Віншаванні з 50-годдзем мінская гімназія № 28 імя У. Караткевіча атрымала ад сваіх вучняў на чатырох мовах

- 12:15Новости

Мінская гімназія № 28 імя Уладзіміра Караткевіча адсвяткавала 50-­гадовы юбілей. Вучні павіншавалі родную ўстанову адукацыі вялікімі святочнымі паштоўкамі на чатырох мовах — беларускай, рускай, англійскай і французскай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мова як сонца

Летапіс гэтай установы адукацыі не зусім звычайны. Па­чыналася ўсё ў 1905 годзе з жаночай гімназіі, якая з прыходам савецкай улады ператварылася ў школу № 2. Размяшчалася яна ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Энгельса. Дарэчы, сярод першых настаўнікаў была вядомая беларуская актрыса Стэфанія Станюта, яна вучыла дзяцей выразнаму чытанню. Склалася так, што ў пачатку 70-х установу адукацыі закрылі, яе вучняў перавялі ў суседнюю 4-ю школу.

У 1975 годзе школа № 2 зноў з’явілася на карце сталіцы — яна адкрылася ў новым будын­ку ў мікрараёне Серабранка, які перажываў перыяд актыў­най забудовы. З гэтага часу тут і вядуць адлік сваёй гісторыі. З 1991 года школа перайшла на беларускую мову навучання, з 2008 года стала гімназіяй № 28. 

— Ганарымся тым, што наша гімназія — гэта тэрыторыя беларускай культуры, што мы носім імя ўлюбёнага ў родную зямлю пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Акрамя таго, на годным узроўні ў нас выкладаюцца французская і англійская мовы. Супрацоўнічаем з Беларускім дзяржаўным універсітэтам замежных моў, з кафедрай раманскіх моў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шмат гадоў у сценах гімназіі працуе франкафонны тэатр “Сюрпрыз”, — расказвае дырэктар установы адукацыі Алеся Зяневіч.

З году ў год гімназісты з’яўляюцца прызёрамі гарадскога этапу Рэспубліканскай алімпія­ды па вучэбных прадметах “Французская мова”, “Беларус­кая мова” і “Беларуская літаратура”. Дасягаюць стабальных вынікаў па беларускай, французскай і англійскай мовах, фізіцы, гісторыі Беларусі. Годна праяўляюць сябе ў гарадскім конкурсе даследчых работ “Пазнанне. Творчасць. Адкрыццё”, у турніры “Юны матэматык” і іншых.

На базе гімназіі дзейнічае філіял кафедры лічбавай эканомікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, што садзейнічае прафарыентацыі вучняў па інжынерных і ваенных спецыяльнасцях. У старшых класах створаны інжынерная і педагагічная групы. Працуе медыяцэнтр “Знічка”, выхаванцы якога ма­юць магчымасць лепш прыгля­дзецца да прафесіі журналіста.

Добрым падмуркам для патрыятычнага выхавання гімназістаў з’яўляецца музей “Традыцыям верныя”, які налічвае 9 экспазіцый і больш за 600 музейных прадметаў. Створаны ваенна-патрыятычны атрад “Айчына”, на ўзроўні 11 класа — ваенна-патрыятычная група. У маі гэтага года гімназія атрымала ганаровы статус “Школа міру”.

А яшчэ тут умеюць ствараць прыгажосць. Кожны год тэрыторыю гімназіі ўпрыгожва­юць кветкавыя кампазіцыі, якія адлюстроўваюць беларускія матывы, расказваюць пра нашу гісторыю і сучаснасць. Так, у гэтым годзе тут былі створаны кампазіцыі “Беларускі код”, “Чорны замак Альшанскі”, “Партызанская балада”. Работы заня­лі два прызавыя месцы на гарадскім конкурсе “Квітнеючая ста­ліца”, выйшлі ў фінал рэспублі­канскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”. І, вядома ж, падарылі станоўчыя эмоцыі ўсім, хто іх бачыў, — ад дзяцей да бабуль і дзядуляў. Нездарма ўсё лета на тэрыторыі гімназіі ладзіліся танцавальныя пляцоўкі для старэйшага пакалення жыхароў Ленінскага раёна сталіцы. 

Раз і назаўсёды

Сярод педагогаў гімназіі — настаўнікі-метадысты, аўтары і суаўтары вучэбна-метадычных дапаможнікаў, прызёры конкурсаў прафесійнага майстэрства. Сюды ахвотна вяртаюцца працаваць яе выпускнікі. Так, нас­таўніца фізікі Ларыса Давы­дзенка ўпершыню пераступіла парог школы ў год яе адкрыцця ў 1975 годзе, за 37 гадоў выкладання тут выгадавала ўжо некалькі пакаленняў вучняў.

Для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Штанюк гімназія № 28 — таксама адзіная і ў вучнёўскім, і ў настаўніцкім жыцці. Яна з ліку тых педагогаў, якія маюць уласны стыль работы, рыхтуюць пераможцаў алімпіяд і стабальнікаў. А настаўніца французскай мовы Вольга Ярошка дасягае высокіх поспехаў не толькі ў выкладанні профільнага прадмета, але і ў рэалізацыі SMART-праектаў, працуе са штучным інтэлектам і вучыць гэтаму калег.

— Сказаць па праўдзе, калі паступіла ў лінгвістычны ўніверсітэт, нават у думках не было стаць педагогам. Аднак падчас педагагічнай практыкі, якую давялося праходзіць у роднай гімназіі, у мяне здарылася любоў да прафесіі настаўніка. Захацелася вярнуцца сюды ўжо ў гэтым статусе, — дзеліцца Вольга Дзмітрыеўна. — Бачу, як з кожным годам мяняецца свет, дзеці, бацькі. Аднак галоўнае — што ў нас застаецца цеплыня ў адносінах і жаданне выгадаваць з маленькага чалавечка доб­рага, разумнага, сумленнага вялікага чалавека. 

Юбілейныя мерапрыемствы пачаліся ў гімназіі з раніцы. Дзеці глядзелі відэафільм аб гісторыі ўстановы адукацыі, рыхтавалі для яе прыгожыя віншавальныя паштоўкі, прадстаўлялі свае дасягненні, удзельнічалі ў квестах і майстар-класах. А потым усе разам пачаставаліся велізарным святочным тортам.  

Вечарам на ўрачыстым свяце сабраліся ветэраны педагагічнай працы, сённяшнія работнікі гімназіі, выпускнікі розных гадоў, калегі з іншых устаноў адукацыі, прадстаўнікі адміністрацыі Ленінскага раё­на сталіцы, грамадскіх аб’яднанняў. Гучала шмат цёплых слоў і шчырых пажаданняў, радавалі дзіцячыя музычныя віншаванні. Вельмі кранальным быў момант, калі на сцэну са словамі любові і ўдзячнасці гімназіі выйшлі прадстаўнікі адразу трох пакаленняў адной сям’і. Галіна Расціславаўна Мазуркевіч больш за 20 гадоў працавала ў гімназіі нас­таўніцай геаграфіі, яе дачка Алена гэтую ўстанову адукацыі скончыла, а цяпер у 2 класе тут вучыцца ўжо яе дачка Дарына. Гэты прыклад найлепшым чынам пацвярджае слоган, пад якім гімназія адсвяткавала свой юбілей — “Былі. Ёсць. Будзем!”.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара, Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўстановы адукацыі