У яслях-садзе № 2 Гарадка са снежня 2021 года дзейнічае валанцёрскі атрад “БлагоДарю”. Маленькія валанцёры дораць крыху цеплыні, дабра і настрою адзінокім і пажылым людзям, а таксама людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
Пагадненне аб валанцёрскім руху падпісалі загадчыца дзіцячага сада Наталля Пятрова і дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Ардзяка. Ва ўрачыстай атмасферы прайшло пасвячэнне выхаванцаў у валанцёры, дзеці зачыталі клятву.
— Хто ж такія валанцёры? Гэта людзі, якія гатовы да самаахвяравання, якія аказваюць дапамогу іншым у розных сферах жыццядзейнасці. І нашы выхаванцы нічым не адрозніваюцца ад дарослых валанцёраў, штодзённае іх жыццё ў дзіцячым садзе гэта даказвае, — адзначае Наталля Валер’еўна. —Дашкольнікі праз валанцёрства могуць стаць ініцыятарамі і арганізатарамі пазітыўных змяненняў у дзіцячым садзе і найбліжэйшым сацыяльным асяроддзі.
Асноўная наша мэтавая група — дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту. Бацькі дома, а педагогі ў садзе выхоўваюць у іх мараль, патрыятызм, павагу да традыцый свайго народа, працы, талерантнасць, спагадлівасць і міласэрнасць да людзей, беражлівыя адносіны да прыроды, птушак і бяздомных жывёл.
Асноўная місія маленькіх валанцёраў — зрабіць жыццё навакольных больш яркім і добрым, прымаць удзел у конкурсах, ранішніках, добраахвотніцкіх і валанцёрскіх мерапрыемствах.
Што паспеў зрабіць валанцёрскі атрад “БлагоДарю”? Сустрэцца з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі ў аддзяленнях дзённага знаходжання для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Гарадоцкага раёна і павіншаваць іх з рознымі святамі. Дзеці чыталі вершы і выконвалі музычныя нумары, дарылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Наведвальнікі аддзяленняў таксама падрыхтавалі для маленькіх валанцёраў падарункі. Дашкольнікі павіншавалі з Новым годам выхаванца сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама пазнаёміліся са святаром храма Святой Жываначальнай Тройцы Гарадка, які расказаў пра гісторыю ўзнікнення хрысціянскіх свят.
— Магчыма, гэта першы выпадак у краіне, калі валанцёрамі сталі дашкольнікі, — падкрэслівае Наталля Пятрова. — Нашы выхаванцы па меры сіл будуць дапамагаць адзінокім пажылым людзям. Вядома, размова не пра тое, каб калоць дровы або чысціць снег у двары, для гэтага яны яшчэ маленькія. Жывыя зносіны, увага, чалавечае цяпло — тое, чым нашы малышы могуць і хочуць дзяліцца.
***
Напрыканцы мінулага года ў яслях-садзе № 2 Гарадка пачала дзейнічаць анімацыйная студыя. Дзеці азнаёміліся з асновамі інфармацыйных, лічбавых і медыйных тэхналогій, з захапленнем пачалі ствараць дэкарацыі для мультфільмаў, агучваць герояў. Зрабілі і першыя мультфільмы па асновах бяспекі дзяцей і энергазберажэнні.
— Усё больш у наша жаццё ўваходзяць камп’ютарныя тэхналогіі. З’яўляецца выбар новых, інавацыйных форм і метадаў работы з дзецьмі. Ідэя адкрыцця студыі ўзнікла, калі мы пачалі рэалізоўваць абласны творчы праект “Развіццё пазнавальных здольнасцей у дзяцей 5—7 гадоў з дапамогай тэхнічнага канструявання”, — расказала Наталля Валер’еўна. — У гэтым навучальным годзе мы займаемся LEGО і TИКO-канструктарамі. Заўважылі, што з дапамогай канструявання можна ствараць розных герояў, дамы, вуліцы і г.д. А гэта і ёсць дэкарацыі для мультфільмаў. — Анімацыйная студыя дапамагае нашаму калектыву ў рэалізацыі іншых праектаў. Сярод іх раённы творчы праект па ўкараненні мадэлі фарміравання асноў бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў праз узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі з сям’ёй і соцыумам. Саду прысвоены статус “Зялёная школа” і тут вядзецца работа па аднайменным рэспубліканскім адукацыйным праекце. Далучыліся мы і да еўрапейскай інфармацыйна-адукацыйнай экалагічнай кампаніі Zооm — “Дзеці ў руху за клімат”. Установа таксама ўдзельнічае ў рэспубліканскім прафілактычным праекце “Гарадок — здаровы горад” па фарміраванні асноў здаровага ладу жыцця і ў рэспубліканскім адукацыйным праекце “Марафон алімпійскай адукацыі”, які арганізуе Беларуская алімпійская акадэмія. А сумесна з ПВТ тут пачата работа па ўкараненні праекта “Інфарматыка без разеткі”.
Надзея ЦЕРАХАВА.