Усяго 30 хвілін на аўтобусе ад Віцебска — і мітусня вялікага горада змяняецца спакоем, мернасцю, асаблівым ладам жыцця былога мястэчка. Вас вітае Гарадок! Сёння тут свята — Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтыя хвіліны на цэнтральнай плошчы райцэнтра каля навагодняй ёлкі праходзяць народныя гулянні, а да гэтага на гарадскіх вайсковых могілках, дзе пахавана больш за 5 тысяч савецкіх воінаў-вызваліцеляў, адбыліся памятныя мерапрыемствы. Педагогі, навучэнцы, прадстаўнікі грамадскасці ўзгадвалі тых, хто загінуў 24 снежня 1943 года.
Птушка Фенікс
Гарадок невыпадкова назвалі Гарадком. Цеплыня, душэўнасць, утульнасць, якой прасякнуты гэты тапонім, адчуваецца тут на кожным кроку, асабліва ў гістарычнай частцы, размешчанай на высокім узгорку левага берага рачулкі Гараджанкі. Тут захаваліся і будынкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, і двухпавярхоўкі пасляваеннага часу, упрыгожваюць вуліцы і сучасныя шматпад’ездныя дамы. Усе кварталы размешчаны кампактна, іх можна абысці менш чым за гадзіну. Сярэдняя школа № 1, праз сто метраў — будынак Гарадоцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, насупраць, у гарадскім скверыку, — помнік галоўнаму герою знакамітай паэмы Канстанціна Вераніцына палясоўшчыку Тарасу, непадалёк — раённы Дом культуры і краязнаўчы музей, цэнтральная плошча з вайсковымі могілкамі, побач — высокая, разгалістая елка, прывезеная з ваколіц вёскі Радчанкі. Каля гэтай лясной прыгажуні і праходзяць святочныя мерапрыемствы.
Жыхары Гарадка адзначаюць 24 снежня з не меншым размахам, чым Новы год. Гэта нядзіўна, паколькі вызваленне прынесла новы мірны 1944 год, спадзяванні на новае жыццё. І своеасаблівым навагоднім салютам стаў 12-разовы залп, дадзены ў Маскве са 124 гармат у гонар вызвалення Гарадка. Пра важнасць узяцця Чырвонай Арміяй добра ўмацаванага акупацыйнымі войскамі пункта сведчыць і той факт, што, згодна з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, 12 воінскім фарміраванням, якія вызвалялі Гарадок, было прысвоена ганаровае званне гарадоцкіх.— Людзі настолькі радаваліся вызваленню, што новы год, новае жыццё, новыя спадзяванні пачаліся для гарадчан не 1 студзеня, а 24 снежня. Я нарадзілася ў 1946 годзе і добра памятаю, як вуліцы Гарадка ўяўлялі сабой суцэльныя руіны. Нягледзячы на гэта, нашы землякі ўпарадкавалі пахаванні чырвонаармейцаў, устанавілі там бетонны абеліск, — узгадвае кіраўнік народнага музея баявой славы сярэдняй школы № 1 Гарадка Вера Фёдараўна Паўленка. Толькі пасля аддання даніны павагі воінам-вызваліцелям пачалося будаўніцтва жылых дамоў. Гарадок, нібыта птушка Фенікс, быў адроджаны з руін, аднавіў сваю ўтульнасць.
Сляды вайны
Сёння, у дзень вызвалення Гарадка, у музеі першай школы будуць абавязкова праводзіцца заняткі. Як паведаміла Вера Фёдараўна, музей быў створаны па ініцыятыве ветэранаў вайны і ўрачыста адкрыты 24 снежня далёкага 1983 года. Першым кіраўніком музея была Любоў Антонаўна Кургановіч, апантаны даследчык гісторыі Гарадка, для якой школа і музей былі першым домам. Дзякуючы яе актыўнасці, музей з 2001года носіць званне народнага, а ў 2004-м стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі. У аснову афармлення экспазіцыі пакладзены аповед пра землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Асобныя стэнды расказваюць пра найбольш яркія подзвігі ўраджэнцаў Гарадоцкага раёна, напрыклад, Аляксея Вашчанкі, які закрыў целам амбразуру дзота падчас Сталінградскай бітвы, за што пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Не пакідае абыякавым экскурсантаў аповед пра хлопчыка Толю Кірылава, які адзін уступіў у бой з акупантамі, што гналі статак кароў.Асабліва цікавым для вучняў з’яўляецца знаёмства з юнымі партызанамі, напрыклад, разведчыкам Лёнем Сухарукавым. Яго бацька быў лесніком, таму хлопец добра ведаў усе лясныя сцяжыны, перадаваў партызанам каштоўныя звесткі, дапамагаў здабываць зброю, ежу, аднак быў схоплены. Яго па-зверску катавалі, потым прывязалі да саней і босым зімой па снезе пацягнулі ў Азярышча, дзе і павесілі. Захоўваюцца ў музеі пісьмы маскоўскага хлопца Барыса Камарова, які загінуў пры вызваленні Гарадка. Гэтыя каштоўныя матэрыялы перадала школе яго мама. Вось што пісаў Барыс: “У першы дзень, калі мы пайшлі ў наступленне, наша артылерыя адкрыла настолькі моцны агонь, што зямля ўвесь час дрыжэла ад удараў. Без перапынку білі гарматы, і пад канец увесь гэты канцэрт скончылі “Кацюшы” і “Андрушы”. У гэты дзень мы занялі шмат населеных пунктаў. Ледзь не кожны дзень прасоўваемся наперад, не паспяваем нават капаць бліндажы. Даводзілася па 2—3 сутак зусім не заплюшчваць вочы”.— Мы праводзім разнастайныя экскурсіі. Іх тэматыка залежыць ад тых гістарычных падзей і дат, да якіх яны прымеркаваны. Праз усе гэтыя экскурсіі чырвонай стужкай праходзіць тэма вайны. У сакавіку з нагоды Міжнароднага дня жанчын расказваем, напрыклад, пра нашых калег-партызанак Ніну Ільінічну Шалкоўскую і Вольгу Аляксандраўну Калінаву. На дзень памяці “Маладой гвардыі” знаёмім школьнікаў з зямлячкай Нінай Старцавай, удзельніцай гэтай маладзёжнай падпольнай арганізацыі. На аснове ўспамінаў старажылаў распрацавана экскурсія “Наш горад напярэдадні вайны”. Пра помнікі і абеліскі расказваецца ў “Слядах вайны”. Багатая экскурсія і па тэме партызанскага руху, паколькі наш раён лясісты і на яго тэрыторыі дзейнічала сем партызанскіх брыгад, — гаворыць кіраўнік гуртка “Юныя экскурсаводы” настаўніца гісторыі Лілія Феліксаўна Сідарэнка.
Ключавое слова
Якія б выхаваўчыя мерапрыемствы ні праводзіліся ва ўстановах адукацыі Гарадоцкага раёна, у іх абавязкова закранаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. Каардынатарам гэтых мерапрыемстваў, арганізатарам конкурсаў, акцый, злётаў, форумаў раённага ўзроўню з’яўляецца Гарадоцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. У гэтай шматпрофільнай установе дадатковай адукацыі склалася адметная выхаваўчая сістэма, якая грунтуецца на супрацоўніцтве з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, у першую чаргу — з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама, БРПА і БРСМ, раённай газетай “Гарадоцкі веснік”, радыё, установамі адукацыі.— Такое супрацоўніцтва дазволіла зрабіць адукацыйны і выхаваўчы працэс больш выніковым і якасным, дапамагае вырашыць шэраг праблем, напрыклад, адсутнасць сваёй актавай залы і сцэны. Супрацоўніцтва — ключавое слова паспяховай работы ў невялікім горадзе накшталт Гарадка. З калегамі, партнёрамі, усімі, хто зацікаўлены ў напаўненні вольнага часу навучэнцаў карыснымі справамі, мы павінны быць адной вялікай сям’ёй. Напрыклад, з аддзелам культуры, ідэалогіі і па справах моладзі ў нас штогод распрацоўваецца план сумесных мерапрыемстваў. Пра маштабы такога супрацоўніцтва сведчыць, напрыклад, колькасць сцэнічных касцюмаў, якія выкарыстоўваюцца юнымі ўдзельнікамі харэаграфічных і вакальных гурткоў. Іх больш за 600. Выхаванцы нашага цэнтра з’яўляюцца ўдзельнікамі многіх гарадскіх свят, якія праводзяцца аддзелам культуры. Гэта канцэрт, прысвечаны Дню пажылых людзей, конкурс “Песні юнацтва нашых бацькоў”, святочныя ўрачыстасці да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, “Вераніцынскі фэст”, — адзначае дырэктар цэнтра Галіна Аляксандраўна Сімурава.У 2015 годзе навучэнцы Гарадоцкага раёна прынялі ўдзел у больш чым 30 раённых і абласных мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнай і краязнаўчай накіраванасці. Цэнтральнай іх тэмай стала 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Традыцыйна з 24 студзеня па 24 лютага праводзіцца месячнік патрыятычных спраў, у рамках якога арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, “Зарніцы”, паходы па месцах баявой славы, аперацыі “Ветэран жыве побач”, “Абеліск”, урокі мужнасці, тэматычныя інфармацыйныя гадзіны, масавыя патрыятычныя мерапрыемствы (ваенна-спартыўныя гульні, агляды строю і песні, тэматычныя і інтэлектуальныя гульні і конкурсы, спартакіяды па зімовым мнагаборстве, агляды ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі юнакоў дапрызыўнага ўзросту, навукова-даследчыя канферэнцыі навучэнцаў). З 30 красавіка па 9 мая ў рамках рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі навучэнскай моладзі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” праводзілася дэкада грамадзянска-патрыятычных спраў “Мы ў памяці захоўваем герояў імёны”.
У маі традыцыйна пачынаецца раённая Вахта Памяці, якая доўжыцца да лістапада. У гэты перыяд актывізуецца дзейнасць цімураўскіх і валанцёрскіх атрадаў. Падчас аперацый “Клопат”, “Міласэрнасць”, “Мой падарунак ветэрану”, “Ветэран жыве побач” аказваецца шэфская дапамога ветэранам вайны і працы, вязням канцэнтрацыйных лагераў, проста пажылым людзям у вырашэнні іх надзённых бытавых праблем. Усяго ў раёне дзейнічае 19 валанцёрскіх атрадаў. Найбольш актыўна гэтая работа праводзіцца ў Даўгапольскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, Бычыхінскай сярэдняй школе, Езярышчанскай сярэдняй школе, Межанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, сярэдніх школах № 1 і № 2 Гарадка. Навучэнцы аказваюць актыўную дапамогу мясцовым выканаўчым органам па добраўпарадкаванні месцаў воінскіх пахаванняў, помнікаў, абеліскаў, мемарыяльных знакаў.Падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а канкрэтна — перыяду акупацыі, актыўна вывучаюцца юнымі экскурсаводамі гісторыка-краязнаўчага музея Езярышчанскай сярэдняй школы (кіраўнік музея Л.І.Нікіфарава). Музейная група “Пошук” удзельнічала ў міжнароднай акцыі “Халакост”. Сабраныя матэрыялы выкарыстоўваюцца падчас экскурсій не толькі ў школьным, але і раённым краязнаўчым музеі, увайшлі ў кнігу “Памяць. Гарадоцкі раён”. Савет музея вядзе перапіску са сваякамі тых, хто вызваляў пасёлак. Традыцыйна ў Дзень Перамогі школьнікі сустракаюцца з дачкой палкоўніка танкавай брыгады С.П.Хайдукова, які загінуў пры вызваленні Езярышча.
Ганарацца школьнікі Гарадоччыны і сваімі дасягненнямі на абласным і рэспубліканскім узроўнях.Так, навучэнка сярэдняй школы № 2 Гарадка Настасся Белавусава прыняла сёлета ўдзел у абласных краязнаўчых чытаннях і была ўзнагароджана граматай. У абласным этапе рэспубліканскага конкурсу музеяў, музейных пакояў “Іх памяць мы ў сэрцы захоўваем” у рамках рэспубліканскай акцыі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” музей баявой славы Бычыхінскай сярэдняй школы (кіраўнік Л.А.Барысава) заняў 2-е месца.
— Не засталіся мы ў баку і ад усебеларускай патрыятычнай акцыі “Ліст пераможцу”, якая праводзілася БРСМ і БРПА і была прымеркавана да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Навучэнцамі нашага раёна было сабрана 36 лістоў. Найбольш актыўна ў гэтым годзе працавалі піянерскія дружыны імя А.Кірылава Межанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, імя М.Гапяёнка Прудніцкай сярэдняй школы, імя А.Матросава Бычыхінскай сярэдняй школы, імя П.Клыпы Пальмінскай сярэдняй школы, імя І.Бумагіна сярэдняй школы № 1 Гарадка, імя А.Матросава Вайханскай базавай школы, — адзначае Галіна Аляксандраўна.
“З Тарасам разам”
Паспяховасць правядзення гэтай маштабнай работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі залежыць не толькі ад плённага супрацоўніцтва з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, але і ад апантанасці, зацікаўленасці канкрэтных педагогаў. Менавіта на асобах, як вядома, трымаецца любая карысная справа, тым больш такая, як выхаванне падрастаючага пакалення. У пасляваенныя часы гэтымі кітамі, тытанамі педагогікі былі настаўнікі-франтавікі, настаўнікі-партызаны. Цяпер прадаўжальнікамі слаўных выхаваўчых традыцый з’яўляюцца ўнукі і праўнукі герояў Перамогі. Адзін з іх — Анатоль Мікалаевіч Войлакаў, прызёр сёлетняга абласнога конкурсу “Педагог дадатковай адукацыі”, аўтар 23 метадычных зборнікаў па правядзенні інтэлектуальных гульняў. Дзякуючы яго зацікаўленасці, пры падтрымцы старэйшых калег у раёне імкліва развіваецца інтэлектуальны рух. У 2004 годзе пры Гарадоцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі быў створаны клуб інтэлектуальных гульняў “Залаты леў” (галоўны сімвал герба Гарадка). Турнір за турнірам, спаборніцтвы за спаборніцтвамі — так паступова каманды інтэлектуалаў з’явіліся ў кожнай установе адукацыі. Актыўнымі ўдзельнікамі клуба з’яўляюцца настаўнік інфарматыкі Даўгапольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Алег Анатольевіч Ладохін, навучэнцы гарадоцкіх каледжаў, выпускнікі. Асабліва папулярны і маштабны — рэгіянальны турнір “З Тарасам разам”. Сёлета ў турніры ўдзельнічалі 19 каманд з Гарадоцкага, Лепельскага, Полацкага, Віцебскага раёнаў і з расійскіх Вялікіх Лук.
Адкуль пайшла такая незвычайная назва турніру? Здагадацца, думаю, нескладана. Тарас — гэта палясоўшчык, галоўны герой знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе”, напісанай ураджэнцам Гарадоччыны Канстанцінам Вераніцыным. Дарэчы, многія пытанні турніру тычацца паэмы. Так, удзельнікам прапаноўваецца ўзгадаць сустрэчу цёзкі гогалеўскага казака з вядомымі рускімі паэтамі і назваць іх прозвішчы ў тым парадку, як яны сустракаюцца ў паэме. Правільны адказ: Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі. Традыцыйна інтэлектуальныя турніры праводзяцца і з нагоды вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так што пакуль вы седзіце на цёплай канапе з кубачкам чаю або кавы і чытаеце гэты матэрыял, у ціхім Гарадку ідуць бурныя інтэлектуальныя спаборніцтвы. Дарэчы, паназіраць за эрудыцыяй гарадоцкіх інтэлектуалаў можна і па тэлевізары, уключыўшы ў нядзелю “Брэйн-рынг”.
Вераніцыны горы
“З Тарасам разам” — гэта не толькі інтэлектуальны турнір, падчас якога можна праверыць свае веды па гісторыі Гарадоцкага раёна. З Тарасам разам можна здзейсніць і цікавую вандроўку па ўтульным Гарадку. І пачаць гэтае падарожжа варта ад арыгінальнага помніка. Бадзёры, з кіёчкам, у добрым настроі, бронзавы палясоўшчык Тарас нібыта запрашае на прагулку па вуліцах былога мястэчка. Фінальным пунктам гэтага падарожжа, згодна са знакамітай паэмай, стане… Дарэчы, на інтэлектуальных турнірах можна задаць знатакам і такое пытанне: “Назавіце ўрочышча, якое хутчэй за ўсё з’яўляецца прататыпам вераніцынскага Парнаса?” Правільны адказ — Вараб’ёвы горы. Хто ведае, можа, на гэтых узгорках, якія размешчаны на ўскрайку Гарадка і дзе нядаўна была пабудавана ўнікальная для невялікага райцэнтра лыжаролерная траса, і любіў складаць, любуючыся панарамай утульнага мястэчка, радкі сваёй паэмы Канстанцін Вераніцын.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.