Утульны дом

- 10:33Спецыяльная адукацыя

Ельскую дапаможную школу­інтэрнат Гомельскай вобласці на працягу амаль 30 гадоў узначальвае выдатнік адукацыі Якаў Ліпскі. Яго імя занесена ў кнігу рэкордаў “Абласны педагагічны алімп” у намінацыі “Сэрцам адданы роднаму краю”. Місія ўстановы адукацыі — падрыхтоўка дзяцей да жыцця ў грамадстве, навучанне даступным для іх і запатрабаваным прафесіям. Заняткі тут праходзяць на беларускай мове.

Імідж школы          

Як пра чалавека, так і пра ўстанову можна сказаць: “Сустракаюць па адзенні…” Тэрыторыя школы-інтэрната летам патанае ў кветках, якія рупліва высадзілі вучні ра­зам з выхавальнікамі. Яблыневы сад, у якім 135 дрэў, 70 кустоў вінаградніку, цяпліца і агарод забяспечваюць дзяцей таннай прадукцыяй. Продаж садавіны і агародніны мінулай восенню прынёс школе каля трох тысяч рублёў, што пайшлі на ўмацаванне матэрыяльнай базы. З густам абсталяваны спальныя пакоі і вучэбныя кабінеты, працуе лазнева-пральны комплекс. Да паслуг дзяцей школьны стадыён і спартыўная зала, зала дзіцячай творчасці і этнаграфічны музей, кабінеты “Мая малая ра­дзіма” і сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, майстэрні для працоўнага навучання, зубны кабінет і многае іншае.

— Пра мяне можна сказаць: дзе нара­дзіўся, там і спатрэбіўся. Не адно пакаленне людзей жыло на гэтай адвечнай Палескай зямлі сярод лясоў і балот, — падкрэслівае дырэктар. — Доўгі час знаходзіўся на камсамольскай і партыйнай рабоце. У 1991 годзе ўзначаліў школу ў Нароўлі, а праз два гады лёс падарыў мне шчаслівую магчымасць працаваць у калектыве школы-інтэрната, якая стала маім другім домам, якой аддадзена значная і лепшая частка майго жыцця.

Лепшыя якасці кіраўніка 

— Хто такі сапраўдны дырэктар? Гэта добры арганізатар, настаўнік і выхавальнік, стратэг і тактык, адміністратар і калега, дыпламат і псіхолаг, правазнавец і гаспадар, — гаворыць Якаў Дзмітрые­віч. — Важна не столькі ўменне ства­рыць калектыў, колькі жаданне ўклад­ваць у развіццё людзей усе свае сілы. Трэба любіць справу, якой прысвяціў жыццё, не ленавацца. Любіць дзяцей, незалежна ад іх дыягназу, асаблівасцей, разумець спецыфіку іх навучання. У калектыве павінны быць роўныя адносіны кіраўніцтва да кожнага, незалежна ад пасады, і абавязкова да дзяцей. Ужо колькі гадоў кожны аўторак і чацвер па вечарах я з вучнямі займаюся ў спартыўнай зале. Для іх спрацоўвае прынцып: “Рабі, як я, рабі разам са мной, рабі лепш за мяне”.

Без станоўчага псіхалагічнага клімату не будзе поспеху. Аднойчы маці 11-гадовага падлетка прывяла яго ў школу-інтэрнат з пагрозай: “Цяпер будзеш ведаць, што такое сям’я, дом…” Я зрабіў ёй заўвагу, каб нават не спадзявалася, што яе сына тут бу­дуць муштраваць, ставіць у кут ці на соль і грэчку. У нашай школе дзяцей выхоўва­юць толькі дабрынёй. На вачах жанчыны я ўбачыў слёзы.

Побач са мной сёння прафесіяналы, аднадумцы, якім пад сілу вырашаць самыя амбіцыйныя задачы. 70% педагогаў ма­юць працоўны стаж у нашай школе больш за 20 гадоў. Гэта настаўнікі, якія право­дзяць рэцэнзаванне і апрабацыю школьных падручнікаў, праграм і дапаможнікаў па беларускай мове, матэматыцы, літаратурным чытанні, буквара для дапаможнай школы. Больш за 150 грамат і дыпломаў, 50 з якіх — за першыя месцы, атрымалі спецыялісты за ўдзел у конкурсах і спаборніцтвах. Усё гэта натхняе на новыя здзяйсненні, выклікае жаданне працаваць далей.

Да родных вытокаў

У школе рэалізаваны інавацыйны праект па развіцці даследчыцкай кампетэнцыі вучняў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны. Вучні і настаўнікі сабралі для этнаграфічнага пакоя экспанаты па вёсках раёна: прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, адзенне і іншае — усё, што дае ўяўленне аб асноўных відах дзейнасці жыхароў Ельшчыны ў мінулым (рыбалоўства, бортніцтва, ткацтва, вышыўка і інш.). Тут ёсць самаробны драўляны ложак, скрыня, прасніцы, жорны, даматканыя посцілкі.

Пад кіраўніцтвам творчых выхавальнікаў вучні займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, асвоілі тэхніку выцінанкі, знаёмяцца з каляндарна-абрадавымі святамі і прысвяткамі, асаблівасцямі нацыянальнай культуры беларусаў. Старшакласнікі вывучаюць гісторыю і развіццё беларускага лялечнага тэатра — батлейкі, спосабы вырабу лялек. Выязджа­юць са спектаклямі ў школы і дзіцячыя сады. Педагогі распрацавалі метадычныя матэ­рыялы па тэме “Праз роднае слова — да родных вытокаў”, якія можна выкарыстоўваць усім настаўнікам. 

Летам ва ўстанове працуе аздараўленчы лагер гістарычна-краязнаўчага кірунку, а для дзяцей мясцовай агульнаадукацыйнай школы — працоўны.

— На канікулах мы ладзім экскурсіі па гістарычных мясцінах краіны, у першую чаргу Ельшчыны, — расказвае дырэктар. — На нашым шляху — помнікі загінуўшым воінам, спаленыя вёскі, Мазырскі замак, музей пад адкрытым небам у Лоеве. Вывучаем побыт палешукоў у адселеных пасля чарнобыльскай аварыі вёсках. Наведваем вядомыя мемарыяльныя комплексы “Хатынь” і “Брэсцкая крэпасць-герой”, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, манумент “Аперацыя Баграціён”, Курган Славы, музей Вялікай Айчыннай вайны. Школа падтрымлівае добрыя сувязі з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Феліксам Валянцінавічам Яшковым, чаму ў значнай ступені дапамагла рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”. Дзякуючы гэтаму чалавеку і падтрымцы спонсараў, штогод асвойваем новыя маршруты. Так, мінулым летам наведалі археалагічныя раскопкі ў Тураве, музей беларускага Палесся ў Пінску, ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава ў Кобрыне, Камянецкую вежу і Белавежскую пушчу.

Прафесія для жыцця

Ужо сем гадоў у школе працуюць класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. За гэты час іх скончылі каля 100 юнакоў і дзяўчат. Атрымалі прафесіі слесара, жывёлавода, агародніка, санітаркі і швачкі.

— У мясцовым КСУП “Ельск” нашы вучні праходзяць практыку, працуюць і атрымліваюць заробак, — адзначае Якаў Дзмітрыевіч. — Выпускнікі ўладкоўваюцца па спецыяльнасці, атрыманай у школе, працягваюць справы сваіх бацькоў, ствараюць сем’і, выхоўваюць дзяцей. Не ўсе вытрымліваюць выпрабаванне часам, але ж станоўчых прыкладаў больш. У школе вя­дзецца патранат за выпускнікамі. Імкнёмся дапамагчы кожнаму.

У апошні час значна скараціліся групы ў прафтэхвучылішчах для дзяцей з дапаможных школ, выпускнікоў інтэграваных класаў. У бягучым навучальным годзе да нас у клас прафесійнай падрыхтоўкі прыйшлі 25 вучняў. Такіх класаў сёння тры, у іх вучыцца 31 чалавек. Гэта амаль палова ад усіх вучняў школы-інтэрната. У перспектыве, калі атрымаецца стварыць матэрыяльную базу, можна пачаць падрыхтоўку па іншых прафесіях. Зразумела, у прыярытэце будуць масавыя прафесіі сельскай гаспадаркі.

Курс на інклюзію

— Вызначэнне місіі школы — гэта погляд у будучыню. Сёння ўзяты курс на інклюзіўную адукацыю, — адзначае дырэктар, — таму перад кіраўнікамі інтэрнатаў узнікаюць пытанні канкурэнтаздольнасці, стварэння станоўчага іміджу. Школа павінна заставацца прывабнай для ўсіх — і для дзяцей, і для педагогаў. Тое, якімі людзьмі стануць нашы выпускнікі, што гавораць пра школу бацькі, як мы выглядаем у вачах грамадскасці, як праводзім свае мерапрыемствы, прадвызначае, якая нам будзе дадзена ацэнка. Школа і яе асяроддзе павінны выклікаць гордасць і жаданне тут вучыцца і працаваць. Штодзённая карпатлівая работа дае свой плён. Ельская дапаможная школа-інтэрнат мае станоўчую рэпутацыю, вобраз моцнай школы.

Наш калектыў атрымаў 2-е месца на I Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”, дыплом ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Асаблівая гордасць — 1-е месца ў абласным агля­дзе-конкурсе за арганізацыю ідэалагічнай работы сярод устаноў адукацыі Гомельшчыны ў 2019 годзе. Спартыўная зборная школы пастаянна ў прызёрах раённай спартакіяды педагагічных работнікаў і на турыстычным злёце. За намі заўсёды прызавыя месцы ў абласных конкурсах “Вясёлкавы карагод”, “Зялёны вітамін”, “Наш утульны дом”, “Кветкі Перамогі”.

Вялікая падзея адбылася ў школе-інтэрнаце ў снежні 2021 года, прысвечаная не толькі навагоднім святам, дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, а найперш 60-годдзю з дня заснавання школы. Было прыемна бачыць вялікую колькасць гасцей, якія прыйшлі з добрымі пажаданнямі і падарункамі. За сродкі, выдаткаваныя старшынёй мясцовага райвыканкама Віктарам Іванавічам Замосцікам, былі набыты 8 пар лыж, 3 швейныя машынкі для класа прафесійнай падрыхтоўкі, тэлевізар, халадзільнік. Тры тысячы рублёў мы атрымалі ад саўгаса-камбіната “Зара”. Увогуле, у гэты дзень падарункі прымалі ад 18 прадстаўнікоў розных арганізацый, якім хочацца выка­заць вялікую ўдзячнасць.

Наперадзе шмат планаў па пашырэнні інфармацыйнай прасторы, стварэнні сучасных прадметных кабінетаў, рэкламаванні сваёй дзейнасці.

Кіраўніцкі вопыт і сістэму работы ўсяго калектыву за апошнія гады Якаў Дзмітрыевіч абагульніў у сваёй кнізе “Права на жыццё”. Развагамі аб перыпетыях уласнага жыцця і выхаванні моладзі дырэктар па­дзяліўся ў кнізе “Шлях да сябе”.

— Даўжыня шляху да сябе вызначаецца лёсам, а яго шырыня — самім чалавекам ды яшчэ часам, у якім ён жыве, — гаворыць дырэктар. — Спадзяюся, што сваёй няспыннай працай мне ўдалося зрабіць пасільны ўклад у спадчыну маёй малой радзімы.

Надзея ЦЕРАХАВА.