Ветэраны да Дня Перамогі атрымаюць арыгінальныя паштоўкі ад вучняў Бешанковіцкага і Віцебскага раёнаў

- 10:26Витебская область, Индекс успеха, Новости

Выхаванцы Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі рыхтуюць падарунак для ветэранаў да Дня Перамогі — арыгінальныя святочныя паштоўкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Таццяна Акуневіч больш за 10 гадоў працуе педагогам дадатковай адукацыі ў Бешанковіцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Як яна ўспамінае, спачатку вучыла дзетак у аб’яднанні па інтарэсах вязаць кручком, але дзесьці праз год захацелася паспрабаваць нешта новае. Так у майстра і яе вучняў з’явілася новае захапленне, а ў што­дзённую лексіку трывала ўвайшлі словы кардмэйкінг і скрапбукінг.

— Я ў гэтай справе самавучка, хаця цяпер, напэўна, маю падставы называць сябе прафесіяналам, — усміхаецца Таццяна Генадзьеўна. — На занятках мы з гурткоўцамі ствараем з паперы прыгожыя паштоўкі, скрыначкі, розныя сувенірныя рэчы. Каб выконваць работу на дастойным узроўні, спатрэбіліся спецыяльныя інструменты. Паступова пачала набываць іх за ўласны кошт — нятаннае задавальненне. Але ж самой вельмі хацелася паспрабаваць і дзецям паказаць, як працаваць не толькі нажніцамі і дзіркаколам, што ёсць яшчэ такія цікавыя прыстасаванні! Тыя ж машынкі бігшот, біговачныя дошкі, нажы, дотсы для ціснення, з дапамогай якіх пад рукамі нараджаюцца пяшчотныя кветачкі, вытанчаныя сцяблінкі, іншыя дэкаратыўныя элементы. Потым мы ўпрыгожваем імі вырабы.

З набыццём матэрыялаў садзейнічае дырэктар цэнтра Анжэла Ючковіч. Аднак знайсці тое, што трэба, насамрэч праблема: мала ў продажы прыдатнай якаснай паперы, не кажучы пра колеравую палітру.

— Наша праца надзвычай карпатлівая і працяглая па часе. Каб кветачку зрабіць аб’ёмную, мы выразаем дэталі, замоч­ваем іх у вадзе, кладзём на сурвэтачку для прасушвання і далей — на махровы ручнік, бяром дотс, фармуем лісточкі-пялёстачкі, — засяроджвае ўвагу на падрабязнасцях педагог. — Між тым кветка складаецца не з адной такой дэталі. Асабіста ў мяне як у чалавека спрактыкаванага на адну паштоўку ідзе не менш за 5 гадзін. Дзеці шчыруюць на працягу некалькіх заняткаў з улікам маёй дапамогі. У прыватнасці, пры распрацоўцы дызайну па тэхніцы выканання без гэтага ніяк. Да таго ж на занятках выключана карыстанне прыладамі, якімі можна параніцца, — дазваляю толькі назіраць. Сама раблю загатоўкі ў прысутнасці вучняў. Затым раздаю ў патрэбнай колькасці, паказваю і тлумачу далейшы працэс.

Напачатку свае вырабы выхаванцы аб’яднання па інтарэсах дарылі родным і знаё­мым. Паступова мэтавая аўдыторыя пашырылася: педагогі цэнтра, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы — у цэлым, немалое кола людзей, якіх навучэнцы вырашылі павіншаваць са святам. На адметны каштоўны вопыт звярнулі ўвагу ў аддзеле па адукацыі і райвыканкаме — адтуль час ад часу таксама сталі паступаць просьбы зрабіць віншавальную паштоўку ці нават серыю. Дарэчы, Таццяну Акуневіч добра ведаюць і паважаюць аматары народных рамёстваў і ў раёне, і далёка за яго межамі. Шматлікія майстар-класы і персанальныя выставы, творчасць у разнастайных напрамках — ад беларускага заправачнага ткацтва да экзатычнай бразільскай вышыўкі, цудоўныя карункі — педагог у тым ліку паспяхова займаецца адраджэннем аўтэнтычных мясцовых тэхнік.

