Увага — кожнаму выпускніку

- 14:31Актуально, Апошнія запісы

У канцы мінулага тыдня міністр адукацыі Ігар Карпенка здзейсніў рабочую паездку ў Валожын, дзе наведаў Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй і гімназію № 1.

Як адзначыў дырэктар ліцэя Павел Хількевіч, ва ўстанове на цяперашні момант прафесійную адукацыю атрымлівае 331 чалавек. Тут рыхтуюць рабочыя кадры для сельскагаспадарчай галіны, прамысловасці, сферы абслугоўвання па наступных прафесіях: тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў, аддзелачныя будаўнічыя работы, вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ, эксплуатацыя электра­абсталявання, вытворчасць прадукцыі раслінаводства, тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў, цырульнае мастацтва і дэкаратыўная касметыка.

Падрыхтоўка вядзецца на аснове дагавораў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Для забеспячэння адукацыйнага працэсу ў ліцэі функцыянуюць абсталяваныя вучэбныя кабінеты, лабараторыі, вучэбна-вытворчыя майстэрні. У распараджэнні навучэнцаў добраўпарадкаваны інтэрнат, актавая зала, бібліятэка з чытальнай залай, сталовая, спартыўная зала і спартыўны гарадок.

Міністр адукацыі пабываў на занятках у лабараторыі па будове трактароў, пазнаёміўся з яе тэхнічным аснашчэннем. У лабараторыі маюцца разрэзы вузлоў, агрэгаты і іншае абсталяванне, неабходнае для якаснай падрыхтоўкі маладых рабочых. Акрамя таго, кіраўнік ведамства пазнаёміўся з аснашчэннем слясарнай майстэрні, а таксама вучэбных кабінетаў, дзе вядзецца тэарэтычная падрыхтоўка навучэнцаў.

У размове з дырэктарам ліцэя Ігар Карпенка падкрэсліў, што ў пытаннях матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў прыярытэце павінна быць менавіта тэхнічнае аснашчэнне вучэбных майстэрняў. Патрабаванні да рабочых і сельскагаспадарчых кадраў увесь час павышаюцца. Нават каб працаваць на сучасным трактары, базавых ведаў і навыкаў недастаткова.

Міністр нагадаў, што для набыцця сучасных навыкаў трэба карыстацца рэсурснымі цэнтрамі, якія створаны на базе шэрага ўстаноў прафесійнай адукацыі. У Мінскай вобласці ў структуры ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі дзейнічаюць 8 рэсурсных цэнтраў: у Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, Слуцкім, Маладзечанскім, Вілейскім, Капыльскім, Барысаўскім дзяржаўных каледжах, Жодзінскім прафесійным ліцэі, Маладзечанскім політэхнічным каледжы.

Дырэктар Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя адзначыў, што яны актыўна карыстаюцца магчымасцямі суседніх і блізкіх па кірунках навучання рэсурсных цэнтраў. “Нашы навучэнцы выязджаюць у такія цэнтры, дзе, акрамя навучання, яны маюць магчымасць пазнаёміцца са сваімі аднагодкамі. Прафесійныя і сяброўскія зносіны пашыраюць іх магчымасці. Як, зрэшты, і нашы, выкладчыцкія. Абмен вопытам дапамагае нам развівацца і рухацца далей”, — заўважыў Павел Хількевіч.

Не менш важным з’яўляецца і цеснае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў. Зноў жа найперш варта прыглядацца да найбліжэйшых у раёне і вобласці прадпрыемстваў сельскагаспадарчага профілю, будаўнічых арганізацый і сферы абслугоўвання. Каб весці ўзаемавыгадны дыялог, неабходна думаць на перспектыву. І тут дырэктары ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі павінны быць аналітыкамі, здольнымі прадумваць дзейнасць сваёй установы наперад. Справа няпростая, але ў адваротным выпадку ёсць рызыка рыхтаваць непатрэбных спецыялістаў.


Другім пунктам рабочай паездкі міністра адукацыі стала гімназія № 1 Валожына. Дырэктар навучальнай установы Алена Клачко пазнаёміла Ігара Карпенку з арганізацыяй вучэбна-выхаваўчага працэсу ў гімназіі.

Настаўнік-метадыст настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Саевіч расказала пра інавацыйныя праекты, у якіх удзельнічала і ўдзельнічае гімназія: “У 2016 годзе быў праведзены вэб-квест па рамане М.Булгакава “Майстар і Маргарыта”. У выніку навучэнцы з дапамогай сэрвісу Dipity стварылі стужку часу, з дапамогай сэрвісу MindMeister — ментальную карту аб жанравых асаблівасцях і разнастайнасці праблематыкі рамана. Сэр­віс LearningApps.org дапамог стварыць інтэрактыўны тэст, з дапамогай easelly зрабілі графік, псіхалагічную партытуру перажыванняў Понція Пілата; у сэрвісе symbaloo зрабілі вэб-мікс, які раскрывае своеасаблівасць булгакаўскай “дьяволиады”. Акрамя адукацыйных задач, асноўная мэта дадзенага праекта — развіццё чытацкай кампетэнцыі і інфармацыйна-даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Вопыт работы ў гэтым вэб-квесце стаў зыходным пунктам для ўдзелу ў інавацыйным праекце “Укараненне методыкі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме сеткавага ўзаемадзеяння”. Удзельнікамі праекта сталі навучэнцы 5—8 класаў (навучэнцы чатырох класаў, настаўнікі рускай і беларускай моў). Цяпер мы ўдзель­нічаем у рэалізацыі новага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый вучняў у працэсе арганізацыі і функцыя­навання медыяцэнтра ўстановы адукацыі”.

Пасля міністр адукацыі завітаў на ўрок англійскай мовы ў 5 класе, дзе пагутарыў з дзецьмі пра іх планы на лета, а з настаўніцай абмеркаваў падручнік. У 11 класе на ўроку матэматыкі Ігар Карпенка спытаў у гімназістаў пра падрыхтоўку да выпускных экзаменаў, да ЦТ, пагутарыў з навучэнцамі пра іх прафесійныя планы. Дарэчы, сёлета ў першай гімназіі Валожына 33 выпускнікі, 11 з іх прэтэндуюць на атэстаты асаблівага ўзору. Акрамя таго, сярод адзінаццацікласнікаў ёсць пераможцы і ўдзельнікі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

У цэнтры ўвагі міністра былі вопыт дыстанцыйнага навучання ў гімназіі і работа з электронным школьным журналам. Кіраўнік ведамства пацікавіўся планамі арганізацыі выпускных мерапрыемстваў у навучальнай установе. У гімназіі прынята рашэнне ўру­чыць атэстаты аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі ва ўрачыстай абстаноўцы на тэрыторыі школьнага двара.


На завяршэнне рабочай паездкі Ігар Карпенка сустрэўся з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Валожынскага раёна. Міністр адзначыў, што такая сустрэча — магчымасць пагутарыць і ўзняць тыя пытанні, якія хвалююць педагогаў. Разам з тым ён асабліва падкрэсліў, што школа выконвае ўскладзеную на яе функцыю, але гэта не выключае адказнасці баць­коў за адукацыю свайго дзіцяці.

“Нельга ўспрымаць адукацыю як нейкую паслугу, якую мы аказваем з пункту гледжання рыначных механізмаў. Настаўнік можа выкласціся і на 150%, але, калі дзіця не захоча прыкладаць намаганні, каб асвоіць матэрыял, — нічога не адбудзецца. Вучоба — гэта сур’ёзная і адказная праца. Каб добра вучыцца, трэба мець сілу волі, быць арганізаваным, сабраным. Так, школа павінна стварыць умовы, але не замяняць бацькоў. Гэта сёння важна данесці да грамадства”, — дадаў Ігар Карпенка.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні індывідуальнага падыходу да атэстацыі навучэнцаў. “Ёсць нарматыўныя дакументы, як атэстоўваць школьнікаў. У нас заўсёды настаўнік персанальна адказваў за атэстацыю школьнікаў канкрэтнага класа. Хтосьці прыйшоў на заняткі, хтосьці мае зносіны з настаўнікам па інтэрнэце. І што змяніла пандэмія? Кожны настаўнік ведае сваіх вучняў і на што яны здольныя, — сказаў Ігар Карпенка. — У нас, напрыклад, 1-я і 2-я класы наогул не атэстоўваюцца. У 3-х і 4-х класах ёсць шэраг прадметаў, па якіх атэстацыя не ажыццяўляецца”.

Міністр нагадаў, што ў гэтым годзе ЦТ адбудзецца некалькі пазней. Яно стартуе 25 чэрвеня і будзе праходзіць у адпаведнасці з патрабаваннямі і рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя. Акрамя таго, ён заўва­жыў, што ў выпускнікоў ёсць вялікі выбар у атрыманні першай спецыяльнасці.

“Калі хтосьці з абітурыентаў не паступіць ва ўніверсітэт, то можна іх пераарыентаваць для атрымання першай прафесіі на ўзровень прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ніхто не павінен застацца без увагі, таму што, выпусціўшыся са школы, знайсці працу не так проста — сказаў Ігар Карпенка. — Сістэма прафтэхадукацыі дазваляе ўжыць гнуткі графік прыёму абітурыентаў. Усё гэта дасць магчымасць ахапіць максімальную колькасць выпускнікоў”.

Дарэчы, дакументы аб заканчэнні базавай і сярэдняй школы атрымаюць 20 428 выпускнікоў Мінскай вобласці. Пасведчанне аб атрыманні агульнай базавай адукацыі ўручаць 13 120 падлеткам. Атэстаты аб заканчэнні сярэдняй школы атрымаюць 7308 чалавек.

Размова таксама ішла аб заробках і сацыяльных выплатах педагогам. Узровень заработнай платы і сацыяльных выплат педагогам — на пастаянным кантролі Міністэрства адукацыі. “Па сакавіку сярэдняя зар­плата настаўнікаў па рэспубліцы склала 1 тысячу 06 рублёў. На сённяшні дзень зарплата настаўнікаў складае прыкладна 80—82% ад сярэдняй па краіне. Пастаўлена задача да 2025 года выйсці на 100%. З 1 студзеня была ўкаранёна новая сістэма апла­ты працы педагогаў, і гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі. Для мяне прынцыпова адстойваць пазіцыі па зарплаце і тых сацыяльных выплатах, якія павінны быць у сістэме адукацыі”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Ён таксама адзначыў, што міністэрства накіравала ва ўстановы адукацыі рэкамендацыі па стымуляванні настаўнікаў, якія ў сённяшніх умовах працуюць дыстанцыйна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.