Пытанні сумесных адукацыйных праектаў і маладзёжных праграм былі ў цэнтры ўвагі падчас сустрэчы міністра адукацыі нашай краіны Сяргея Аляксандравіча Маскевіча з міністрам адукацыі Ніжагародскай вобласці Сяргеем Васільевічам Навумавым. Планы на сумесную дзейнасць былі агучаны ў аўторак у беларускім галіновым ведамстве.
Беларускі бок на чале з міністрам адукацыі прадстаўлялі спецыялісты і кіраўнікі ўпраўленняў вышэйшай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, упраўлення міжнародных сувязей Мінадукацыі. А ў ніжагародскую дэлегацыю на чале з міністрам адукацыі ўваходзілі рэктары вядучых ВНУ Ніжняга Ноўгарада, спецыялісты па маладзёжнай палітыцы, прадстаўнікі заканадаўчага сходу, а таксама каледжаў і тэхнікумаў расійскага рэгіёна.
Як адзначыў С.А.Маскевіч, супрацоўніцтва нашай краіны з рэгіёнамі Расіі эфектыўнае і карыснае на ўсіх узроўнях узаемадзеяння. А што тычыцца адукацыі, то кантакты з Ніжагародскай вобласцю наладжаны ўжо даўно. Разам з тым, як заўважыў міністр, ёсць сэнс і жаданне іх умацоўваць і пашыраць. У прыватнасці, была агучана прапанова пашырыць спектр сумесных маладзёжных праграм, формы іх арганізацыі і агульныя пляцоўкі рэалізацыі.
“Сёння вельмі важны абмен вопытам, прычым ва ўсіх галінах адукацыі. У нашым партнёрстве ўжо закладзены пэўныя традыцыі, таму хацелася б іх развіваць і далей. Актуальна і ўніверсітэцкая навука, інавацыйная дзейнасць і ўвогуле адукацыйная прастора, таму наша супрацоўніцтва і партнёрства павінны насіць узаемаабагачальны характар”, — сказаў у сваім звароце да расійскіх калег С.А.Маскевіч.
У сваю чаргу С.В.Навумаў, міністр адукацыі Ніжагародскай вобласці, адзначыў, што супрацоўніцтва з беларускімі калегамі даўно плённа ўздзейнічае на сістэму адукацыі іх рэгіёна. У прыватнасці, у Ніжагародскай вобласці ўзялі на заметку беларускі вопыт захавання і развіцця ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Сёння адукацыя Ніжагародскай вобласці развіваецца хуткімі тэмпамі. Як адзначыў С.В.Навумаў, з прыходам новага губернатара (Валерыя Шанцава) значна павялічыўся бюджэт вобласці, што паўплывала і на развіццё адукацыі. У прыватнасці, з першага студзеня бягучага года была павялічана заработная плата настаўнікаў. Цяпер у сярэднім яна складае 19 000 расійскіх рублёў і вышэй. Акрамя таго, дзейнічае спецыяльная праграма падтрымкі педагогаў. Калі настаўнік падпісвае кантракт на 10 гадоў, то ён бясплатна забяспечваецца жыллём і машынай. І калі гэтыя 10 гадоў ён працуе аддана і добрасумленна, то і кватэра, і машына поўнасцю пераходзяць у яго валоданне. На думку міністра Ніжагародскай вобласці, такі падыход з’яўляецца выдатным стымулам для настаўнікаў.
Ёсць у Ніжагародскай вобласці свой вопыт знаходжання прымальных рашэнняў у сувязі з закрыццём школ. Каб забяспечыць аптымальныя ўмовы самым маленькім вучням, якія, як правіла, больш за ўсё пакутуюць ад закрыцця школы (дабірацца ў новую далёка і ўставаць трэба рана), яны пайшлі па шляху будаўніцтва дамоў настаўніка, калі першы паверх адводзіцца пад класы, а на другім жыве настаўнік.
Але і праблемы ў сферы адукацыі расійскага рэгіёна па-ранейшаму застаюцца. Напрыклад, у іх катастрафічна не хапае педагогаў для дашкольных устаноў (як, зрэшты, і саміх садкоў), лагапедаў, дэфектолагаў. Каб нейкім чынам вырашыць праблему недахопу садкоў і выхавальнікаў, у Ніжагародскай вобласці пачалі ствараць сістэму сямейных дзіцячых садкоў.
Спецыялісты ўпраўлення вышэйшай адукацыі Мінадукацыі нашай краіны зацікавіліся вопытам расійскіх калег па наладжванні эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж установай вышэйшай адукацыі і патэнцыяльнымі работадаўцамі. У нашай краіне пакуль робяцца толькі першыя крокі ў гэтым напрамку, таму вопыт, агучаны рэктарам Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Н.І.Лабачэўскага, можа быць запатрабаваны.
Рэктар універсітэта Я.У.Чупруноў адзначыў, што іх універсітэт з работадаўцамі ўзаемадзейнічае па пэўнай схеме, сэнс якой заключаецца ў тым, што ў адной камандзе працуюць універсітэт, студэнт і прадпрыемства. “Працэс гэты, канечне, вельмі затратны, але ў выніку будучы спецыяліст набывае патрэбныя прадпрыемству ўменні і навыкі яшчэ будучы студэнтам, бо само прадпрыемства прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы (гэта могуць быць, напрыклад, лабараторыі, набытыя з дапамогай прадпрыемства, ці практыка непасрэдна на прадпрыемстве)”, — заўважыў Я.У.Чупруноў. Канечне, гаворка не ідзе пра тое, што ўніверсітэт уладкуе на работу ўсіх сваіх выпускнікоў, але, па крайняй меры, большую частку. Акрамя таго, цяпер ва ўніверсітэце працуюць у напрамку рэалізацыі міжгаліновых праектаў, у якіх задзейнічаны, напрыклад, спецыялісты медыцынскай галіны, інжынеры, праграмісты.
У сваю чаргу міністр адукацыі нашай краіны заўважыў, што ў нас пакуль яшчэ абмяркоўваюцца пытанні тэрмінаў, этапаў і зместу практыка-арыентаванай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, роля ў гэтым працэсе магістратуры, прадпрыемстваў. У гэтай сувязі, вопыт расійскіх калег, безумоўна, варты ўвагі. Акрамя таго, падчас сустрэчы ішла гаворка і пра новы адукацыйны дакумент, які нядаўна быў прыняты ў Расіі, — Закон аб адукацыі Расійскай Федэрацыі, знаёмства з якім карысна і для беларускіх спецыялістаў.
Зразумела, падчас сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі ў большасці абмяркоўваліся агульныя тэндэнцыі супрацоўніцтва з установамі адукацыі Ніжагародскай вобласці. Прыватныя ж размовы са спецыялістамі розных галін адукацыі адбываліся пасля, калі расійскія госці наведвалі ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Можна меркаваць, што сустрэчы і перамовы прайшлі гэтак жа прадукцыйна, як і сустрэча міністраў адукацыі С.А.Маскевіча і С.В.Навумава.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by