На сёння ў групе пад кіраўніцтвам Таццяны Генадзьеўны сабраліся дастаткова вопытныя юныя майстры, дзяўчаты спасцігаюць сакрэты кардмэйкінгу ўжо чацвёрты год. У іх скарбонцы багата перамог на розных конкурсах, уключаючы “Калядную зорку”, “Прывітанне, свет!”, “Нашчадкі традыцый”. Вясной гурткоўцы штораз і нязменна вынікова ўдзельнічаюць у традыцыйным для Віцебшчыны абласным конкурсе мастацкай творчасці “Велікодная мазаіка”. Яркае сведчанне ўзроўню майстэрства і адносін да працы — паштоўкі, якія сёлета будзе ўручаць да 9 Мая старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, іх зрабілі Таццяна Генадзьеўна з вучаніцамі. Дзень Перамогі для педагога — асабліва хвалюючая тэма, і яна імкнецца перадаць дзецям высокае пачуццё смутку, гонару і бязмернай павагі да тых, каму мы абавязаны свабодай і мірным небам.

— Мой прадзед ваяваў на фронце і загінуў пад Лепелем, — расказвае Таццяна Акуневіч. — Бабуля ў час вайны зведала жахі жыцця пад акупацыяй. Як і многіх равеснікаў, яе збіраліся пагнаць на прымусовыя работы ў Германію. Групу моладзі перад адпраўкай пасадзілі пад варту, але на тэрыторыі пасёлка. Падчас прагулкі ў родных была магчымасць падысці да агароджы, штосьці па дробязі перадаць — у асноўным, зразумела, ежу. А прабабуля яшчэ насіла дачцэ расцёртыя ў ступцы люцікі. Дома заварочвала ў тканіну, гаварыла ўпотай прыкладваць да нагі. У выніку ўтварылася страшная рана, немцы дзяўчыну ў прызначаны час не забралі, хаця і не адпусцілі дадому — чакалі, пакуль зажыве. Гісторыя з маёй бабуляй скончылася добра: засталася жывая, дачакалася вызвалення, пражыла да васьмідзесяці шасці гадоў. Аднак колькі было іншых гісторый, трагічных, велічных, жудасных? Невыпадкова Дзень Перамогі выклікае ў нас ра­дасць са слязамі на вачах. На нашай паштоўцы мы гэта і пастараліся паказаць. Выкарыстоўвалі фотаздымкі, зробленыя адразу пасля вызвалення Віцебска. Абавязкова — традыцыйная беларуская арнаментальная паласа, святочныя колеры, яблыневыя кветкі. Каб людзям перадаць наш настрой, з якім мы рабілі паштоўкі.

 Часцінка душы

Віншавальныя паштоўкі, якія вырабляюць вучні Замастоцкай базавай школы, — гэта больш чым арыгінальны сувенір. Для дзяцей яны сімвал павагі, удзячнасці і памяці.

Захапленне кардмэйкінгам прыжылося ў Віцебскім раёне ва ўсіх установах адукацыі. Па словах дырэктара раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталлі Прыгожай, пачалася традыцыя каля дзесяці гадоў назад. Сюжэт характэрны: у калектыў цэнтра прыйшла майстар, якая стала вучыць не толькі дзяцей, але і ўсіх жадаючых педагогаў. Ініцыятыву падхапілі настаўнікі працоўнага навучання, услед зацікавіліся іх калегі ў школах, нават некаторыя бацькі. Фактычна, некалькі гадоў актыўна рэалізуецца буйны адукацыйна-мастацкі праект. З часам выявіліся лідары, хто задае тон і выступае завадатарам добрых спраў: напрыклад, настаўніцы Таццяна Саўчанка з Замасточча, Наталля Шыкарова з Суйкава, Любоў Мачульская з Вымна, Наталля Шумовіч, якая працуе ў Альгоўскай і Акцябрскай школах, прадстаўніца бацькоўскай грамадскасці, мнагадзетная маці і ас кардмэйкінгу Алена Іванова з Лужасна.

