На базе алімпійскага спартыўнага комплексу “Стайкі” з 6 па 8 кастрычніка прайшлі фінальныя спаборніцтвы IX Рэспубліканскай спартакіяды для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спаборніцтвы былі арганізаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам спорту і турызму. Мэта мерапрыемства — сацыяльная адаптацыя і фізічная рэабілітацыя гэтай катэгорыі дзяцей, фарміраванне і прыцягненне ўвагі грамадства да іх праблем і далучэнне іх да здаровага ладу жыцця.
У цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў спартакіяды прымалі ўдзел начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.М.Змушко, начальнік упраўлення фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Пётр Рыгоравіч Воран, ганаровы старшыня Грамадскага аб’яднання “Беларускі камітэт Спешыал Алімпікс” Валянцін Андрэевіч Шух і іншыя.
Рэспубліканская спартакіяда для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — традыцыйнае мерапрыемства, якое праводзіцца з 2003 года адзін раз у два гады. З 2012 года спартакіяда ўключана ў спіс мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2016 гады.
Спаборніцтвы праводзяцца ў два этапы. Сёлета ў іх удзельнічалі дзеці з парушэннем слыху, парушэннямі зроку, з цяжкімі парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні, з інтэлектуальнай недастатковасцю — навучэнцы спецыяльных агульнаадукацыйных школ (школ-інтэрнатаў), дапаможных школ (школ-інтэрнатаў), спецыяльных класаў і класаў інтэграванага навучання і выхавання — усяго 158 чалавек.
Юныя спартсмены перад спартакіядай абавязкова праходзілі медыцынскае абследаванне. Спаборнічалі яны ў чатырох відах спорту: валейболе (дзяўчынкі), міні-футболе (хлопчыкі), лёгкай атлетыцы і настольным тэнісе (хлопчыкі і дзяўчынкі), прычым, у адпаведнасці з правіламі, зацверджанымі міжнароднымі федэрацыямі па гэтых відах спорту, а таксама з правіламі, распрацаванымі міжнароднай арганізацыяй “Спешыал Алімпікс Інтэрнэшнл” з улікам спецыфікі розных катэгорый дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Узначальваў галоўную судзейскую калегію суддзя міжнароднай катэгорыі і алімпійскі арбітр, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Эрнст Мікалаевіч Яроменка. На гэтай пасадзе ён з 1965 года, быў суддзёй на Алімпійскіх гульнях у Маскве ў 1980 годзе, неаднаразова вызначаў наймацнейшых на рэспубліканскіх спартакіядах для дзяцей з АПФР, што праходзілі ў нашай краіне. Эрнст Мікалаевіч адзначыў, што дзеці сваімі выступленнямі прадэманстравалі, што з імі шмат працуюць педагогі і спецыялісты на месцах. Узровень тэхнічнай падрыхтоўкі дзяцей, якія вучацца ў спецшколах, па яго меркаванні, даволі высокі. Хаця ў лёгкаатлетычных спаборніцтвах вынікі дзяцей маглі б быць і лепшымі, перашкодзілі неспрыяльныя ўмовы надвор’я, якія не дазволілі юным спартсменам выступіць на поўную сілу.
Дзеці былі вельмі эмацыянальнымі, яны ад душы радаваліся спартакіядзе, а таксама таму, што яна праводзіцца на базе алімпійскага комплексу, дзе трэніруюцца і спаборнічаюць беларускія алімпійцы. Юнакі і дзяўчаты пакідалі “Стайкі” напоўненымі жаданнем удасканальваць сваё майстэрства.
Некалькі слоў пра вынікі спаборніцтваў. У бегу на 60 метраў першае месца з вынікам 19,76 секунды ў Лізаветы Пятрэнка, навучэнкі Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Дзяўчынка, дарэчы, стала лепшай і ў кіданні мяча (33,05 метра). Сярод хлопчыкаў у бегу на 60 метраў з вынікам 8,34 секунды перамог Сяргей Падлескі з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната.
У скачках у даўжыню з разбегу лепшымі сталі Яна Баханкова, навучэнка Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку (196 см), і Іван Бобрык з Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку (226 см).
Сярод хлопчыкаў далей за ўсіх кінуў мяч — на 50,88 метра — Алег Хоміч з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната.
Самымі спрытнымі ў бегу на 400 метраў аказаліся Аліна Валужына, навучэнка Васілевіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку (1 мінута 20,34 секунды), і Сяргей Здановіч, навучэнец Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку (1 мінута 4,92 секунды).
Па выніках ва ўсіх відах былі вызначаны пераможцы камандных і асабіста-камандных спаборніцтваў — 12 каманд-прызёраў і 30 індывідуальных прызёраў. У агульнакамандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: на першым — каманда Віцебскай вобласці; на другім — Гродзенскай, на трэцім — Брэсцкай.
Удзельнікі спартакіяды ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, медалямі і кубкамі Міністэрства спорту і турызму, а таксама прызамі: грашовымі (за 1—3 месцы) і заахвочвальнымі (за 4—7). Трэнерам, якія падрыхтавалі пераможцаў, уручаны дыпломы Міністэрства адукацыі.
Напрыканцы цырымоніі ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў павіншавалі выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Падчас культурнай праграмы юныя спартсмены наведалі Мінскі заапарк.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.