Вайна на кінастужцы

- 15:26Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Дзясяткі гадзін здымак, мноства ўспамінаў і… адна Вялікая Перамога. Каб помнілі, каб цанілі, каб ганарыліся. Мінская гарадская арганізацыя “БРСМ” у кінатэатры “Цэнтральны” прэзентавала цыкл фільмаў-успамінаў ад асобы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — вынік рэалізацыі маладзёжнага патрыятычнага праекта “Мой фільм пра вайну”. Рэжысёрамі, сцэнарыстамі і аператарамі сталі сталічныя школьнікі і студэнты, актывісты БРСМ.

Работа над праектам пачалася ў ліпені мінулага года. З кожным днём відавочцаў і ўдзельнікаў той страшэннай вайны застаецца ўсё менш. І каб захаваць праўдзівыя гістарычныя факты, успаміны пра гераізм савецкіх салдат, дзясяткі маладых людзей узялі ў рукі відэакамеры і пагутарылі з ветэранамі. Сярод іх суразмоўцаў аказаліся Яўген Васільевіч Агурцоў, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі; Уладзімір Васільевіч Барадзін, узнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна” і іншыя. Усе інтэрв’ю зманціраваны ў ролікі працягласцю 20—25 хвілін. У іх ветэраны расказваюць пра тое, як вайна змяніла іх планы і ўвогуле лёсы, пра тое, з якімі пачуццямі яны ішлі на вайну, і пра тое, што значыла для іх пачуць словы Левітана пра капітуляцыю Германіі, пра тое, што адчулі людзі, якім пашчасціла пачуць слова “Перамога!” .

“У зале кінатэатра сабраліся і героі відэасюжэтаў, і ветэраны з усяго горада, і юнакі і дзяўчаты, якія здымалі фільмы, — не засталося ні аднаго вольнага месца. У кожнага, хто прысутнічаў у кінатэатры, былі самыя прыемныя ўражанні і адчуванні ад прагляду, — зазначыў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” Анатоль Адоньеў. — Дзякуючы моладзі і яе ініцыятыве, засвяціліся вочы ветэранаў. Гэта годны падарунак ад БРСМ і ад нашай арганізацыі да 70-годдзя вызвалення Беларусі і да Дня Вялікай Перамогі”.

Яшчэ адным падарункам стаў святочны канцэрт, які падрыхтавалі для гасцей школьнікі і студэнты. Выканаўцы настолькі душэўна выконвалі ўсім вядомыя франтавыя кампазіцыі, што ўсе прысутныя нават сталі падпяваць і не ўпусцілі шансу патанцаваць пад гукі вальса. Сустрэча яшчэ раз даказала, што сучасная моладзь шануе памяць пра Вялікую Перамогу.

Відэаінтэрв’ю можна паглядзець у афіцыйных групах саюза моладзі ў сацыяльных сетках. Анталогія фільмаў будзе запісана і на DVD-дыскі, якія будуць перададзены ў архіў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Надзеі МІКАЛАЕВАЙ.