Ваеннымі дарогамі землякоў: у Стрыгінскай школе вядуць актыўную пошукавую работу

- 13:30Новости

Каб памяць пра Вялікую Айчынную вайну не знікла ў няўмольных жорнах гісторыі, у Стрыгінскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна вядуць актыўную пошукавую работу.

— Cучасныя дзеці павінны паспець пачуць ад удзельнікаў і сведак далёкіх падзей праўду пра вайну, — гаворыць школьны бібліятэкар Святлана Пунько. — Асабліва важна звярнуцца да вытокаў Вялікай Перамогі, асэнсаваць яе ўрокі і каштоўнасці, каб захаваць і перадаць памяць пра абаронцаў Ра­дзімы і працаўнікоў тылу наступным пакаленням.

За некалькі дзесяцігоддзяў у школьнай бібліятэцы быў сабраны багаты матэрыял пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Да юбілейнай гадавіны Перамогі Святлана Пунько разам з шасцікласніцамі Дар’яй Пунько і Ангелінай Макоўчык падрыхтавалі даследчую работу “Па дарогах вайны ішлі мае землякі”, якая апынулася ў ліку пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Іх імёны ў гісторыі Перамогі”. 105 старонак змяшчаюць 118 фотадакументаў і 106 QR-кодаў.

— Штогод 9 мая ветэраны збіраліся разам, каб успом­ніць баявую маладосць, — расказвае Святлана Пунько. — Сёлета памёр апошні ўдзельнік вайны, які пражываў на тэрыторыі Стрыгінскага сельсавета. У бібліятэцы захоўваюцца больш за 200 дакументаў (фотаздымкаў, грамат, падзячных пісем, паштовак, ордэнаў і медалёў), перададзеных ветэранамі і іх нашчадкамі. Сямейныя рэліквіі шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе падчас розных мера­прыемстваў, тэматычных выстаў і заняткаў. Педагогам і вучням удалося запісаць шмат успамінаў ветэранаў. Работа, падрыхтаваная Віктарам Пунько і Мікалаем Курыловічам на аснове ўспамінаў Мікалая Даміно і Васіля Кавалевіча, заняла 3-е месца ў ІІІ Рэспуб­ліканскім мала­дзёжным конкурсе па айчыннай гісторыі да 60-годдзя Вялікай Перамогі.

Святлана Пунько правяла з дзецьмі шмат пошукава-края­знаўчых экспедыцый, удзельнікі якіх наведвалі ветэранаў і былых вязняў канцлагераў, месцы пахавання чырвонаармейцаў, вывучалі музейныя матэрыялы і дакументы Стрыгінскага сельсавета. Яго старшыня Іван Крагель перадаў школьнай бібліятэцы дакументы па гісторыі роднага краю і стэнд “Яны змагаліся за Радзіму”.

Ва ўстанове адукацыі дзейнічае музей “Мая Бацькаўшчына” імя Р.І.Якушык. Дар’я Пунько і Ангеліна Макоўчык дасканала вывучылі яго матэрыялы, супаставіўшы іх з сабранымі, а таксама наведалі сем’і ветэранаў. Так, Антаніна Макоўчык расказала шмат цікавага пра мужа Васіля Паўлавіча і вайну. А Павел і Алена Крагель з любоўю і цеплынёй успомнілі пра бацьку і свёкра Мікалая Крагеля.

Не забылі школьнікі наве­даць і былых вязняў, якіх на тэрыторыі сельсавета засталося ўсяго 5 чалавек. Так, Алену Макоўчык вывезлі ў Германію разам з братам Іванам. Алена Васільеўна — творчы чалавек: вышывае, займаецца выцінанкай і роспісам па шкле. Шмат цікавага расказала школьнікам Вера Мшар, гартаючы старонкі сямейнага фотаархіва і ўспамінаючы суседзяў і работу ў калгасе.

— Падчас пошукавай работы вучаніцы набылі каштоўны вопыт камунікацыі з людзьмі і збору інфармацыі. Убачаным і пачутым дзяўчынкі дзяліліся з аднакласнікамі, якія таксама больш даведаліся пра ваенныя дарогі землякоў, — падагульняе Святлана Пунько.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