Псіхолаг Ілляна Мацвіенка – аб тым, як на самасцвярджэнне і рост падлетка як асобы ўплывае сяброўства

- 11:14Интервью, Новости, Приложение, Психолог в школе

У падлеткаў самай важнай патрэбай становіцца сваё другое “Я”, менавіта таму лепшы сябар для іх набывае выключную значнасць і становіцца самым блізкім і галоўным чалавекам. Іх узаемаадносіны — гэта адначасова падтрымка і саперніцтва, давер і канфлікт. Так адбываецца, бо самасцвярджэнне і самавыяўленне найбольш яскрава праяўляюцца менавіта ў гэтым узросце.

Што рабіць, калі сяброўства нагадвае гонку за права быць лепшым? Ці мо­гуць адносіны дзяўчынак быць рамантызаванымі і як дапамагчы падлетку, калі ўзаемаадносіны з сябрам не даюць яму расці і перайшлі ў нездаровую залежнасць? Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”дапамагала знайсці псіхолаг Рэспуб­ліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка Ілляна Мацвіенка.

— Ілляна, на чым будуецца сяброўства ў дзяцей, у прыватнасці, у падлеткаў?

— Дзіцячае сяброўства можа будавацца на фоне агульных месцаў лакацыі: паміж сабой сябруюць тыя, хто жыве ў адным доме альбо часта сустракаецца ў двары на адной і той жа пляцоўцы. Што тычыцца  падлеткаў, то ў іх сяброўства разборлівае, выбіральнае. Яны арыентуюцца на свае інтарэсы, уласныя аб’ектыўныя крытэрыі адносна таго, хто варты, каб з ім сябравалі. Для падлеткаў сяброўства — гэта магчымасць задавальняць свае самыя важныя патрэбы. Адна з асноўных — у інтымна-асобасных зносінах. Важна, каб такія зносіны былі блізкімі, эмацыянальна зараджанымі. Для падлеткаў таксама важна прыняцце і групаванне па хобі і захапленнях.

— Ці нармальна, калі ў падлеткаў ёсць нейкія таямніцы, якіх не ведаюць бацькі, а толькі сябры?

— З узростам у любога чалавека мяняецца ўспрыняцце лю­дзей, якія яго акружаюць. У дзіцяці, якое ўступае ў падлеткавы ўзрост, светапогляд становіцца іншым, яно пачынае крытычна ставіцца да сябе і да тых, хто побач. На галоўнай сцэне — разуменне асабістых меж, асабістай прасторы. Дзеці пачынаюць па-свойму ўспрымаць тых, з кім кантактуюць, у іх з’яўляюцца свае колы зносін, якія пачынаюцца з асабістага “Я”. Наступнае кола — сям’я, блізкія лю­дзі, якім можна даверыць вельмі асабістую інфармацыю. Крыху далей ад сям’і ідуць сябры, якія таксама ведаюць штосьці асабістае. За імі — знаёмыя, з якімі ёсць агульныя інтарэсы, але няма блізкага кантакту, яны не маюць доступу да перажыванняў падлетка. Яшчэ адно кола — прафесіяналы. Гэтыя людзі могуць быць падлетку зусім незнаёмымі, але ў іх ёсць вызначаны статус, які збліжае з дзіцем: настаўнік, псіхолаг, урач.

У падлеткавым узросце ў дзяцей фарміруецца разуменне асабістай прасторы, адлегласці, на якой яны хочуць трымаць ад сябе сяброў, бацькоў, знаёмых. Зразумела, гэта вызначаецца праз эксперыменты: часта падлеткі самі не ведаюць, ці варта кагосьці падпускаць бліжэй. Менавіта гэтым можна растлумачыць, што, напрыклад, сёння з мамай добрыя адносіны, дзіця ёй расказвае штосьці са свайго жыцця, а заўтра яно замкнулася і маўчыць.

 З дзецьмі малодшага падлеткавага ўзросту важна прагавор­ваць, якія сакрэты і таямніцы можна замоўчваць, а якія лепш агучваць. Калі інфармацыя звязана з жыццём і здароўем самога дзіцяці, яго сяброў і знаёмых, важна не баяцца сказаць пра гэта і звярнуцца па дапамогу.

— Часта сярод дзяў­чы­нак-падлеткаў распаўсюджана вельмі блізкае сяброўства: яны цалуюць адна адну пры сустрэчы, трымаюцца за рукі. Што гэтаму спрыяе? І чаму многія дарослыя ўспрымаюць гэта не як статуснасць сяброўскай групы, а як трансляцыю аднаполых рамантычных адносін?

— Такія моманты нармальныя. У дружбе падлеткі рэалізуюць свае патрэбы. У дзяўчынак з’яўляецца неабходнасць эмацыянальнай падтрымкі, эксперыментаў са сваімі асабістымі межамі. Самы яскравы паказчык нашых меж — гэта наша цела, скура, тая адлегласць, на якую мы гатовы падпускаць да сябе іншых. У цесным фізічным кантакце можа рэалізоўвацца патрэба ў пяшчоце і ласцы, якіх дзяўчынкі ўжо не атрымліваюць дома. Бацькі, бабулі і дзядулі абдымаюць і цалу­­юць часта толькі маленькіх дзетак. У дачыненні да падлеткаў такія пачуцці амаль не праяўляюцца. Прычым гэта зыходзіць ад дарослых, ім становіцца няёмка цалаваць і абдымаць сваіх дзяцей, якія выраслі.

Тым не менш патрэба ў цялесным кантакце застаецца. Яе рэалізацыя адбываецца ў фізічным кантакце з тымі людзьмі, якіх падлеткі гатовы да сябе падпускаць, а зна­чыць, сябровак. Таксама трэба ўлічваць сацыяльныя і культурныя асаб­лівасці. Блізкія фізічныя зносіны дзяўчынак трансліруюцца ў многіх фільмах і серыялах як статуснасць сяброўскай групы, прыналежнасць да яе. Калі дзяўчынкі цалуюць адна адну ў шчаку ці ў вусны падчас сустрэчы, гэта можа быць як перайманне пэўных паводзін, так і форма надання статусу сваім сяброўскім адносінам. Таму ні ў якім разе не трэба ганяць дзяўчынак і думаць, што з імі нешта не так.

— Што рабіць, калі дзяўчынка расказвае, як любіць сваю сяброўку, і раўнуе, калі ба­чыць яе з іншым сябрам, або спрабуе кантраляваць, зво­ніць у позні час?

— Такія сітуацыі — вельмі частая гісторыя. У падлеткаў ёсць дзве формы існавання: групоўка, у якой многа людзей, і пара. Калі ў пары з’яўляецца трэці, яны пачынаюць перажываць: магчыма, ён лішні?

Сітуацыі, калі дзяўчынкі раўнуюць адна адну, могуць узнікаць з-за таго, што ў падлеткаў пачынае фарміравацца разуменне сваіх і чужых асабістых меж. Рэў­насць — гэта рэакцыя на з’яўленне ў зоне камфорту іншага чалавека і жаданне разрушыць гэта. Дарослыя павінны растлумачыць падлетку, што рэўнасць — гэта нармальнае пачуццё, якое нас многаму ву­чыць, у першую чаргу канструктыўна падыходзіць да вызначэння асабістых меж іншага чалавека. Акрамя гэтага, рэўнасць дапамагае вучыцца прымаць розныя пачуцці, сярод якіх расчараванне, ­злосць, крыўда. Задача бацькоў — дазволіць дзецям адчу­ваць гэтыя эмоцыі, не падаўляць іх. Будзе цудоўна, калі дарослыя на сваім вопыце раскажуць дзецям, як перажывалі рэўнасць, і пакажуць, што гэта не перманентная сітуацыя. У гэтай сітуацыі не важна, станоўчы гэта будзе вопыт або не. Галоўнае, каб дзіця зразумела, што рэўнасць здараецца і яе можна перажыць. Калі ў кантэксце рэўнасці закранаць тэму недатыкальнасці, то дзецям трэба нагадваць пра тое, што з чужымі межамі трэба абыходзіцца так, як бы яны дазволілі абыходзіцца са сваімі. У адваротным выпадку можа быць вельмі балюча.

Дзіцяці трэба прагаворваць, што адчуваць і трансліраваць любыя свае эмоцыі і пачуцці таксама нармальна. Дарэчы будзе за­даць пытанне пра тое, чаго не хапае ад сяброўкі, да якой узнікла рэў­насць. Магчыма, мала ўвагі. Калі гэта так, то як пра гэта ёй сказаць і што прапанаваць, каб выправіць сітуацыю? Мама таксама павінна запытацца, як яна можа дапамагчы ў гэтай сітуацыі.

— Калі захапленне іншым чалавекам не знаходзіць рэакцыі ў адказ, як гэта ўплывае на далейшае развіццё падлетка?

— Тут ёсць два варыянты развіцця падзей. Калі падлетак знаходзіць падтрымку і водгук бацькоў, ён пражыве вопыт расчаравання і адхілення. Такі вопыт мы ўсе праходзім, гэта важны этап асабістага развіцця. Падлетка ў такой гісторыі вельмі важна падтрымаць, сказаць, што, на жаль, так бывае, але гэта не значыць, што прычына ў ім. Можа, гэта звязана з жаданнямі і патрэбамі іншага чалавека. Такая сітуацыя — добры ўрок, які навучыць дзіця клапаціцца пра сябе. Варта сказаць, што, магчыма, яму таксама прыйдзецца кагосьці адхіліць, і задаць пытанне: што зрабіць, каб адхіленаму чалавеку было не настолькі балюча, як сёння табе?

