Віншую вас, студэнткі!

- 11:00Актуально, Апошнія запісы

Без трыбуны, мікрафона і тэзісаў выступленняў. Напярэдадні Міжнароднага дня жанчын міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка сустрэўся з самымі актыўнымі, паспяховымі студэнткамі за кубкам чаю ва ўтульнай аўдыторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, каб павіншаваць непасрэдна і, праз асобы дзяўчат, усіх студэнтак іх устаноў з надыходзячым святам і выказаць падзяку за актыўнасць.

Словы прызнання Ігар Карпенка выказаў тым дзяўчатам, якія паспяхова праяўляюць сябе ў валанцёрскім і грамадскім жыцці, сталі ўдзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае сэрца” і “Студэнт года”, пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў, у тым ліку песеннага конкурсу “Еўрабачанне”, міжнароднага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2017”, тых, хто дасягнуў значных вынікаў у спорце. Многія з гэтых дзяўчат з’яўляюцца стыпендыяткамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў Беларусі.

“Вы — прыклад для сучаснай моладзі, бо вам усё ўдаецца, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Вы дасягнулі вяршынь у вучобе, творчасці, грамадскай дзейнасці, займаецеся дабрачыннасцю, вы маеце актыўную грамадзянскую пазіцыю, вы — прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь”, органаў студэнцкага самакіравання вашых УВА. І, упэўнены, што гэты сацыяльны вопыт будзе запатрабаваны ў далейшым вашым прафесійным жыцці”.

Асаблівая ўвага Ігара Васільевіча была да ўдзельніц навукова-тэхнічных канферэнцый і алімпіяд: “Вынікі вашых першых навуковых работ стануць, я ўпэўнены, залогам для будучых адкрыццяў, кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Мінулы Год навукі паказаў значнасць навуковых даследаванняў для будучыні нашай краіны, і невыпадкова, ставячы перад сабой амбіцыйныя задачы па развіцці ўніверсітэцкай адукацыі, перавёўшы яе ў фармат “Універсітэт 3.0”, які аб’ядноўвае не толькі адукацыйную дзейнасць, але і навуковыя даследаванні, што камерцыялізуюцца, укараняюцца ў эканоміку і даюць эканамічны эфект, мы, канечне, робім стаўку на моладзь. Калі мы сустракаліся са старшай навуковай грамадскасцю напярэдадні Дня беларускай навукі, то гаварылі пра тое, што сёння абласныя і рэспубліканскія інавацыйныя фонды, на жаль, не выбіраюць тыя сродкі, якія выдзяляюцца на рэалізацыю інавацыйных праектаў. Значыць, мала ідэй, якія б маглі быць падтрыманы гэтымі інавацыйнымі фондамі. А нам хацелася б, каб іх было як мага больш і ўкаранялася ў рэальны праект, што б прыносіла рэальны эфект нашай эканоміцы, а можа, нават і змяніла б структуру нашай эканамічнай мадэлі, памяняла б прыярытэты, на што мы сёння вельмі разлічваем. І таму ваш унёсак у навуковую дзейнасць, тое, што вы сёння робіце, вельмі важны для нашай краіны”.

Даючы парады, як спланаваць сваё жыццё пасля заканчэння УВА, Ігар Карпенка сказаў: “Спрабуйце, прымайце рашэнні, можа нават і самыя неардынарныя, не бойцеся сваіх амбіцый, стаўце перад сабой самыя складаныя задачы. Нездарма кажуць: дарогу асіліць той, хто ідзе. І няхай ваш шлях будзе дастойным, паспяховым, поўным адкрыццяў. Бо ваш поспех — поспех нашай краіны ў будучым. Наша краіна спадзяецца на вас і на вашых паплечніц, — такіх жа мэтанакіраваных дзяўчат, якія таксама хварэюць за справу, якія разам з вамі ствараюць не толькі імідж вашых навучальных устаноў, але і імідж нашай краіны ў цэлым. І я хачу павіншаваць усіх студэнтак Беларусі, пажадаць поспехаў, радасці, кахання і ўдачы ва ўсіх вашых пачынаннях, здароўя, аптымізму. Будзьце паспяховымі і шчаслівымі!”.

У няспешнай гутарцы дзяўчаты абмеркавалі з міністрам не толькі турбуючыя іх змяненні ў вышэйшай адукацыі, удасканаленне работы студэнцкіх атрадаў і іншыя пытанні, але і задалі свае, чыста дзявочыя пытанні. Ігар Васільевіч расказаў пра сваё стаўленне да жанчын-кіраўнікоў, пра галоўныя якасці добрай жонкі, пра тое, хто павінен у адносінах ісці на кампраміс, пра перспектывы студэнцкіх шлюбаў. Так, высветлілася, што ў студэнцкай групе Ігара Васільевіча склалася 5 пар, што і сёння захоўваюць добрыя сем’і. Міністр выказаў сваё захапленне жанчынамі, якія не толькі дасягаюць высокіх прафесійных поспехаў, але і сумяшчаюць кар’ерны рост з роляй клапатлівай жонкі, добрай маці, якія знаходзяць час для выхавання дзяцей і ўсебаковага іх развіцця, на што часта ў занятых мужчын застаецца менш часу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.