Прапануем вашай увазе гульню-падарожжа па творчасці Васіля Быкава для вучняў 8-га класа.
Мэта: выявіць і пашырыць веды вучняў па творчасці В.Быкава, развіваць лагічнае мысленне школьнікаў, вуснае маўленне, пазнавальную актыўнасць, хуткасць рэакцыі, уменне працаваць у камандзе, садзейнічаць выхаванню ў дзяцей цікавасці да твораў класіка.
Абсталяванне: партрэт В.Быкава; выстава кніг пісьменніка; карткі з заданнямі для каманд; чорная скрыня.
В.Быкаў, як той васілёк у жыце Беларушчыны, робіць зямлю нашую бліжэйшай да неба, а неба слова беларускага вышэйшым.
Р.Барадулін
Ход мерапрыемства
Настаўнік. В.Быкаў… Гэта, напэўна, самы вядомы беларускі пісьменнік у свеце, непераўзыдзены майстар ваеннай прозы. Менавіта творы Васіля Уладзіміравіча на ваенную тэматыку прынеслі яму сусветную вядомасць і прызнанне. Пісьменнік сам прайшоў праз вайну, зведаў цяжар франтавога жыцця, жахі ваеннага ліхалецця. Яго часта называюць чалавекам, які выжыў. Таму не дзіўна, што яго кнігі, суровыя і справядлівыя, перш за ўсё пра жорсткую праўду ваенных гадоў, якая нікога не пакідае раўнадушным.
З некаторымі творамі геніяльнага празаіка вы ўжо знаёміліся, таму сёння прапаную вам узгадаць багатую спадчыну В.Быкава і прыняць удзел у літаратурнай гульні. Камандам жадаю ўдачы! (У гульні ўдзельнічаюць тры каманды. За кожны правільны адказ камандам налічваецца 1 бал.)
Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка
I конкурс. “Ці праўда гэта?” (конкурс капітанаў)
Вызначце, якія факты ўзяты з біяграфіі В.Быкава.
- Нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна.
- Бацьку звалі Мікалай.
- З дзяцінства вылучаўся цягай да малявання.
- Вучыўся ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце.
- Лічыўся пахаваным у брацкай магіле.
- Асноўная тэма твораў — ваенная.
- Аўтар рамана “Нельга забыць”.
- Вельмі любіў сабак.
- Валодаў вялікім пачуццём гумару і тонкай самаіроніяй.
- Быў рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”.
- З’яўляўся зацятым аўтааматарам.
- Любіў музыку Брамса.
- Атрымаў Нобелеўскую прэмію.
- Народны пісьменнік БССР.
Даведка: 3, 5, 6, 8, 9, 11, 12, 14.
II конкурс. “Залацінкі мудрасці”
Прыгадайце самыя яркія афарызмы В.Быкава.
Даведка.
“Напэўна, кожны чалавек — ад прыроды чалавек. Жыццё робіць з яго генія або злыдня”.
“Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава”.
“Гэта няпраўда, што ад нас нічога не залежыць. Ад кожнага залежыць усё!”
“Калі жыццё ў маленстве ператрэ добра — будзе чалавек. Залашчыць — прапаў чалавек”.
“Вайна агідная чалавечай прыродзе, нішто не можа апраўдаць яе існаванне”.
“Гісторыя, як вядома, не толькі люстэрка жыцця грамадства, але і пэўны алгарытм яго будучыні”.
“Чалавек можа толькі ці заставацца чалавекам, ці перастаць існаваць”.
“Жыццё — гэта мільёны сітуацый, мільёны характараў. І мільёны лёсаў”.
“Без гнязда не пражыве не толькі птушка, а і чалавек”.
“Не будзем шкадаваць мы, не пашкадуюць і нас”.
“Праўда, якой бы горкай яна ні была, заключае ў сабе жыватворную сілу”.
“Нацыянальная самасвядомасць вырашае ўвесь лёс нацыі. Гэта той капітал, які нельга ўзяць у крэдыт за мяжой”.
“Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі?”
“Мабыць, найбольшае зло ў нашым жыцці — спрадвечнае наша бяспамяцтва”.
“Нідзе і ніколі не праяўляецца з такой відавочнасцю чалавечая сутнасць, як на вайне”.
“Бездухоўнасць не толькі спыняе развіццё нацыі — яна адкідвае яго да нуля”. І інш.