Чым прываблівае напрамак, як на месцах арганізавана работа са школьнікамі? За вопытам і невялікім перадсвяточным інсайдам мы накіраваліся да Таццяны Саўчанка ў Замастоцкую базавую школу імя Героя Савецкага Саюза У.А.Канаваленкі.

Час

— Калі ўкладваеш душу ў справу, то на выраб адной паштоўкі можа звыш за сем гадзін пайсці, на час тады не дужа зважаеш. Нават невялікі нахіл, тон паперы крышачку не той — і ўжо атрымліваецца зусім не так, як уяўляў сабе. Здараецца, магу гадзіну прася­дзець, раскладваючы карцінкі: ну вось не падабаецца — і ўсё! Кветачкі ажыўля­юць паштоўку, але затрачваем на кожную многа часу. Гэта ж трэба выразаць дэталі з фаамірану, потым затаніра­ваць, прасам ці спецыяльным паяльнікам надаць форму, сабраць, склеіць, пачакаць, пакуль высахне. І толькі тады паглядзець, ці такая, як табе трэба. 

Інструменты

— Тым, хто хоча паспраба­ваць, адразу скажу, што на адным энтузіязме без належнага інструменту добра не зробіш. Наглядны прыклад: калі выразаць элементы нажніцамі, атрымаецца крыва пры ўсім старанні. Неабходны канцылярскі нож або спецыяльны разак, тады лінія ідэальная і выгляд зусім іншы. Пры гэтым у працэсе навучання нажніцы — тое што трэба. Дзеці кветачкі самі павыразалі, павыбівалі фігурнымі дзіркаколамі, размалявалі, прыклеілі — ім падабаецца і набіраюцца практыкі. Канечне, небяспечныя вострыя прылады не даю ні ў якім выпадку, тут выключна сама. Матэрыялы дапамагае набыць дырэктар школы. Яна ўвогуле стараецца забяспечыць нашым ініцыятывам зялёную вуліцу.

Дызайн

— Гэта мая тэрыторыя адказнасці, але абавязкова раімся з вучнямі — бываюць вельмі нечаканыя, трапныя ідэі. Яшчэ магутнай крыніцай ідэй з’яўляецца, безумоўна, інтэрнэт. Перагортваю сотні паштовак, а потым гляджу на тое, што ў мяне ёсць з матэрыялаў, — і дызайн складваецца, усё нібыта само прыходзіць.

Адрасаты

— Дзеці ахвотна робяць паштоўкі родным, сябрам, любімым настаўнікам. Калі мэта — падарунак ветэрану Вялікай Айчыннай вайны ці педагагічнай працы, людзям старэйшага ўзросту, тады трэба іх спачатку азнаё­міць з пэўнай яркай гісторыяй, на якую будзе моцны эмацыянальны водгук. Не прымушаць і не заклікаць, а зача­піць за жывое, каб гэтая дзей­насць стала іх уласным жаданнем. У мяне дзядуля ваяваў з гітлераўцамі на фронце, баць­кі абодва з пасляваенных дзяцей. Помню расказы маці, як яны цяжка жылі, як у школу ха­дзілі з мяшкамі замест сумак і басанож, бо бераглі абутак — толькі перад школьным ганкам абувалі туфлі. А як даводзілася людзям у вайну, страшна уявіць. Праглядаеш фотаздымкі і відэазапісы, успаміны чытаеш — якой неверагоднай сілай і адданасцю Ра­дзіме валодалі франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, працаўнікі тылу! Нізкі ім паклон за Вялікую Перамогу! Напэўна, у параўнанні з тым, што яны здзейснілі, віншавальная паштоўка — такая дробязь. Але для нас з вучнямі яна азначае больш, чым арыгінальны сувенір. Гэта сімвал нашай павагі, удзячнасці і памяці.

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі