўсім, навучаць, клапаціцца, выхоўваць, перажываць за вучня.

Д. Рагаўцоў далучае дзяцей да ўдзелу ў конкурсах, даследчай дзейнасці, дае ім творчыя заданні. Прытрымліваецца педагогікі супрацоўніцтва, якая дае шырокія магчымасці ўлічваць асаблівасці кожнага. Вучыць таму, што ўсё цікавае складанае, а ўсё складанае цікавае, не баяцца спрабаваць і памыляцца.

— Фізіку на пальцах паказаць немагчыма. Аднак з дапамогай разнастайных падручных матэрыялаў гэта можна лёгка зрабіць, — адзначае педагог. — Я прывіваю дзецям любоў да эксперымента, даследавання, вывучэння гэтага свету. Дэманструю шмат нагляднасці. Так, можна намаляваць на дошцы сазлучаныя сасуды або паказаць малюнак з імі, а можна іх зрабіць, выкарыстаўшы пластыкавыя бутэлькі, кропельніцы, трубачкі і г. д. Фізіка акружае нас усюды, нават там, дзе мы не здагадваемся.

Яго навучэнцы з’яўляюцца пераможцамі абласнога турніру юных фізікаў, гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон», рэспубліканскага адукацыйнага марафону «Ліга ведаў», штогадовымі фіналістамі гарадскога турніру па інтэлектуальных гульнях. Педагог падрыхтаваў пераможцаў XXII Міжнароднай алімпіяды па фізіцы ад праекта «Мега-Талент» Марыю Кірыленка і Цімафея Міхалапа.

Д. Рагаўцоў таксама ўдзельнічае ў шматлікіх фестывалях, конкурсах і семінарах, у тым ліку выйшаў у заключны этап рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют».

— На Магілёўшчыне ўзнікла выдатная традыцыя: на абласной жнівеньскай канферэнцыі ўручаць маладым педагогам, пераможцам абласнога фестывалю «Прызванне — педагог» сімвал мудрасці — керамічную саву. Ганаруся, што атрымаў гэты сімвал першым з рук народнага настаўніка Рэспублікі Беларусь Валерыя Васільевіча Барашкова, — падкрэсліў суразмоўнік.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва педагога