III конкурс. “Шыфроўка”
Здагадайцеся, якія назвы твораў В.Быкава зашыфраваны пры дапамозе лічбаў, што суадносяцца з літарамі беларускага алфавіта.
17,1,19,20,12,1.
19,25,31,8,1.
9,5,18,1,5,1.
2,13,10,15,5,1,8.
9,15,1,12 2,32,5,28.
3,16,22,26,1,32 9,4,18,1,32.
17,18,1,12,13,32,20,1,32 3,28,27,28,15,32.
12,18,21,4,13,32,15,19,12,10 14,16,19,20.
20,18,30,25,32,32 18,1,12,6,20,1.
14,7,18,20,3,28,14 15,6 2,1,13,
10,25,29.
Даведка:
“Пастка”, “Сцюжа”, “Здрада”, “Бліндаж”, “Знак бяды”, “Воўчая зграя”, “Праклятая вышыня”, “Круглянскі мост”, “Трэцяя ракета”, “Мёртвым не баліць”.
IV конкурс. “Падарожжа па творах Быкава”
Па ўрыўках пазнайце твор.
“Захінуўшыся ад ветру каўнярамі зашмальцаваных, аблепленых глінай шынялёў, шасцёра салдат стаялі купкай ля зламанага шлагбаума. Тулячыся адзін да аднаго, яны маркотна пазіралі ў восеньскую далеч і слухалі камбата, які ставіў ім баявую задачу”. (“Жураўліны крык”.)
“Яна ўжо не магла ісці адгэтуль, учапілася рукамі ў халодныя штакеціны, і з глыбіні яе жарам гарэўшых грудзей вырвалася страшнае пытанне:
— Сыночак мой, дзе ж ты?
Чарнела неба ад хмар, шумеў голым веццем узлесак, стыла шэрая далячынь. Доўга яшчэ ляцела на ветры тое яе запытанне, і нема крычала матчына сэрца ад нясцерпнае раны вайны”. (“Незагойная рана”.)
“Ну вядома, начальства не любіць чакаць, да начальства належыць з’яўляцца бягом. Тым больш, калі вырашана зрабіць цябе паліцаем. Яшчэ ўчора ён марыў пра тое, як пра збавенне. Сёння ж здзяйсненне гэтае мары абарочвалася катастрофай”. (“Сотнікаў”.)
“Тады хлопец сціснуў у зубах пісталет і падскочыў да дзяўчыны. З раптоўнаю сілай ён схапіў яе за каўнер і штаны, ускінуў над галавой і, як здалося самому, шалёна шпурнуў нагамі ў прадонне”. (“Альпійская балада”.)
“Навучаны горкім уласным вопытам, лейтэнант выдатна разумеў, якая гэта бяда — паранены ў групе. І справа тут не толькі ў страце яшчэ аднаго патрэбнага байца. Гэта раненне нязносным фізічным грузам клалася на ўсіх і ставіла пад пагрозу выкананне баявой задачы”. (“Дажыць да світання”.)
“Нязменнай заставалася толькі чорная металічная шыльдачка на баку з пяццю на ёй імёнамі. Я іх ведаў на памяць, чуў пра іх вядомы ў нашай мясцовасці подзвіг у часе Айчыннай вайны. Але цяпер тут з’явілася і новае імя — Мароз А. І.”. (“Абеліск”.)
“У Зоські абмерла сэрца, яна прыслухалася — гул нядоўга патрымаўся на ранейшай ноце за ельнікам і памалу стаў слабець, аддаляцца. Падобна было на тое, што там сапраўды праехалі немцы, і яна падумала: добра, што Антон збочыў з дарогі. Так лепш, хаця і цяжэй. Мабыць, дарогі цяпер не для іх”. (“Пайсці і не вярнуцца”.)
“Сёмкі нідзе не было, і толькі калі паліцай шырока пакрочыў наўкось па забаранаваным гародзе, яна ўбачыла сынаву галаву, плечы і раскіданыя ў бакі рукі — ён нерухома ляжаў на глеі ў трох кроках ад буйна квітнеўшага на ўзмежку вішанніку”. (“Сваякі”.)
Аповесць “Жураўліны крык”
V конкурс. “Па старонках аповесці”
Калі адбываюцца падзеі ў аповесці? (Восенню 1941 года.)
Які загад атрымалі салдаты? (Перакрыць дарогу на суткі.)
“Мужны, прысадзісты, шыракатвары, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі”. Хто так выглядае? (Старшына Карпенка.)
У каго з байцоў раскулачылі бацьку? (У Пшанічнага.)
За што быў асуджаны Віцька Свіст? (За махінацыі з хлебам.)
Колькі гадоў было Аліку Аўсееву? (20 гадоў.)
У каго Глечык хацеў папрасіць прабачэння за сваё непаслушэнства? (У маці.)
Як звалі жонку Карпенкі? (Кацярына.)
У якім горадзе гадаваўся Фішар? (У Ленінградзе.)
Чым закончылася спроба Пшанічнага здацца ў палон немцам? (Фашысты яго расстралялі.)
“Слаба размахнуўшыся, адну за адной шпурнуў пад гусеніцы абедзве свае цяжкія гранаты, але сам ні схавацца, ні адбегчы ўжо не паспеў”. Хто так загінуў? (Свіст.)
Хто забіў Аўсеева за спробу збегчы з поля бою? (Глечык.)
Што такое бруствер? (Земляны насып па краі акопа, прызначаны для аховы салдат і гармат ад варожага агню.)
VI конкурс. “Згубленае слова”
Устаўце прапушчанае слова.
“Гэта быў звычайны … пераезд, якіх нямала параскідана на сталёвых шляхах зямлі”. (Чыгуначны.)
“Слухай, камандзір, а можа, лепей …, пакуль не позна? Га?” (Адыдзем.)
“А гінуць, пражыўшы толькі дваццаць год неблагога жыцця, Аўсееў зусім не хацеў. Усё яго нутро, кожная часцінка цела нема пратэставалі супраць пагібелі і прагнулі — …”. (Жыць.)
“І тут зноў — вайна.
Цяжка і няўдала пачалася яна, кожнага дня гінулі сотні людзей, але Карпенку на фронце ўсё ж шанцавала. Іх дывізію ўлетку разбілі пад … , аднак рэшткі палка, у якім служыў старшына, неяк выкарабкаліся з акружэння, вынеслі зброю і сцяг”. (Лепелем.)
“… рос ціхім, не па гадах сур’ёзным хлопчыкам, неахвотна і рэдка спускаўся ў цесны, захламлены двор, у якім заўжды было сцюдзёна і сыра, і часта падоўгу разглядаў малюнкі ў бацькавых кніжках”. (Барыс.)
“Напаследак, сутаргава хапаючы ротам паветра, Пшанічны ўчуў роспачны лямант кабеты і нема замычаў — ад болю, ад усведамлення канца і апошняй лютай … да немцаў, якія забілі яго, да тых, на пераездзе, што яшчэ засталіся жыць, да сябе, ашуканага сабою, і да ўсяго белага свету”. (Нянавісці.)
“Тады байцы зразумелі, што адбілі … атаку, перамаглі, і вялікая радасць ахапіла байцоў”. (Першую.)
“Старшына Карпенка, аднак, не доўга радаваўся, хутка ён успомніў Фішара, які нечакана стойка загінуў ля старых бяроз.
— Глядзі ты, а … наш выстаяў. Не збаяўся, — сказаў старшына і нахмурыўся”. (Вучоны.)
“Скочыўшы з бруствера, Глечык схапіў адзіную сваю … , прыціснуўся спінай да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў”. (Гранату.)
VII конкурс. “Чыя біяграфія?”
Пазнайце герояў аповесці па біяграфіі.
“І ён, не стаўшы мастаком, усё ж звязаў сваё жыццё з мастацтвам. Падросшы, вучыўся, чытаў, думаў, даследаваў сам і ў дваццаць пяць год абараніў дысертацыю на званне кандыдата мастацтвазнаўства”. (Фішар.)
“У Бранску ён паступіў у мулярскую арцель, трапіў у брыгаду такіх, як сам, маладых хлопцаў, мураваў фабрычныя гмахі, па вузкіх дашчаных сцежках ганяў тачкі з рошчынай, па страмянках цягаў на паверхні цэглу”. (Пшанічны.)
“За год да вайны стаў курсантам ваеннага вучылішча”.
(Аўсееў.)
“Сеў на прыгарадны цягнік і прыехаў у Віцебск. У кішэні яго была пацёртая газета з аб’явай аб прыёме навучэнцаў у школы ФЗН. Так праз пару дзён ён узбіўся на свой хлеб і адцураўся матчынай ласкі.” (Васіль Глечык.)
“На вайне з фінамі яму давялося сербануць ліха, яго параніла, пасля ён атрымаў баявы медаль і ўрэшце здзейсніў свае даўнія мары — звольніўся ў запас”. (Карпенка.)
“У Сібіры лес пілаваў. З залікамі адбыў два гады. Выпусцілі. Падаўся на ўсход. На Сахалін прыбіўся, парабіў у шахтах — не спадабалася. Успомніў Волгу — пайшоў матросам на сейнер”. (Свіст.)
VIII конкурс. “Галасы байцоў”
Вызначце, каму належаць выказванні.
“М-м-можаце не т-т-турбавацца, таварыш камандзір, гэта выключаецца. Я н-н-не менш за вас раз-з-з-зумею свае абавязкі і зраблю тое, шт-т-то трэба, без лішніх эксцэсаў”. (Фішар.)
“Ну што? Дакапаліся! Каб не я, дык і праваронілі б. Чакалі падмогі з тылу, а там ужо немец”. (Пшанічны.)
“Халера, няма нічога. Пагарэў увесь харч, ярына зялёная”. (Свіст.)
“Пшанічны вось змыўся. І, пэўна, зрабіў правільна”. (Аўсееў.)
“Свіст, на прыцэл — танкі! Аўсееў — па пяхоце. Глечык — гранаты к бою! Замры! Агонь па камандзе!” (Карпенка.)
“Стой!!! Стой!!! Што робіш, зладзюга? Стой!!!” (Глечык.)
IX конкурс. “Шляхам праўды і чалавечнасці”
Каманды дэманструюць загадзя падрыхтаваныя прэзентацыі.
X конкурс. “Чорная скрыня” (конкурс сярод балельшчыкаў)
Адгадайце, што ў чорнай скрыні.
Што заўсёды насіў за пазухай Фішар? (Кніжку.)
Што Пшанічны трымаў на галодны час у сваёй торбе? (Акраец хлеба і сала.)
Што зварылі салдаты на вячэру? (Кашу.)
Гэты трафей, прынесены Свістам, Карпенка разбіў аб сцяну старажоўкі. (Гадзіннік.)
Што хацеў прапанаваць Глечык параненаму Карпенку? (Ваду.)
Журы падводзіць вынікі. Аб’яўляецца і ўзнагароджваецца каманда-пераможца.
Настаўнік. У кнігах Быкава — суровая праўда. Але выяўляючы гэтую праўду ў мастацкім слове, класік засяроджвае сваю ўвагу на маральна-этычных праблемах. Быкаўскія творы маюць вельмі моцную праблемную скіраванасць. У іх глыбока даследуюцца духоўныя магчымасці чалавека, прычыны яго ўзлётаў і падзенняў. І ў сувязі з гэтым часта ставіцца праблема выбару, якая, па словах пісьменніка, “з найбольшай выразнасцю і праяўляецца ў перыяд вайны”, хоць практычна існуе заўсёды.
Кнігі Быкава найперш прывабныя святлом спрадвечных высокіх ідэалаў: чэснасці, сумленнасці, свабоды, чалавечай годнасці і гуманізму. Сам пісьменнік, нягледзячы на шырокую вядомасць, быў чалавекам вельмі сціплым. Высакароднасць, мужнасць, чэснасць, шчырасць, бескампраміснасць, вялікі патрыятызм, сумленнасць, жаданне прыйсці на дапамогу, ахвярнасць — усё гэта характэрна для Васіля Уладзіміравіча. Галоўнае па Быкаву — захаваць у сабе чалавечае пры любых акалічнасцях!
Творчасць цудоўнага мастака слова яшчэ доўга будзе выклікаць цікавасць і захапленне чытачоў. Яго творы адразу абпальваюць людскія сэрцы, трывожаць душу, прымушаюць думаць, вярэдзяць памяць.
Чытайце кнігі Быкава, адкрывайце для сябе свайго Быкава!
Будуць часам ідалы раструшчаны.
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў.
Р.Барадулін.
Вольга ХМАРАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 14 Наваполацка