“О! Якія людзі!”, “Колькі гадоў не бачыліся!”, “Як справы?”, “Дзе працуеш?”, “Цябе зусім не пазнаць”… Гэтыя фразы можна было пачуць у кожнай школе краіны ў мінулую суботу, а таксама ўбачыць мноства лагодных усмешак, цёплых абдымкаў і радасных рукапацісканняў. Вечар сустрэч, як і штогод, сабраў былых аднакласнікаў разам. У Сноўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна таксама сабраліся яе выпускнікі, і гэты вечар сустрэч быў бы такім жа, як і шмат папярэдніх, калі б не адна акалічнасць, якая пераўтварыла гэтае мерапрыемства ў сапраўднае свята, — школа адзначала таксама і свой 150-ты дзень нараджэння. Павіншаваць яе прыйшлі знакамітыя выпускнікі, у тым ліку і Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
У снежні 1864 года ў Снове з’явілася першая навучальная ўстанова — народнае вучылішча. Ад гэтай даты і вядзе школа адлік сваіх гадоў. З гістарычных дакументаў можна даведацца, што ў 1886/1887 навучальным годзе тут займаліся 47 чалавек у адзіным класным пакоі. На ўсё вучылішча былі дзве карты, атлас, глобус, 169 падручнікаў для вучняў і 133 для настаўнікаў. І вось праз паўтара стагоддзя перад намі сучасная школа ў Снове — чатырохпавярховы будынак, дзе ёсць 30 кабінетаў, бібліятэка, сталовая, спартыўная і трэнажорная залы, гісторыка-краязнаўчы музей, які, дарэчы, мае званне народнага, 15 гурткоў рознай накіраванасці. Сярэдняй школа ў Снове стала ў 1939 годзе. Такім чынам, акрамя 150-годдзя з дня заснавання ўстанова адзначае таксама 75-годдзе з таго дня, калі пачала даваць дзецям сярэднюю адукацыю.
Гэтая невялікая сельская школа ўзгадавала мноства годных людзей, сярод іх і простыя працаўнікі, і добра вядомыя ў нашай краіне людзі. “Няма ніводнай галіны гаспадаркі ў Беларусі, у якой бы гучна не заявілі аб сабе нашы выпускнікі, — расказвае дырэктар школы Галіна Васільеўна Радаман, — сярод іх прафесары, дактары навук, дырэктары, урачы, спартсмены, святары, мастакі, пісьменнікі… Наша школа стала кузняй кадраў для СВК “Агракамбінат Сноў”. Мы памятаем і радуемся за ўсіх нашых выпускнікоў, і яны таксама ніколі не забываюць школу, наведваюць, дапамагаюць. Напрыклад, заслужаны дзеяч культуры вядомы мастак Яўген Іванавіч Ждан часты госць школы. Ён падарыў нам 50 сваіх карцін, так што ў школе цэлая галерэя яго твораў. Нашы былыя вучні — цудоўны прыклад для вучняў сённяшніх”. Сярод знакамітых выпускнікоў школы Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч; рэкардсмен свету і Еўропы чэмпіён Алімпійскіх гульняў па кіданні молата Рамуальд Іосіфавіч Клім; заслужаны артыст Беларусі Анатоль Сяргеевіч Падгайскі; заслужаны настаўнік Беларусі Ірына Яўгенаўна Дуброўская; Героі Сацыялістычнай Працы Алена Андрэеўна Сцепановіч і Мікалай Уладзіміравіч Даменікан; грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст і перакладчык, былы міністр культуры і друку Анатоль Іванавіч Бутэвіч; член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Вячаслававіч Радаман і многія іншыя.
Верагодна, праз 10—20 гадоў у спісе знакамітых выпускнікоў будуць і прозвішчы тых, хто вучыцца ў Сноўскай сярэдняй школе сёння, бо навучэнцы з гэтай маленькай сельскай школы дэманструюць добрыя вынікі ў інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах. Напрыклад, на другім этапе прадметнай алімпіяды ў 2014 годзе вучні школы атрымалі 7 дыпломаў. Ёсць дасягненні і на рэспубліканскім узроўні — з 2007 года штогод снаўчане прывозяць дыпломы ІІ і ІІІ ступені алімпіяды па беларускай мове, так і ў 2015 годзе Марыя Страх атрымала дыплом ІІІ ступені па гэтым прадмеце. Таксама сёлета на алімпіядзе па працоўным навучанні пахвальны водзыў атрымаў Яўген Кішковіч. Актыўна і паспяхова ўдзельнічаюць сноўскія школьнікі і ў конкурсах даследчых работ, канферэнцыях. У міжнародным конкурсе даследчых работ “Мовазнаўства для ўсіх” у Маскве ў 2013 годзе Ганна Паўлючак атрымала дыплом І ступені, а ў 2014 годзе на гэтым жа конкурсе дыпломам І ступені быў узнагароджаны Мікіта Каліноўскі. Радуюць сваіх настаўнікаў і бацькоў школьнікі і спартыўнымі перамогамі. Не раз вучні станавіліся першымі ў абласным летнім і зімнім мнагабор’і “Здароўе”, у 2013 годзе былі лідарамі на абласных спаборніцтвах па стральбе і лыжных гонках “Снежны снайпер”.
Многа працаваць і многага дасягаць у гэтай школе ўмелі заўсёды. Пацвярджае гэта Іван Андрэевіч Сярогаў, які ўзначальваў школу з 1959 па 1975 гады: “Сам я выкладаць пачаў як толькі прыйшоў з арміі, першыя ўрокі даваў яшчэ з пагонамі на плячах. Асветніцтву аддаў 38 гадоў свайго жыцця. Калі прапанавалі ўзначаліць школу, то для мяне гэта была вялікая нечаканасць. Было гэта 1 верасня. Папярэдні дырэктар правёў лінейку, а ўжо к абеду на пасадзе зацвердзілі мяне. І давялося адразу ж уключацца ў работу. У нашай школе настаўнікі заўсёды працавалі шмат і сумленна, гэтаму вучылі і дзяцей, таму, думаю, так многа добрых людзей выйшла з гэтых сцен”.
Цікава, што Іван Андрэевіч вучыў сённяшняга дырэктара школы — Галіну Васільеўну Радаман. І наогул, школа пастаянна рыхтуе кадры для сябе: з 47 педагогаў 20 — выпускнікі гэтай установы адукацыі. Настаўнікі — гонар школы. 35 з іх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі, адзін педагог з’яўляецца настаўнікам-метадыстам, трое ўзнагароджаны значком “Выдатнік адукацыі”. Сярод іх і Іна Рычардаўна Віннік — суперфіналіст рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”, Чалавек года Міншчыны-2013, пераможца міжнародных конкурсаў.
Гэта быў вечар віншаванняў, сустрэч, прызнанняў роднай школе і, зразумела, успамінаў. Вось і ганаровы госць Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, які, дарэчы, выдатна вучыўся і скончыў школу з залатым медалём, узгадаў сваю школьную пару: “Школа тых гадоў, а асабліва школа ў сельскай мясцовасці, не толькі давала адукацыю, а была сапраўднай школай жыцця, выхоўвала грамадзяніна, фарміравала асобу, вучыла, як сябе паводзіць, і многім іншым рэчам, пра якія не прачытаеш у падручніках. І я з падзякай успамінаю маіх педагогаў, Настаўнікаў з вялікай літары, яны выхоўвалі ў нас самыя лепшыя якасці”.
Святочны вечар не абышоўся без сюрпрызаў. Высокія госці ўручылі ўзнагароды калектыву школы і асобным яе педагогам, а таксама падарылі ўстанове інтэрактыўную дошку, камп’ютар і аўтобус. Атрымалі падарунак і ўсе госці — калектыў школы падрыхтаваў для іх тэатралізаванае прадстаўленне “Падарожжа ў Горад Вялікіх Адкрыццяў, або Сны аб школе”.
Дар’я РЭВА.
Фота Раміля НАСІБУЛІНА, БелТА.