Калі такія сітуацыі здараюцца, дзіцяці неабходны падтрымка і спачуванне, а не абясцэньванне накшталт “знойдзеш сабе  яшчэ сяброў”, “гэта ўсё дробязі, заўтра нават не ўспомніш”. Ні ў якім разе не павінна быць установак пра тое, што нікому, акрамя сям’і, давяраць нельга. Падлетак, застаўшыся кінутым, чакае слоў падтрымкі. Трэба сказаць яму, што вы разу­мееце, як яму балюча і крыўдна, ведаеце, што ён пражывае зараз расчараванне, і запытацца, чым можаце яму дапамагчы. Зноў жа, ваш уласны вопыт дзіцяці бу­дзе вельм цікавы. Калі першая эмацыянальная рэакцыя спа­дзе, можна бу­дзе спы­таць у дзіцяці, чаму, па яго меркаваннні, так адбылося і што зрабіць, каб такіх гісторый з ім больш не здаралася.

Калі дзіця не знаходзіць падтрымкі, а яго пачуцці абясцэнілі, гэта будзе адбівацца на яго самаацэнцы. Дзіця бу­дзе прымяраць траўматычны вопыт на камунікацыі з іншымі людзьмі альбо збягаць ад зносін. Магчыма і тое, што яно пачне падстройвацца пад іншых людзей, менш клапаціцца пра свае межы і пра сябе, абы яго прынялі іншыя і не адхілялі. Гэта вядзе за сабой рызыку трапіць у сітуацыі гвалту і маніпуляцыі. Каб такога не было, дарослыя павінны прыняць і падтрымаць вопыт расчаравання і адхілення, з якім сутыкнуўся іх маленькі дарослы падлетак.

— Па якіх прыметах можна западозрыць, што сяброўства перарасло ў нездаровую залежнасць?

— Любое праяўленне падлеткаў накіравана на іх развіццё і пашырэнне кругагляду, ведаў, навыкаў. Ім трэба, каб свет станавіўся большым, зразумелым. Самая галоўная прымета, што сяброўства пайшло не туды, што свет не расце, а звужаецца: замест таго, каб пашыраць сваё кола інтарэсаў і захапленняў, эмацыянальны спектр падлетка звужаецца, у яго няма магчымасці атрымліваць новы вопыт, ён факусіруецца толькі на захапленнях сябра, не цікавіцца нічым іншым. Калі замест адкрытых гарызонтаў тупікі і няма магчымасці ісці наперад, то гэта нездаровае сяброўства. Калі ўзаемаадносіны двух падлеткаў не даюць магчымасці аднаму з іх задавальняць свае патрэбы, калі адсутнічаюць новыя эмоцыі і падтрымка, інфармацыйны абмен, то таксама можна гаварыць, што сяброўства больш няма. Адсутнасць падтрымкі, новых эмоцый і радасці, інфармацыйнага абмену сведчыць пра тое, што такія адносіны — гэта не сяброўства. 

Што тычыцца бацькоў і таго, як ім сябе паводзіць, калі такая сітуацыя відавочная, то ім трэба размаўляць з дзіцем. Дарослыя тлумачаць маленькім дзецям, што такое сяброўства, і думаюць, што пагаварыць ­адзін раз на гэтую тэму дастаткова. Але гэта не так. Калі для маленькага дзіцяці сяброўства мае адно значэнне, то для падлетка — іншае. Што для цябе значыць сяброўства? Як думаеш, што рабіць, калі яно заканчваецца? Якім ты бачыш свайго сябра? Гэтыя пытанні трэба задаць падлетку, каб дапамагчы яму разабрацца з сітуацыяй, якая ўзнікла. 

Тэму сяброўскіх узаемаадносін трэба абмяркоўваць з падлеткам штогод, каб уба­чыць, ці змянілася яго меркаванне на гэты конт. Толькі ні ў якім разе нельга абясцэнь­ваць словы і пачуцці дзіцяці і не навязваць свае меркаванні і крытэрыі.

— Ілляна, як блізкае сяброўства ўплывае на саперніцтва, сама­сцвяр­джэн­не і рост падлетка як асобы?

— Усё залежыць ад таго, як будуюцца адносіны паміж дзецьмі. Калі сяброўства задавальняе ўсе патрэбы дзіцяці, то, безумоўна, яно з’яўляецца дадатковым рэсурсам для асобаснага росту і падтрымкі, фарміравання ў яго адэкватнай самаацэнкі. Дзякуючы здаровым сяброўскім адносінам, можна ствараць сітуацыю здаровай канкурэнцыі, якая дапаможа самасцвердзіцца.

Калі сяброўства фарміруецца на маніпуляцыях і страху быць непрынятым, то тут ёсць два варыянты развіцця па­дзей. Дзіця будзе пазбя­гаць канкурэнцыі або ствараць такія сітуацыі спецыяльна, каб самасцвер­дзіцца і каб на яго звярнулі ўвагу іншыя. 

Сяброўства — гэта не інструмент сама­сцвярджэння, і яно не павінна быць дасягненнем. Камусьці патрэбна 150 сяброў, а іншым падлеткам дастаткова аднаго. Інтэнсіўнасць зносін з тымі людзьмі, якіх падпускаюць да сябе падлеткі, з прычыны тэмпераменту і характару ў кожнага розная. Многія бацькі ўспрымаюць гэта як недахоп свайго дзіцяці і пачынаюць вучыць яго зносінам з людзьмі. Але гэта няправільна, лепш не рабіць такіх памылак, не ламаць дзяцей.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА