Веткаўскія ліштвы, неглюбскі ручнік

- 12:13Родная земля

Для пачатку варта сказаць аб працавітых людзях, маляўнічых даляглядах, апярэзаных звілістымі стужкамі Сожа і Бесядзі. Потым можна назваць стараабрадскую ікону, неглюбскі ручнік, Красную плошчу, адмысловыя ўзоры драўляных ліштваў і франтонаў, дзівосныя легенды і паданні. Калі ж гаварыць пра адметнасці Веткаўскага раёна больш падрабязна, то нельга не адзначыць і “яблыкі з капыткамі”, і “пячэнне”, і “васьмірогі”… Вам цікава, што гэта за “яблыкі” і “капыткі”, прычым тут Красная плошча? Вы жадаеце ўзбагаціць сваю метадычную скарбонку цікавымі выхаваўчымі мерапрыемствамі? Калі ласка, запрашаем на Веткаўшчыну.

“…Аки бы ветвь”

Як у кожным жарце ёсць доля жарту, так і ў кожнай легендзе, нават самай неверагоднай, ёсць доля легенды. Усё астатняе — праўда. Узяць для прыкладу шырока распаўсюджаную версію пра паходжанне назвы райцэнтра ад рускага слова “ветка”, на якую ў даўнія часы нібыта паклалі абраз і пусцілі яго ў Сож прышлыя людзі, спрабуючы такім чынам вызначыць месца для заснавання свайго паселішча (лічылі, дзе галінка з іконай спыніцца ля берага — там і будуць узведзены хаты). Нехта скажа, што ўсё гэта выдумкі, што больш праўдзівай з’яўляецца іншая версія. Маўляў, на “ветку” быў падобны адзін з праліваў на Сожы, утвораны вялікім востравам. Тым больш што гэта пацвярджае запіс у старадаўнім дакуменце: “…Пролив есть аки бы ветвь оныя реки”.
Магчыма і так… Аднак, пагадзіцеся, больш прыгожай і рамантычнай з’яўляецца першая версія. Любы веткаўчанін раскажа вам, як у XVII стагоддзі, ратуючыся ад праследавання царскімі войскамі, тыя, хто не прыняў царкоўную рэформу патрыярха Нікана, апынуліся ў гэтым краі, як яны апусцілі ў раку галінку, як заснавалі горад. Легендарнай тут можа быць хіба што форма аповеду, а так — чыстая праўда! Уявіце: людзі плывуць на плытах ужо не першы дзень, вакол забалочаная пойма, лясы, толькі зрэдку сустракаюцца паселішчы. Хто ведае, што чакае на беразе. Могуць сустрэцца ліхія людзі, а могуць і тыя, хто пры першай нагодзе пакажа царскім ваяводам, дзе пасяліліся падарожнікі з Масковіі. Але ж на плытах доўга не пражывеш, трэба выходзіць на бераг. Дзе тое бяспечнае месца, куды накіроўвацца?.. Да каго ў такім выпадку звернецца за дапамогай веруючы чалавек? Канечне, да Бога. Вось так, спадзеючыся на літасць Божую, стараабрадцы апускаюць у ваду галінку з іконай і накіроўваюцца за ёй па цячэнні. “К коему берегу волнами прибьется сия ветвь, там и быть нашему поселению, ибо это будет указанием Божьего перста”, — вырашылі падарожнікі.
З таго часу шмат сплыло сожскай вады, змяніўся і знешні выгляд краю. Там, дзе некалі спынілася галінка і ўзвышаліся прыбярэжныя хвойныя лясы, цяпер цячэ размеранае жыццё невялікага, але ўтульнага беларускага горада. Хаця цалкам беларускім яго назваць нельга, паколькі заснавальнікі Веткі — масквічы. Каб не забываць пра далёкую радзіму, яны не толькі ўзводзілі дамы ў “маскоўскім” стылі, але нават галоўную плошчу горада назвалі Краснай. Хто ведае, каб не знішчэнне Веткі царскімі войскамі ў 1735 і 1764 годзе і не гвалтоўнае перасяленне жыхароў на ўсходнія землі расійскай дзяржавы, можа б сучасныя веткаўчане ганарыліся яшчэ і адзіным у Беларусі крамлём.

Драўляныя карункі

Усё гэта, канечне, уяўленні, фантазія. Жыхарам Веткаўскага раёна і так ёсць што паказаць турыстам, якія прыязджаюць у гэты куток Пасожжа, каб, па-першае, даведацца пра мясцовыя традыцыі кнігапісання і іканапісу, па-другое, “пакаштаваць” незвычайных “яблыкаў” і “пячэння”, па-трэцяе, палюбавацца арыгінальнай разьбой на ліштвах вокнаў драўляных дамоў і, па-чацвёртае, пабываць на маляўнічым беразе Сожа, адпачыць ад штодзённых клопатаў, уявіць падзеі далёкага XVII стагоддзя.
Канечне, аварыя на Чарнобыльскай АЭС, імклівая глабалізацыя змянілі жыццё краю. Найбольш забруджаныя радыенуклідамі вёскі былі выселены, народныя традыцыі ўжо не настолькі распаўсюджаны сярод мясцовых жыхароў, як, напрыклад, у сярэдзіне мінулага стагоддзя, ды і сучасны Веткаўскі раён назваць стараабрадскім можна з вялікай нацяжкай. Хаця, дзякуючы намаганням настаўнікаў і вучняў, якія даследуюць малую радзіму, дзякуючы разьбярам і ткачыхам, а асабліва самаадданай працы супрацоўнікаў Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р.Шклярава, якія падчас шматлікіх экспедыцый сабралі ўнікальную калекцыю старадаўніх кніг, ікон, ручнікоў, прадметаў побыту, гэты край па-ранейшаму ўнікальны, а Ветка нездарма ўключана ў Залатое кола Гомельшчыны.
Напэўна, на працягу стагоддзяў у веткаўскай зямлі сфарміраваўся імунітэт да розных ліхалеццяў. Калі гаварыць пра народныя промыслы і традыцыі, то найбольш устоўлівым да выклікаў сучаснасці ў параўнанні, напрыклад, з кнігапісаннем і іканапісам, аказалася разьбярства і ткацтва. Адмысловыя карункі на ліштвах і аканіцах і цяпер, як і сто, і дзвесце гадоў назад, упрыгожваюць веткаўскія дамы. Нават у самыя змрочныя дні сёлетняй зімы, калі снегапады чаргаваліся з адлігамі і неба было зацягнута хмарамі, адмысловыя ўзоры надавалі гораду па-асабліваму радасны настрой. “Вось, глядзіце! А я хіба горшы! Ды не, звярніце на мяне ўвагу!” — нібыта выхваляліся адзін перад адным і перад гасцямі-турыстамі драўляныя дамы. Нават самыя старыя з іх, з пачарнелым ад часу бярвеннем, выглядалі не горш за сваіх маладзейшых, нядаўна пабудаваных таварышаў. І гэта было ў слотны пачатак студзеня. А што ўжо гаварыць пра прыгажосць веткаўскіх сядзіб у цяперашнія сапраўды зімовыя дні, калі да драўлянага рознакаляровага карункавага ўбрання дабавіўся яшчэ і бялюткі снег. І як не сфатаграфаваць гэтую прыгажосць!
Такіх адмысловых узораў дакладна не сустрэнеш ні на Пінскім Палессі, ні на Гродзеншчыне, ні на Прыдзвінні. Яны толькі тут, на беразе Сожа. Канечне, у некаторых іншых раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей мясцовыя жыхары таксама ўпрыгожваюць свае дамы падобнымі ўзорамі, аднак толькі ў Ветцы сфарміравалася свая ўнікальная школа разьбярства. Сакрэты народнага ўмельства перадаюцца тут на працягу стагоддзяў з пакалення ў пакаленне. На жаль, цяпер толькі адзінкавыя майстры працягваюць справу прадзедаў. Адзін з іх — супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р.Шклярава Андрэй Валер’евіч Скідан. Сваё захапленне Андрэй Валер’евіч удала сумяшчае з працай, паколькі тэма яго даследаванняў — гэта народная архітэктура, разьбярства. З 2007 па 2011 гады Андрэй Валер’евіч сфатаграфаваў больш за 2 тысячы аб’ектаў драўлянай народнай архітэктуры, даследаваў кожны элемент іх дэкору. Вынікам даследаванняў стала распрацоўка спецыяльных музейных заняткаў, якія Андрэй Валер’евіч праводзіць для навучэнцаў устаноў адукацыі Веткі і Гомеля (у філіяле веткаўскага музея). Напрыклад, першакласнікі даведваюцца пра тое, што можна зрабіць з дрэва, у 5 класе заняткі праходзяць па тэме “Уяўленні, звязаныя з будаўніцтвам дома. Што аберагаюць “стрэлы”?”, для вучняў 9 класа ладзяцца гарадскія экскурсіі, падчас якіх расказваецца пра гісторыю і сучаснасць веткаўскага разьбярства.

