Узрост не перашкода для прафесійных дасягненняў і насычанага жыцця. Гісторыя настаўніцы Валянціны Ціханоўскай

- 12:06Образование

Узрост не перашкода для прафесійных дасягненняў і насычанага жыцця. Пацвярджэнне гэтага — гісторыя настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 2 Быхава Валянціны Фёдараўны Ціханоўскай. Ёй 73 гады. Яе вучні становяцца пераможцамі алімпіяд, набіраюць сто балаў на ЦЭ. А сама яна водзіць машыну, наведвае басейн і год назад зноў знайшла асабістае шчасце. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навука пра жыццё

Быхаў стаў для яе родным горадам з часоў дзяцінства. Сюды яна, ураджэнка Чэрыкаўскага раёна, прыехала разам з бацькамі пасля пяці гадоў жыцця на Сахаліне. Тут скончыла школу, дзе і вызна­чылася з выбарам будучай прафесіі дзякуючы настаўніцы хіміі.

— Агаф’я Адамаўна стала для мяне прыкладам. Яе падыход да выкладання прадмета быў непарыўна звязаны з прымяненнем набытых ведаў на практыцы. Яшчэ тады зразумела, што хімія — навука пра жыццё і для жыцця. Таму кожны раз падчас урокаў акцэнтую ўвагу вучняў на гэтым моманце, што дапамагае хутчэй зацікавіць дзяцей і матываваць іх, — расказвае настаўніца.

Яна не здрадзіла свайму жаданню працаваць у школе і пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Справа ў тым, што Валянціна Фёдараўна мела магчымасць прысвяціць свой лёс мікрабіялогіі ці заалогіі, але дзіцячая мара перамагла. Атрымаўшы дыплом, маладым спецыяліс­там вярнулася ў Быхаў.

Першым працоўным месцам стала сярэдняя школа № 4. А вось роднай нас­таўніца лічыць школу № 2, у якой пачала праца­ваць з першых дзён адкрыцця ўстановы адукацыі ў 1993 годзе. І працягвае выкладаць тут хімію і сёння.

— Дзевяць гадоў я была намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, узначальвала атэстацыйную камісію. Наша школа тады мела эстэтычны ўхіл, калектыў сапраўды быў вельмі творчы. Мы стварылі выставачную залу, дзе паказ­валі ўсе дасягненні вучняў і настаўнікаў. Менавіта ў нашай школе з’явіўся першы ў раёне музей, прысвечаны хлебу. Па прафсаюзнай лініі супрацоўнічалі са Жлобінскім раёнам. І там у адной з устаноў адукацыі мне падарылі гітару, зроб­леную з макароны. Мы падхапілі гэтую ідэю і вырабілі выставачныя экзэмпляры балалайкі, скрыпкі і нават раяля з такога ж матэрыялу, — успамінае Валянціна Фёдараўна.

Зараз яна выкладае ў профільных хіміка-біялагічных класах, займаецца з удзельнікамі алімпіяднага руху, рыхтуе вучняў да ЦТ і ЦЭ, праводзіць факультатыўныя заняткі.

Валянціна Фёдараўна мае шмат узнагарод, дыпломаў, сёлета была прызнана лепшай у прафесіі. Яна — настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яшчэ ў 1987 годзе стала настаўнікам-метадыстам. Пасля распаду СССР неабходна было пацвердзіць узровень. Аднак, прызнаецца педагог, ёй тады было шкада часу — вырашыла, што лепш патраціць яго на вучняў.

У 2006 годзе ў школе прайшоў творчы вечар, прысвечаны яе 55-годдзю. Юбіляр прымала віншаванні ад вучняў, прадстаўнікоў аддзела адукацыі і сваіх калег. Дарэчы, на той момант сярод іх было 15 яе выпускнікоў. Валянціна Фёдараўна са спакойным сэрцам магла пайсці на заслужаны адпачынак. Аднак зрабіла іншы выбар.

— Я працую не дзеля грошай. Адчуваю сябе карыснай, патрэбнай дзецям, — падкрэслівае суразмоўніца.

Мае дзеці

Менавіта так Валянціна Фёдараўна называе ўсіх сваіх вучняў, былых і цяперашніх.

— За пяць гадоў, з 7 па 11 клас, прыкіпаю да іх душой і сэрцам. Не дазваляю сабе абыякавасці. Дзеці ж усё адчуваюць, іх не падманеш. Мне важна, каб яны мне давяралі. Часам ведаю пра іх больш, чым бацькі, — дзеліцца Валянціна Фёдараўна.

Пры гэтым педагог лічыць сябе строгім настаўнікам. Аднак голас павышаць на вучняў лічыць недапушчальным. Ёй дастаткова пастукаць пярсцёнкам па стале, калі ў класе шумна, і дзеці супакойваюцца. У вучэбным працэсе для настаўніцы не бывае дробязей. Дэвізам для яе з’яўляюцца ўсяго два словы — “Наву­чыць вучыцца”. Імі кіруецца ўвесь час. Шмат увагі ўдзяляе вядзенню канспекта. Гэта абавязкова сшытак на 96 лістоў. Канспекты атрымліваюцца настолькі якасныя і інфарматыўныя, што навучэнцы берагуць іх і перадаюць потым сваім дзецям.

Выпускнікі — асаблівая гордасць нас­таўніцы. Сярод іх вельмі шмат урачоў.

— Вось і ў гэтым годзе мой вучань па выніках алімпіяды мае права быць залічаным без уступных іспытаў у Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт. Але марыць паступіць у БДМУ. Летась мая вучаніца стала студэнткай гэтай УВА. Падчас сесіі звярнулася да мяне, каб я дапамагла ёй з біяхіміяй. Прывезла свае падручнікі, я дастала свае, і два выхадныя дні мы разбіраліся. Яна выдатна здала экзамен. Яшчэ адна дзяўчына паступіла ў тэхналагічны ўніверсітэт, каб стаць ландшафтным дызайнерам. Вось напісала мне, падзялілася радасцю, што здала хімію на “дзесяць”. Гэта і ёсць тое, дзеля чаго я жыву і працую, — адзначае Валянціна Фёдараўна.

Аптымістычны настрой

Работа ў школе стала выратаваннем для Валянціны Фёдараўны ў вельмі складаны момант, калі нечакана не стала мужа. Яны вучыліся ў адной школе, ён на год старэйшы. Пражылі разам двац­цаць шчаслівых гадоў, напоўненых паразуменнем, пяшчотай, падтрымкай. Гадавалі дзвюх дачок.

— А потым я асірацела. 30 гадоў захоўвала яго ружжо для палявання. Была адзінай жанчынай у складзе таварыства паляўнічых у нашым раёне. Нашу машыну таксама не стала прадаваць. Яна — маё хобі. Вадзіцельскае пасведчанне атрымала яшчэ ў 1979 годзе, стаж ужо вялікі, — усміхаецца Валянціна Фёдараўна. — Дочкі прапаноўвалі пересесці на сучасны аўтамабіль, але я не пагадзілася. Зраднілася са сваёй “шасцёрачкай”.

Дочкі суразмоўніцы скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У кожнай свая сям’я, жывуць у сталіцы, часта наведваюць Валянціну Фёдараўну.

Канечне, яна сумуе па дзецях і ўнуках, аднак падаць духам сабе не дазваляе. Дома ў яе вялікая бібліятэка. І Валянціна Фёдараўна знаходзіць час не толькі для літаратуры па хіміі, але і для мастацкіх твораў. Зараз чытае “Хромой барин” Аляксея Талс­тога.

Заставацца ў выдатнай фізічнай форме Валянціне Фёдараўне дапамагае плаванне. Яна ходзіць у басейн, нават прымае  ўдзел у спаборніцтвах для тых, каму за 60. Тут і пазнаёмілася з былым ваенным, які пакарыў яе сэрца.

— Ён кожны дзень пры любым надвор’і наведвае басейн, прыязджае на сваім веласіпедзе. Я заўважыла даўно, што ён звяртае на мяне ўвагу. Мінулай вясной я трапіла ў бальніцу, перастала хадзіць у басейн. Ён распытаў інструктараў пра мяне і завітаў у бальнічную палату. Я адчула, што гэты чалавек умее клапаціцца, ён спагадлівы і добры. Зараз мы муж і жонка. Дзеці рады за мяне, што я больш не ў адзіноце, — шчыра расказвае настаўніца.

Здаецца, я адышла ад тэмы настаўніц­тва, расказваючы пра жыццё Валянціны Фёдараўны. Прызнаюся, зрабіла гэта наўмысна. Яно — прыклад таго, наколькі важна мець аптымістычны настрой, звяртаць увагу на сваё развіццё па-за межамі прафесіі, каб быць цікавым самому сабе. Наколькі важна сачыць за сваім здароўем і браць на сябе адказнасць за яго. І дзейні­чаць, каб заставацца бадзёрым целам і духам.

Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара