Віншаванне з мінулага, або Як ёлачныя цацкі аб’ядноўваюць пакаленні

- 16:01Новости

У Казлоўшчынскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна завяршыўся конкурс на лепшую навагоднюю
рэтрацацку. Самыя аўтэнтычныя з іх трапілі ў фінал — на школьную ёлку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мода на навагоднія цацкі мяняецца імкліва. З’яўляюцца новыя матэрыялы, колеры, формы. Часта старыя цацкі становяцца лішнімі на модных ёлках, выбіваюцца з агульнага стылю, не ўпісваюцца ў колеравае рашэнне, таму на святы застаюцца ляжаць у скрынках. З гэтым не сталі мірыцца ў Казлоўшчынскай школе. Ле­дзяшы і шышкі, птушкі, дзежкі, мішкі — усяго яловыя галінкі рэтраёлкі аздобілі больш за паўсотні цацак. Рэтраёлка размясцілася ў школьным музеі “Прывітанне з СССР”, дапоўніўшы экспазіцыю віншавальных навагодніх паштовак мінулых часоў.

Галоўным ініцыятарам праекта з’яўляецца Жанна Канстанцінаўна Цяцерына, кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў. Яна расказвае:

— Хоць цацкі былі сабраны вельмі прыгожыя, каларытныя, усё ж не гэта было нашай галоўнай мэтай. Мы хацелі, каб тэма ёлачных упрыгажэнняў аб’яднала розныя пакаленні — дзяцей, бацькоў, бабуль і нават прабабуль. Каб нашы навучэнцы маглі дастаць скрынкі з ёлачнымі цацкамі, з іх дапамогай уявіць сабе ёлкі, якія былі ў жыцці іх родных, пагута­рыць з імі пра тое, як яны святкавалі сямейныя святы, і працягнуць гэтыя традыцыі. Таму мы прапанавалі нашым навучэнцам правесці міні-даследаванні і высветліць, якога года вырабу пэўная цацка, як мянялася мода на ёлачныя цацкі ў розныя часы, якія былі іх адметнасці, якія матэрыялы выкарыс­тоўваліся і г.д. І дзеці так натхніліся гэтай ідэяй, што яна атрымала працяг на школьных мерапрыемствах, дзе вучні дзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў і сямейнымі гісторыямі са сваімі сябрамі.

Адзінаццацікласнік Аляксей Шалесны прынёс на ёлку ляльку:

— Гэтая цацка з’явілася ў нашай сям’і вельмі даўно. Бабуля заўсёды вешала яе на самае бачнае месца на ёлцы. Яна верыла, што гэтая цацка чароўная і што яна выконвае самыя патаемныя жаданні. Сямейнай традыцыяй стала ў навагоднюю ноч падыходзіць да ёлкі, браць цацку ў рукі і шап­таць ёй сваё жаданне. Мы верым, што загаданае абавязкова здзейсніцца.

Юльяна Астрамовіч, навучэнка 5 класа, гаворыць:

— У нашай сям’і захавалася цэлая калекцыя старых ёлачных цацак. Гэтыя навагоднія ўпрыгажэнні падарыла маме мая бабуля. Мы шануем іх, нягледзячы на тое, што з часам цацкі страчваюць бляск і актуальнасць. Кожная з іх выклікае ў памяці ўспаміны, здаецца нават, што ў гэтыя моманты пахне хвояй і мандарынамі. Мы кожны год з нецярпеннем чакаем той час, калі з антрэсолей можна дастаць скрынку з ёлачнымі цацкамі.

Маргарыта Цяцерына, навучэнка 7 класа, падарыла школе гірлянду з ліхтарыкамі. Дзяўчынка прызнаецца, што не хоча страчваць веру ў цуды, і дадае:

— Мяне зачароўвае цёплае мігаценне навагодніх гірлянд. Гэтую савецкую гірлянду мама некалі прывезла са свайго бацькоўскага дома. І хоць яна вельмі дарагая для нашай сям’і, мы прынялі рашэнне папоўніць ёй навагоднюю экспазіцыю музея. Менавіта яна надала чараўніцтва ёлцы з рэтрацацкамі.

Святочны настрой пануе і на выставе-конкурсе навагодніх ёлак. Гэтыя прыгажуні занялі ажно два школьныя паверхі. Іх школьнікі рабілі разам са сваімі педагогамі і бацькамі.

Дзякуючы рукатворнай прыгажосці, школа ўключана ў раённы турыстычны маршрут экскурсійнага флэш-мобу “Казачны Новы год на Дзятлаўшчыне”. Гэта магчымасць для жыхароў і гасцей горада пабываць у рэзідэнцыі Бабулі Зімы ў Вензавецкім лясніцтве, трапіць на забавы ў аграсядзібу “Каля дуба”, паслухаць навагоднія мелодыі з радыёлы ці прайгравальніка вінілавых пласцінак, сабрацца каля самавара, пачаставацца блінамі з варэннем і ў прыемнай кампаніі каля рэтраёлкі су­стрэць Новы год.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены школай