Ведаць важнае і не прапусціць цікавае

- 12:00Адукацыйная прастора

Першы беларускі сеткавы інфармацыйна-адукацыйны інтэрнэт-партал “Вучань.by“, які аб’ядноўвае інфармацыйныя патокі, прысвечаныя пытанням адукацыйнай і выхаваўчай работы, а таксама арганізацыі вольнага часу дзяцей у Мінску, быў прэзентаваны на гарадскім жнівеньскім педагагічным форуме. Дадзены рэсурс арыентаваны на навучэнцаў старшай і сярэдняй школы, на іх пазнавальныя, культурныя запыты і патрэбы і прадастаўляе поўную карціну магчымасцей горада.

Як расказала начальнік аддзела інфармацыйных рэсурсаў Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Святлана Волкава, стварэнне сеткавага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу “Вучань.by” — гэта сумесны праект МГІРА з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама. “У Мінску створана адзіная інфармацыйна-адукацыйная прастора, якая прадстаўлена шматлікімі інфармацыйнымі рэсурсамі — як афіцыйнымі сайтамі, так і тэматычнымі, сайтамі ўстаноў дадатковай адукацыі. Навучэнцам, каб знайсці пэўную інфармацыю па ўдзеле ў алімпіядах, конкурсах, пэўных спаборніцтвах у горадзе, даводзіцца звяртацца да некалькіх крыніц. І ў нас узнікла ідэя аб’яднаць рэсурсы і зрабіць іх на адзінай платформе, каб дзіця магло лёгка знайсці неабходную інфармацыю. Таксама мы звярнулі ўвагу на тое, што школьнікам часам вельмі складана з карысцю праводзіць свой вольны час. У горадзе арганізоўваецца вельмі многа разнастайных мерапрыемстваў як для дзяцей, так і для дарослых, таму мы вырашылі размясціць на партале афішу мерапрыемстваў на найбліжэйшыя тыдні і прадэманстраваць, што для вучняў могуць даць установы дадатковай адукацыі, іншыя дзяржаўныя ўстановы”, — тлумачыць Святлана Ігараўна.

“Вучань.by” — гэта цэласны інфармацыйны навігатар для навучэнцаў. Ён складаецца з двух напрамкаў — інфармацыйнага і адукацыйнага. Адукацыйны блок накіраваны на павышэнне якасці адукацыі. Яго мэта — дапамагчы кожнаму навучэнцу задаволіць свае адукацыйныя запыты, атрымаць поўную інфармацыю наконт таго, як ён можа ліквідаваць прабелы ў асваенні школьнай праграмы, пашырыць ці паглыбіць існуючыя веды.

— Адукацыйны блок будзе насычаны дадатковымі матэрыяламі па вучэбных прадметах, па падрыхтоўцы да конкурсаў і алімпіяд, канферэнцый, а таксама дыстанцыйнымі вучэбнымі курсамі і анлайн-кансультацыямі. Пад рубрыкай “Дамашняя школа” размешчаны электронныя сродкі навучання. Яшчэ адзін перспектыўны раздзел — “Відэаўрокі”. Дзіця, якое прапусціла заняткі па ўважлівай прычыне ці не зразумела вучэбны матэрыял на ўроку, зможа праглядзець відэаўрок. Дарэчы, здымкі відэаўрокаў запланаваны да 2020 года. Сёлета плануецца правесці відэаздымку і размясціць урокі па чарчэнні і інфарматыцы. Ёсць ідэя стварыць для выпускных класаў базу заданняў цэнтралізаванага тэсціравання, каб навучэнцы змаглі самастойна падрыхтавацца да яго, паспрабаваць свае сілы загадзя. На партале будуць весціся тэматычныя раздзелы, прысвечаныя алімпіядам, конкурсам, канферэнцыям. У навучэнцаў будзе магчымасць павысіць сваю прававую і фінансавую дасведчанасць, азнаёміцца з карыснымі артыкуламі (рубрыка “Карысна ведаць”).

Інфармацыйны блок прысвечаны пытанням бяспечнага дзяцінства. Ён прадстаўлены даведнікам бяспекі, які змяшчае кантакты службы даверу, выратавання, экстраннай дапамогі, рэкамендацыямі па бяспецы ў сетцы інтэрнэт, правіламі паводзін на дарозе і інш., інфармацыяй, якую дае МНС, паліклініка, пракуратура і ДАІ. У апошні час іх работа ў гэтым напрамку інфармавання вельмі актывізавалася. Плануюцца тэматычныя старонкі псіхолага, урача-дыетолага, урача-інфекцыяніста і іншых спецыялістаў.

Значнае месца на партале займае прафарыентацыйны блок, які прадстаўлены інфармацыяй па найбольш запатрабаваных сёння на рынку працы прафесіях сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і рубрыкай “Хачу працаваць” , бо пошук работы мае сваю лагічную паслядоўнасць і правілы, якіх неабходна прытрымлівацца, каб не зрабіць памылкі. Спецыялісты дадуць рэкамендацыі, як знайсці падыходзячую работу, як навучыцца самапрэзентацыі, як паспяхова прайсці тэсціраванне і інш. Ужо зараз на партале можна знайсці шэраг слушных парад. Напрыклад, памылка большасці людзей заключаецца ў тым, што яны лічаць, быццам высокааплатную пасаду можна заняць пры ўдалым збегу абставін без адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкі. Галоўнае правіла працаўладкавання — пачынаць пошук работы неабходна з настройвання сябе пад рынак працы, але ніяк не наадварот. І перш чым атакаваць работадаўцаў, неабходна добра падрыхтавацца: сфармуляваць для сябе, якую работу вы хочаце знайсці, магчымыя сферы дзейнасці і пасады, вывучыць сітуацыю на рынку працы, прааналізаваць змяненні ў сваёй галіне, ацаніць асабістыя прафесійныя магчымасці, скласці і адкарэкціраваць рэзюмэ, падрыхтавацца да субяседаванняў.

Навігатар вольнага часу навучэнцаў, змешчаны ў інфармацыйным блоку, уяўляе сабой актуальную інфармацыю аб магчымасцях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Апошняя фішка — адной кнопкай бацькі могуць зрабіць папярэдні запіс дзіцяці ў гурток, які найбольш зацікавіў. Яны запаўняюць спецыяльныя бланкі, і інфармацыя паступае да метадыста. Зараз збіраецца база даных па горадзе пра ўсе гурткі і спартыўныя секцыі, якія набіраюць дзяцей.

— Распрацаваны партал адаптыўны. Ён ствараўся з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей і падлеткаў. Для прыцягнення ўвагі навучэнцаў — кліпавы фармат падачы інфармацыі, максімальна візуалізаваная навігацыя па сайце, актыўнае выкарыстанне відэаматэрыялаў, — адзначае Святлана Волкава. — Ды і бацькі, думаю, таксама будуць выкарыстоўваць гэты рэсурс, бо інфармацыя там пададзена на мове навучэнца, а значыць, яна даступная, зразумелая.

Праект па стварэнні інфармацыйна-адукацыйнага партала разлічаны да 2020 года, зараз рэсурс актыўна напаўняецца. Пачалася работа над здымкай відэаўрокаў, таксама ў найбліжэйшы час плануецца інтэграваць вучэбныя дыстанцыйныя курсы, распрацаваныя педагогамі сталіцы, і размясціць усё на адной платформе. Стваральнікі партала спадзяюцца, што ён будзе запатрабаваным і з ім кожны навучэнец будзе ведаць важнае і не прапусціць цікавае.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.