У працяг сустрэчы за круглым сталом

У актыўнага супрацоўніцтва паміж веткаўскім музеем і ўстановамі адукацыі даўнія традыцыі, і такі станоўчы вопыт варта пераняць іншым рэгіёнам краіны (дарэчы, гэтая тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні за круглым сталом, якое прайшло 18 студзеня ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”). Таму далейшая інфармацыя будзе практычным дадаткам да пасяджэння і, упэўнены, стане карыснай як для педагогаў, так і для музейшчыкаў-прафесіяналаў.
Сярод падрастаючага пакалення духоўная і матэрыльная спадчына веткаўскай зямлі папулярызуецца ў адпаведнасці са спецыяльнай праграмай музейна-педагагічных заняткаў “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” Школы старажытнай і сучаснай народнай культуры, якая дзейнічае пры Веткаўскім музеі народнай творчасці імя Ф.Р.Шклярава. Распрацавала праграму дырэктар музея Галіна Рыгораўна Нячаева больш за 20 гадоў таму. Заняткі праводзяцца для вучняў горада Веткі. А калі ў будынак былога дома купца Грошыкава, дзе размяшчаецца экспазіцыя, завітаюць госці з іншых куточкаў краіны, то і для іх супрацоўнікі музея ахвотна раскажуць пра ўнікальнасць роднага краю.
— Да распрацоўкі праграмы нас падштурхнула адсутнасць у канцы 1980-х гадоў спецыяльных заняткаў, якія б дапамагалі школьнікам вывучаць народную спадчыну на рэгіянальным узроўні. Так, былі праграмы, але згодна з імі ткацтва або традыцыі кнігапісання разглядаліся на агульнадзяржаўным узроўні, пры гэтым мясцовыя традыцыі амаль не ўлічваліся. Але ж мы ведалі, што, напрыклад, ручнік з вёскі Неглюбка не падобны на ручнік, сатканы на Гродзеншчыне. Мы адчулі, што наша лакальная традыцыя напоўнена адметнай энергіяй, заўважылі, што толькі праз мясцовую архітэктуру, прыгажосць разьбы можна найбольш дакладна адчуць узаемасувязь “родны дом — навакольнае асяроддзе”, на ручніках мы бачылі знакі, якім некалькі тысяч гадоў і якія ўтрымліваюць нашы галоўныя ментальныя каштоўнасці. Дык чаму ж вучням не ведаць пра гэта? — гаворыць Галіна Рыгораўна.
Падчас заняткаў кожная рэч вывучаецца не проста як прадмет, а як тэкст духоўнай традыцыі. У якасці нагляднага дапаможніка абавязкова выступаюць прадметы ткацтва, іканапісу, разьбы. Да некаторых тэм супрацоўнікі музея звяртаюцца з вучнямі ў розныя гады іх навучання. Напрыклад, для першакласнікаў сюжэт, адлюстраваны на іконе Георгія Перамоганосца, паўстае як казка, а ўжо ў 11 класе вучні знаёмяцца з адметнасцямі іконы ў сістэме веткаўскага іканапісу.
Праграма разлічана на 11 гадоў навучання. Для кожнага класа на працягу года прадугледжваецца правядзенне трох рознатэматычных заняткаў. Напрыклад, першакласнікі, акрамя вышэйназваных тэм, могуць знаёміцца і з такімі: “Патрэбныя літары і прыгожыя буквіцы”, “Чырвоная” радасць ды “чорны” смутак” і інш. Усяго супрацоўнікамі веткаўскага музея ў рамках праграмы распрацавана 36 заняткаў. Аб’ём вялікі, таму кожны музейшчык курыруе пэўны кірунак.
Самая адказная місія ўскладзена на вядучага навуковага супрацоўніка веткаўскага музея Ларысу Дзмітрыеўну Раманаву. Менавіта яна пачынае знаёміць дзяцей з цудоўным і загадкавым музейным светам. У першым класе на занятках “Што такое музей?”, “Зямля і неба ў касцюме чалавека”, “Чарадзейныя памочнікі” дзеці вучацца распазнаваць адметнасць і прызначэнне экспанатаў, знаёмяцца з мясцовымі казкамі, песнямі, загадкамі, прадметамі побыту. З гэтага моманту пачынаецца этнакультурнае выхаванне вучняў.

Рожкі вужынага цара

Акрамя цікавых тэм, у веткаўскім музеі распрацоўваюцца і арыгінальныя формы заняткаў. Найбольшай папулярнасцю, асабліва сярод малодшых школьнікаў, карыстаюцца гульні. Звернемся да адной з іх, якая праводзілася ў дзень маёй камандзіроўкі на Веткаўшчыну. Для пачатку два пытанні: “Як з дапамогай экспанатаў расказаць дзецям пра шырока распаўсюджаную ў Веткаўскім раёне легенду пра вужынага цара? Якім чынам пабудаваць сцэнарый заняткаў, калі ў легендзе гаворыцца: той, хто пойдзе ў лес на Уздвіжанне, можа сустрэць вялікага вужа з залатымі рожкамі, калі ж пакладзе перад ім тканую хусцінку ці адзенне, то вуж скіне гэтыя рожкі, і тады іх уладальнік стане самым шчаслівым чалавекам, будзе ведаць мову звяроў і птушак?” Напэўна, педагогу можна звярнуцца па дапамогу ў музей экалогіі, узяць чучала вужа, стаць на фоне намаляванага на сцяне лесу і прадэманстраваць юным слухачам свой талент апавядальніка.
Пагадзіцеся, гэта будзе цікавы, але не самы арыгінальны варыянт. Ларыса Дзмітрыеўна зрабіла па-іншаму. Па дапамогу яна звярнулася да… тканых вырабаў. Уявіце: вуж — гэта не проста вуж, а звязаны неглюбскімі майстрыхамі доўгі пояс, лес — гэта не намаляваныя дрэвы, кветкі і насякомыя, а ўпрыгожаная аўтэнтычнымі ўзорамі посцілка. Ітак, вучням 3 “А” класа веткаўскай сярэдняй школы № 1 імя А.А.Грамыкі было прапанавана ўявіць, што прыйшло свята Уздвіжання і яны накіраваліся ў лес. У чаканні вужынага цара дзеці селі на мох, калі больш дакладна, то на тканую посцілку, якая на момант гульні сімвалізавала лес. Ларыса Дзмітрыеўна прапанавала аднаму з хлопчыкаў узяць доўгі чырвоны пояс і працягнуць яго па яшчэ адной загадзя разасланай на падлозе посцілцы. Ну вось, з’явіўся і галоўны герой легенды…
Праз некалькі гадоў сённяшнія трэцякласнікі пазнаёмяцца з сімволікай і назвамі ўзораў тых посцілак, па якіх нібыта поўз вужыны цар. Але гэта ўжо будзе не гульня, а экскурсія, якая, упэўнены, пройдзе гэтак жа захапляльна, як праходзяць, напрыклад, у Неглюбскай сярэдняй школе заняткі гуртка “Юныя ткачыхі”.

“Капыткі” і “мядзведзь з вераб’ём”

Падарожжа ў Веткаўскі раён абавязкова павінна сумяшчацца з наведваннем вёскі Неглюбка, дзе і да сённяшняга часу амаль у кожнай хаце гаспадыні беражліва захоўваюць у вялікіх куфрах доўгія, аж да 4 метраў, ручнікі. Свой тканы скарб ёсць і ў Неглюбскай сярэдняй школе. У кабінеце працоўнага навучання вісяць-красуюцца тканыя палатняныя вырабы, упрыгожаныя адмысловымі ўзорамі. “Яблыкі з капыткамі”, “васьмірогі”, “пячэнне”, “казёл”, “мядзведзь з вераб’ём”, “певень”… Калі кіраўнік гуртка настаўніца працоўнага навучання Настасся Рыгораўна Каўтунова пачала пералічваць назвы ўзораў, якімі ўпрыгожваюцца неглюбскія ручнікі, я міжволі ўсміхнуўся ад захаплення: “Гэта ж прыдумаюць людзі!”
— А вы прыгледзьцеся, паспрабуйце вызначыць, дзе тут “пячэнне”, дзе “казёл”, а дзе “яблыкі з капыткамі” і “мядзведзь з вераб’ём”, — прапанавала настаўніца.
Шчыра скажу, як ні прыглядаўся, як ні разглядаў ручнікі, а ні абрыс яблыка, ні казліных рагоў або хаця б капытоў і хваста, ні мядзвежых кіпцюроў і птушыных крылаў не заўважыў.
— Вы, напэўна, жартуеце?
— Ды не. Неглюбскія майстрыхі лічаць так: “яблык”, які з “капыткамі”, гэта кветачка, галубоў сімвалізуе маленькі крыжык, а ўсе васьміканцовыя зорачкі называюцца “васьмірогамі”, — падзялілася таямніцамі ткацкай азбукі Настасся Рыгораўна.
“Але ж, дзе тут “казёл” і “мядзведзь з вераб’ём”?” На гэтае маё пытанне настаўніца толькі ўсміхнулася, маўляў, сакрэты ўнікальных неглюбскіх ручнікоў павінны заставацца сакрэтамі. Што ж, можа і правільна, унікальнае абавязкова павінна быць таямнічым і загадкавым, інакш яно страціць сваю ўнікальнасць.
— У неглюбскіх ручніках пераважаюць старадаўнія геаметрычныя і геаметрычна-раслінныя арнаменты. Большая частка ўзораў дайшла да нас з глыбокай старажытнасці, і многія з іх маюць пэўны сімвалічны сэнс. Вядома больш за 20 матываў і элементаў, і ў кожнага свая назва (“ліст”, “елка”, “яблынька”, “яблыкі з капыткамі”, “мядзведзь на жалудах”, “мядзведзь з вераб’ём”, “мядзвежая лапа”, “павук”, “барабаны” і г.д.). Даўжыня сучасных ручнікоў, як вы бачыце, нярэдка дасягае 4 метраў, а шырыня — паўметра. Канцы ручнікоў багата арнаментаваны і складаюцца з вузкіх і шырокіх палос, якія адрозніваюцца малюнкам і колерам. Іх рытм паўтараецца праз 3—5 палос. Белыя палосы на неглюбскім ручніку абазначаюць зону неба і стыхіі, зімы, холаду. Чырвоныя палосы — цеплыні, вясны. Хвалістыя палосы сімвалізуюць ваду і неба, — расказвае Настасся Рыгораўна.
Па словах дырэктара Неглюбскай сярэдняй школы Ліны Канстанцінаўны Барысенка, адной з галоўных задач выхаваўчай работы, якая праводзіцца ва ўстанове адукацыі, з’яўляецца захаванне і развіццё народных мастацкіх традыцый. Менавіта з гэтай мэтай з 1985 года ў школе працуе гурток “Юныя ткачыхі”. Свае маленькія шэдэўры дзяўчынкі, а таксама некаторыя хлопчыкі, ствараюць за ткацкімі станкамі, зробленымі мясцовым майстрам Мікітам Лявонавічам Каротчанкам. Сапраўднымі майстрамі вучні 4—9 класаў становяцца паступова. Спачатку яны вучацца ставіць аснову, здымаць яе з рамы, запраўляць чаўнок, перабіраць аснову ў рамізы і бярдо, знаёмяцца з асноўнымі элементамі ўзору і гармоніяй колеру ручнікоў. Перад тым, як сесці за станок, дзеці вызначаюцца з узорам, выконваюць некалькі кампазіцыйных эскізаў, выбіраюць лепшы з іх, падбіраюць ніткі ў адпаведнасці з фонам. Толькі пасля гэтага пачынаецца стварэнне тканых вырабаў.
— Заснавальнікам і першым кіраўніком нашага гуртка была знакамітая неглюбская ткачыха Таццяна Фёдараўна Дзеранок, у якой у гады свайго школьнага дзяцінства я таксама займалася. Азы ткацтва ў той час мы спасцігалі не толькі ад Таццяны Фёдараўны, але і ад сваіх бабуль і мам. Працягваючы справу першага кіраўніка гуртка, я намагаюся зрабіць кожныя заняткі як мага больш цікавымі. Напрыклад, для адпачынку прапаноўваю дзецям адгадаць загадкі, паўтарыць прыказкі і прымаўкі, звязаныя з прадметамі ткацтва. Нярэдка заняткі праходзяць у форме пасядзелак, на якія запрашаюцца вядомыя ткачыхі. Жанчыны расказваюць вучням пра сваё ранейшае жыццё, пра тое, якую ролю ў мінулыя часы адыгрывалі тканыя вырабы, — расказвае Настасся Рыгораўна.
Тканыя вырабы гурткоўцаў часта экспануюцца на раённых, абласных, рэспубліканскіх выставах дэкаратыўнай творчасці, неаднаразова адзначаліся дыпломамі. Удзельнічаюць школьнікі і ў семінарах, канферэнцыях. Напрыклад, у 2007 годзе на рэспубліканскім семінары “Праблемы пераемнасці рэгіянальных культурных традыцый ва ўмовах сучаснага працэсу ўстаноў адукацыі” вучні паведамілі пра традыцыі ткацтва сваёй вёскі. Падчас гэтага семінара быў рэалізаваны і вучэбна-метадычны праект “Неглюбскі фэст”, галоўнай мэтай якога з’яўлялася абагульненне ўнікальнага педагагічнага вопыту па даследаванні, адаптацыі і ўкараненні вопыту традыцыйнага майстэрства.
Тэма ткацтва з’яўляецца цэнтральнай і ў дзейнасці школьнага гуртка “Спадчына”. Пра гэта сведчаць назвы работ, створаных вучнямі пад кіраўніцтвам Ніны Іванаўны Лямцавай і Яўгеніі Аляксандраўны Язерскай (напрыклад, “Неглюбскі жаночы строй”, “Чырвоны кут у неглюбскай хаце”, “Неглюбскі ручнік: гісторыя ўзнікнення, тэхніка выканання, арнамент”). Адным словам, Неглюбская сярэдняя школа з’яўляецца адной з апорных у раёне па выхаванні навучэнцаў на аснове народных традыцый.
Наведаць Неглюбскую сярэднюю школу, завітаць у Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф.Р.Шклярава, прайсціся вуліцамі райцэнтра і палюбавацца арыгінальнай разьбой на ліштвах вокнаў драўляных дамоў, пастаяць на беразе Сожа, на тым месцы, дзе ў XVII стагоддзі да берага прыбілася галінка, апушчаная ў раку маскоўскімі стараабрадцамі… Калі будзеце складаць прыкладны план падарожжа па Веткаўскім раёне, абавязкова ўключыце ў свой маршрут гэтыя пункты і не забудзьце дабавіць яшчэ вёску Хальч, Свяцкае возера. Чаму? Пра гэта вы даведаецеся падчас вандроўкі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.