Віртуозныя выканаўцы: юных зорачак і іх педагогаў з баранавіцкай СШ № 21 добра ведаюць за межамі школы

- 13:05Пресс-тур «Настаўніцкай»

Сярэдняя школа № 21 Баранавіч — адна з дзвюх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе з музычна­эстэтычным ухілам, захаваным яшчэ з савецкага часу, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага статусу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Гэта вельмі зручна — пад адным дахам атрымлі­ваць агульную сярэднюю і му­зычна-­эстэтычную адукацыю, таму запатрабаванасць 21-й школы з году ў год не зніжаецца сярод дзяцей і іх бацькоў: амаль 61% вучняў займаецца ў адпаведных аб’яднаннях, — гаворыць малады дырэктар школы Віталь Ляўко, які паспяхова працягвае традыцыі, закладзеныя яго папярэднікамі. — Нам удалося захаваць высокапрафесійны творчы калектыў і нават забяспечыць кадравую пераемнасць пакаленняў з ліку выхаванцаў, што дазваляе з аптымізмам гля­дзець у будучыню.

Надзейная апора ў рабоце кіраўніка школы — яго намеснік Аксана Юрчык, якая курыруе музычна-эстэтычны кірунак і ўносіць новыя ідэі па развіцці профілю. У дружным тандэме з кіраўнікамі вучэбна-­метадычных аб’яднанняў яны плану­юць і ўдасканальваюць канцэртна-конкурсную дзейнасць, асаблівую ўвагу ўдзяляючы спаборніцтвам рэспубліканскага ўзроўню.

— Вельмі цаню талент, працавітасць і адказнасць калег, іх патрабавальнасць да сябе і ўменне згуртаваць вучнёўскія калектывы, падтрымаць адно аднаго і нават падмяніць пры неабходнасці, — заўважае Аксана Юрчык. — Стараемся зрабіць выс­тупленні яркімі і незабыўнымі.

У адукацыйным працэсе музычна-­эстэтычнага кірунку задзейнічаны 24 педагогі, большасць з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Больш за 35 гадоў пад кіраўніцтвам таленавітых выкладчыкаў дзеці вучацца іграць на фартэпіяна, скрыпцы, баяне, цымбалах, акардэоне і гітары, атрымліваюць трывалыя веды ў галіне тэорыі музыкі і сальфеджыа, развіваюць вакальныя навыкі і нават самі спрабуюць складаць музыку.

— 410 школьнікаў займаюцца ў музычных калектывах і 218 — у харэаграфічных, — працягвае дырэктар. — У сваёй рабоце настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць рэпертуар айчынных аўтараў і творы беларускай народнай музыкі, што адыгрывае важную ролю ў грама­дзянска-патрыятычным выхаванні.

У школе створаны тры метадычныя аб’яднанні: агульнаэстэтычнае, народных інструментаў і інструментальнае. У ву­чэбна-­творчай дзейнасці перавага аддаецца калектыўным формам работы. Так, ва ўстанове дзейнічаюць 16 калектываў, у тым ліку тры ўзорныя (“Ветразь юнацтва”, “Пасаж” і “Перазвон”) і народны (Primavera).

— Самымі папулярнымі і шматлікімі з’яўляюцца харэаграфічныя, вакальныя і харавыя калектывы, — расказвае кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання (агульнаэстэтычнае аддзяленне) Валянціна Корнева. — Работа іх кіраўнікоў нагадвае работу класных кіраўнікоў, у цэнтры ўвагі якіх духоўна-маральнае, эстэтычнае і патрыятычнае выхаванне. Вялікая ўвага ўдзяляецца якасці ўвасаблення творчых задум, што патрабуе карпатлівай працы. Рэпертуар складаецца з твораў розных стыляў, кірункаў і кампазітараў. Праз выкананне беларускіх народных танцаў і творы айчынных аўтараў педагогі абуджаюць у дзяцей не толькі цікавасць да нацыянальнай культуры і спадчыны, але і гордасць за іх.

Агульнаэстэтычнае аддзяленне складаецца з трох харэаграфічных (“Юнта” — кіраўнік Валянціна Купрык, канцэртмайстар Генадзь Рашко; “Сузор’е” — кіраўнік Таццяна Мерная; “Кантраст” — кіраўнік Вераніка Шунто) і трох харавых (“Ветразь юнацтва” — кіраўнік Святлана Медзвя­дзенка, канцэртмайстар Алена Хаустава; “Дамісолька” — кіраўнік Валянціна Корнева; “Тоніка” — кіраўнік Таццяна Чарняк) калектываў.

— Ідучы ў нагу з часам, мы працуем з малымі складамі выканаўцаў праз вакальныя ансамблі і сольныя спевы, — адзначае Валянціна Корнева. — Вакальныя ансамб­лі “Серпанцін” (кіраўнік Таццяна Чарняк), “Мара” (кіраўнік Алена Хаустава), “Кансананс” (кіраўнік Святлана Медзвядзенка) і “Нон-стоп” (кіраўнік Валянціна Корнева), а таксама шматлікія салісты актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, дзе паказваюць высокія вынікі.

Асаблівы гонар школы — народны аматарскі вакальны ансамбль настаўнікаў Primavera (кіраўнік Таццяна Чарняк, канцэртмайстар Алена Ліцкевіч). Педагогі на ўласным прыкладзе паказваюць выхаванцам згуртаванасць, прафесіяналізм і любоў да агульнай справы.

— Скрыпка і фартэпіяна — два ўніверсальныя інструменты, якія найчасцей выкарыстоўваюцца ў ансамблях, ствараючы захапляльную музыку, — звяртае ўвагу кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання (інструментальнае аддзяленне) Вольга Каржакова. — Іх гарманічнае спалучэнне — адно з самых папулярных у музычным свеце. На інструментальным аддзяленні займаюцца 84 вучні, з якіх 27 іграюць на скрыпцы, а 57 — на фартэпіяна.

Дзецям вельмі падабаецца сумесная творчая дзейнасць у складзе ўзорнага ансамбля скрыпачоў “Пасаж” (кіраўнік Наталля Зайко), які дзейнічае ўжо 25 гадоў, і ансамбля “Светлячкі” (кіраўнік Таццяна Грыгаровіч, канцэртмайстар Святлана Тупальская). Увагай і клопатам акружылі юных піяністаў выкладчыкі Вольга Каржакова, Алена Ліцкевіч, Вольга Нікалаева і Святлана Тупальская. Пад іх кіраўніцтвам дзеці не толькі іграюць класічныя і джазавыя творы, але і з лёгкасцю падбіраюць сучасныя мелодыі, з вялікім задавальненнем іграюць у чатыры, шэсць і восем рук.

У фартэпіянным ансамблі Baby band — пяць вучняў, якія віртуозна іграюць разам за адным інструментам і паспяваюць пры гэтым яшчэ і танцаваць.

Па словах Вольгі Каржаковай, выхаванцы інструментальнага аддзялення ахвотна ўдзельнічаюць у пастаноўках музычных казак. Так, намаганнямі дзяцей і педагогаў былі ажыццёўлены музычныя пастаноўкі “Цвецік-сяміцвецік” і “Поры года” па творчасці Уладзіміра Каравіцына, “Дзіцячы альбом” Пятра Чайкоўскага і “Піяністы ўсміхаюцца”, дзе паспяхова сумясцілі ролі акцёраў, салістаў і канцэртмайстраў. На аддзяленні стала традыцыяй праводзіць калядныя канцэрты для бацькоў і наведваць айчынныя тэатры.

— У творчых дзяцей — творчыя настаўнікі, а музыкант — гэта найперш артыст, а толькі потым педагог, — падкрэслівае Вольга Каржакова. — Таму на аддзяленні з’явіўся інструментальны ансамбль настаўнікаў, які з вялікай радасцю выступае на школьных святах. Атмасфера творчасці і ўзаемаразумення дапамагае вучням і педагогам дабівацца высокіх вынікаў на розных творчых пляцоўках. Штогод юныя піяністы і скрыпачы становяцца лаўрэатамі рэспуб­ліканскіх і міжнародных конкурсаў. Толькі за мінулы навучальны год школьнікі завая­валі 33 дыпломы. Яркія выступленні нашых выхаванцаў на гарадскіх канцэртах надоўга застаюцца ў памяці слухачоў.

На аддзяленні народных інструментаў, вучэбна-метадычнае аб’яднанне якога ўзначальвае Ірына Жухаўцова, задзейнічаны сем педагогаў. Пад іх кіраўніцтвам 95 хлопчыкаў і дзяўчынак займаюцца на баяне, акардэоне, цымбалах і гітары.

— У рабоце з дзецьмі настаўнікі выкарыстоўваюць элементы праблемна-развіццёвага навучання, максімальна набліжаныя да творчага працэсу, які ўяўляе сабой пошук і перадачу яркага мастацкага вобраза, — дзеліцца Ірына Жухаўцова. — Непасрэдны ўдзел у стварэнні музыкі абуджае ціка­васць да мастацтва ў цэлым. Падчас ігры на інструментах вучні перадаюць свае пачуцці, стан душы, а не проста выконва­юць тэхнічнае заданне педагогаў. Галоўнае — абудзіць у выхаванцаў патрэбу ў творчасці.

Больш за 30 гадоў у школе дзейнічае ўзорны ансамбль цымбалістаў “Перазвон”, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Людміла Еўсявіцкая. На рахунку юных цымбалістаў — шмат розных узнагарод. Аркестр баяністаў і акардэаністаў “Зараначкі” (кіраўнік Алена Залётава) аб’ядноўвае вучняў 2—5 класаў, а “Світанак” (кіраўнік Ірына Жухаўцова) — вучняў 6—9 класаў. Акрамя таго, педагогі Наталля Заяц і Руслан Байрашэўскі вучаць дзяцей іграць на акардэоне, Настасся Махнавец — на цымбалах, а Аляксандра Кот — на гітары. Жадаючых больш чым дастаткова!

— У творчым калектыве важна не толькі захаваць індывідуальнасць выканаўцаў, але і падпарадкаваць іх агульным законам, — выказвае меркаванне Ірына Жухаўцова. — Адчуваць сябе часткай цэлага нялёгка. На занятках дзеці вучацца ўзгадняць свае дзеянні з дзеяннямі іншых, працаваць у камандзе, строга прытрымлівацца дысцыпліны, без якой немагчыма зладжаная работа. Канечне, школьнікі яшчэ не створаць арыгінальныя музычныя кампазіцыі. Але гэта і не трэба. Задача ў тым, каб актывізаваць творчыя сілы, набыць вопыт, каб мэтанакіравана рухацца далей і дасягнуць урэшце майстэрства ў любімай справе.

А ў тым, што гэты рух выніковы, можна пераканацца не толькі па колькасці існуючых творчых праектаў. За першае паўгоддзе бягучага навучальнага года ўдзельнікі школьных калектываў папоўнілі скарбонку ўзнагарод на 31 дыплом лаўрэатаў. Юных зорачак і іх педагогаў з баранавіцкай сярэдняй школы № 21 добра ведаюць і заўсёды чакаюць на розных мерапрыемствах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА