Вішнёвая сталіца

- 14:15Родная земля

Глыбокае невыпадкова называюць вішнёвай сталіцай Беларусі. Такой колькасці вішнёвых дрэў вы не сустрэнеце больш ні ў адным іншым горадзе. Чаму менавіта вішня стала мясцовым брэндам? Чым яшчэ адметна Глыбоччына?

Май або ліпень?

Перад камандзіроўкай у мяне быў няпросты выбар: паехаць цяпер, у маі, калі мільёны бялюткіх кветачак ператварылі глыбоцкія сады ў сапраўдную казку, або ў канцы ліпеня завітаць на знакаміты вішнёвы фестываль. Тады б пакаштаваў смачныя пірагі з вішнёвай начынкай, з’еў кавалак сапраўднага далікатэсу — каўбасы з вішняй, наталіў смагу прахалодным вішнёвым кампотам, набыў у мясцовых майстроў сувеніры, створаныя ў вішнёвым стылі. Ідэя вельмі заманлівая… Але выбраў усё ж такі май, бо толькі ў гэтым месяцы можна ўбачыць, як велічныя глыбоцкія храмы ўзвышаюцца “па-над белым пухам вішняў”.

Фестывальныя прыемнасці

Нягледзячы на тое, што вішнёвы фестываль традыцыйна праводзіцца ў сярэдзіне лета, адчуванне свята прысутнічае на вуліцах горада ў любую пару. Вітрыны магазінаў упрыгожваюць наклейкі з эмблемай фестывалю, выявы вішні можна ўбачыць на аўтобусных прыпынках, а на беразе возера Кагальнага знаходзіцца рэзідэнцыя вішнёвай каралевы і незвычайная скульптура вішні з металу. І канечне, ёсць у Глыбокім помнік гэтаму любімаму многімі беларусамі кісла-салодкаму плоду.

— Некалькі гадоў назад, калі паўстала пытанне аб распрацоўцы для нашага горада брэнда, то ўспомнілі, што ў 30-я гады жыхар Глыбокага Баляслаў Лапыр выводзіў новыя гатункі вішань. Тым больш у нас здаўна вырошчваюць гэтыя плады. На кожным падворку расце па некалькі дрэў, — паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Глыбоцкага раёна Таццяна Віктараўна Карніловіч. — А каб брэнд быў пазнавальны, і з’явілася ідэя праводзіць вішнёвы фестываль. У гэтым годзе ён, дарэчы, будзе юбілейны, дзясяты.

Традыцыйна на фестывалі свае падворкі прэзентуюць не толькі сельсаветы, арганізацыі, але і ўстановы адукацыі. Арганізуецца таксама некалькі дабрачынных пляцовак “Выратавальная вішня”, дзе кожны ахвочы можа ў абмен на грошы, якія потым ідуць на дапамогу хворым дзецям, атрымаць “вішнёвы” сувенір: бірулькі, брошкі, цацкі. Асаблівай папулярнасцю ў гасцей карыстаюцца брошкі ў выглядзе вішні, зробленыя з бісеру, фетру, іншай тканіны.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Глыбокага Наталія Баляславаўна Цяліца да кожнага фестывалю разам з дачкой Валянцінай, якая вучыцца ў 5 класе, ствараюць некалькі дзясяткаў арыгінальных брошак. А яшчэ выпякаюць духмяныя вішнёвыя пірагі і булачкі, якія госці фестывалю разбіраюць за лічаныя хвіліны.

— У маёй бабулі ў вёсцы Забелле расло шмат вішань асаблівага гатунку “не скажу, не ведаю”, — усміхаецца Наталія Баляславаўна. — Адметнасць яго ў тым, што плады вельмі мясістыя, а яшчэ гэтыя вішні цвітуць пазней за іншыя дрэвы. Калі пачынаецца фестываль, то ў многіх збор вішнёвага ўраджаю падыходзіць да завяршэння, у нас жа ўсе дрэвы яшчэ ўсыпаны чырвона-бардовымі пацеркамі. Нешта ідзе на продаж, нешта на варэнне, кампоты. Частка ўраджаю абавязкова выдзяляецца пад фестываль. Я чалавек творчы, таму разам з дачкой ствараем да фестывалю шмат розных сувеніраў. З году ў год яны розныя. Агульная ідэя застаецца, але кожны раз дадаюцца новыя адметнасці.

Падсвільскія прысмакі

Заўсёды шматлюдна на падворку Падсвільскага ясляў-сада — сярэдняй школы. А як жа! Толькі падсвільскія педагогі ўмеюць выпякаць імбірныя домікі з ноткамі вішнёвага водару. А як прыгожа ўпакоўваюць выпечку! Такія шэдэўры кулінарнага мастацтва нават шкада з’ядаць. Толькі і рабіў бы, што любаваўся вішнёвымі домікамі!

Калі вырашыце наведаць Глыбоччыну:

  •  абавязкова паедзьце ў маі, калі цвітуць вішнёвыя сады;
  •  сплануйце падарожжа ў ліпені на вішнёвы фестываль;
  •  паспрабуйце на смак глыбоцкую вішню;
  •  завітайце на малую радзіму знакамітых ураджэнцаў краю, бюсты якім устаноўлены на плошчы 17 верасня;
  •  прайдзіцеся шляхамі-дарогамі “вечнага вандроўніка”;
  •  паслухайце шапаценне дрэў Галубіцкай пушчы і плёскат хваль шматлікіх азёр;
  •  ускладзіце кветкі на мемарыяльным комплексе “Урочышча Барок”.

Наведвальнікі падсвільскага падворку заўсёды здзіўляюцца: як у ліпеньскую спёку можна частаваць гасцей духмяным ледзяным чаем. Спецыяльна для чытачоў “Настаўніцкай газеты” дырэктар школы Людміла Іванаўна Сауліч раскрыла сакрэт. Аказваецца, за дзень да фестывалю чай заварваецца, ахалоджваецца, замарожваецца. Раніцай кавалкі чайнага лёду кладуць у бутэльку, і, пакуль настаўнікі з Падсвілля ў спёку даязджаюць да Глыбокага, лёд растае, і ў бутэльцы з’яўляецца той самы знакаміты падсвільскі чай.

Вечны вандроўнік

Л.І.Сауліч знаёміць з карцінай Язэпа Драздовіча “Зачараваны замак”.

І ўсё ж галоўная адметнасць Падсвілля — гэта не імбірныя домікі і нават не духмяны чай, які ў ліпеньскую спёку цудоўна наталяе смагу. Падсвільскія настаўнікі ганарацца ў першую чаргу сваім земляком Язэпам Нарцызавічам Драздовічам. Пра “вечнага вандроўніка” яны могуць расказваць вечна. Лепшае месца для такіх размоў — школьны музей, значная частка экспазіцыі якога прысвечана жыццёваму і творчаму шляху знакамітага мастака. Тут не толькі копіі работ Драздовіча, фотаздымкі, успаміны мясцовых жыхароў. Захоўваецца шмат арыгінальных прадметаў, створаных працавітымі рукамі майстра. Напрыклад, вядомая карціна “Зачараваны замак”.

— Гэтую карціну мы знайшлі ў вёсцы Мнюта. Гаспадары гатовы былі яе аддаць у школьны музей, але пры адной умове: на сцяну замест карціны трэба было павесіць дыван. Добра памятаю, што каштавала работа Драздовіча нам 35 рублёў — такая была цана насценнага дывана. Карціну набылі, але ўзнікла пытанне, як давезці. Гэта ж канец 80-х, асабістых аўтамабіляў у настаўнікаў не было. Тады нас выратавала бальніца. Памятаю, паклалі гэтую карціну ў машыну хуткай дапамогі і па мясцовых выбоінах павезлі ў Падсвілле, — з усмешкай узгадала дырэктар школы.

Не меншую каштоўнасць уяўляюць і дываны, размаляваныя мастаком. Падобныя творы наіўнага мастацтва за аўтарствам Язэпа Драздовіча можна і цяпер сустрэць у вясковых дамах. Акрамя дываноў, захоўваюцца і размаляваныя мастаком шафы, выразаныя з дрэва фігуркі. Адну з такіх шаф з вёскі Малыя Давыдкі і фігурку анёла з Падсвілля і знайшлі настаўнікі падчас краязнаўчай экспедыцыі. Высветлілася, што фігурку анёла вяскоўцы па традыцыі ўжо многія гады ставяць пад калядную ёлачку.

Калі драўляную шафу і фігурку анёла можна ўбачыць у музеі пакуль што толькі на фотаздымку (настаўнікі спадзяюцца, што гэтыя прадметы ўсё ж зоймуць пачэснае месца ў школьнай экспазіцыі), то драўлянае крэсла, якое стварыў Язэп Драздовіч, можна ўбачыць у рэальнасці. І не толькі ўбачыць, але нават пасядзець на ім, загадаўшы жаданне. Кажуць, яно абавязкова збудзецца.

Мастак з сусветнавядомым імем, які размалёўвае сялянам дываны і шафы, майструе драўляныя крэслы… А яшчэ ён адным з першых пачаў даследаваць на Глыбоччыне старажытныя курганы, збіраць фальклор, запісваць тапанімічныя назвы. І ўсе куточкі малой радзімы абышоў пехатой. Невыпадкова Драздовіча называюць “вечным вандроўнікам”.

— Гэтага чалавека можна было сустрэць у розных кутках Беларусі. Але больш за ўсё вабілі мастака родныя мясціны. Тут ён быў свой, тут яго пазнавалі, называлі проста і сардэчна “наш дзядзька Драздовіч”. Нарадзіўся Язэп Нарцызавіч у засценку Пунькі 14 кастрычніка 1888 года. Гэтую дату ўжо ў сталыя гады ён напісаў на кавалку палатна (гэтае палатно можна ўбачыць у нашым музеі) і падарыў Донату Пабятынскаму — старому сляпому пчаляру, у якога часта спыняўся на начлег, — паведаміла кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Іосіфаўна Пасюк.

Бацькі Язэпа Драздовіча не мелі сваёй зямлі і вымушаны былі арандаваць яе, пераязджаючы амаль праз кожныя тры гады на новае месца. Калі Язэпу споўнілася два гады, бацька памёр. Таму да цяжкай працы будучы мастак быў прывучаны з дзяцінства. Вучыўся ў Вільні ў мастацкай школе прафесара жывапісу Трутнева. Потым яго настаўнікамі былі прырода, прага да пазнання, інтуіцыя. Драздовіч стварае графічныя работы з краявідамі Дзісеншчыны, дзе прайшло дзяцінства, афармляе вокладку “Беларускага календара на 1910 год”. У 1914 годзе ў Вільні выходзіць першая кніга тады яшчэ юнай паэтэсы Канстанцыі Буйло “Курганная кветка”, вокладку да якой аформіў Язэп Драздовіч. Заказаў афармленне кнігі рэдактар Янка Купала.

Падчас Першай сусветнай вайны служыў фельчарам, але і ў гэты час знаходзіў хвілінку для творчасці і самаадукацыі. Пасля 7 гадоў салдацкай службы мастак вяртаецца дамоў. Планаў шмат, якія ён імкнецца як мага хутчэй рэалізаваць. На малой радзіме стварае бібліятэку, аматарскі тэатр. Потым пераязджае ў Мінск, дзе працуе настаўнікам малявання ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Таварыстве беларускага мастацтва.

— Творчы неспакой, клопаты пра маці зноў клічуць Язэпа Драздовіча ў дарогу. І ён вяртаецца з Савецкай Беларусі на сваю Дзісеншчыну, якая апынулася ў складзе Польшчы. Язэп Драздовіч рупна збірае экспанаты, каб папоўніць музей творамі народнага мастацтва. Займаецца раскопкамі гарадзішчаў, запісвае фальклор, стварае шматлікія альбомы замалёвак народнага побыту, адзення, прылад працы. У 1926 годзе, атрымаўшы невялікую грашовую дапамогу ад Беларускага навуковага таварыства, едзе на Піншчыну, дзе стварае серыю малюнкаў-тыражоў сялян, народнай архітэктуры, запісвае лексіку для “Беларускага этнаграфічнага слоўніка”. На працягу наступных гадоў ён абышоў амаль усю Заходнюю Беларусь. Замалёўваў убачанае: легендарныя курганы і замчышчы, рэшткі славутых замкаў, выдатныя помнікі дойлідства, — расказвае Таццяна Іосіфаўна.

Н.Б.Цяліца з дачкой Валянцінай старанна рыхтуюцца да кожнага вішнёвага фестывалю.

У 1924—1926 гадах працуе выкладчыкам малявання ў Глыбоцкай школе (дарэчы, Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа сёння носіць імя Язэпа Драздовіча). Стварае альбом “Глыбокае”. У 1927—1930 гадах выкладае ў Радашковіцкай і Навагрудскай беларускіх гімназіях. У 1927 годзе заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай гімназіі. У 1931—1939 гадах — вандроўны мастак, хадзіў пехатой ад вёскі да вёскі і распісваў для сялян дываны. Язэп Драздовіч адным з першых мастакоў звярнуўся да вобраза Францыска Скарыны. Шмат работ прысвечана мінуламу.

Пасля аб’яднання Беларусі пэўны час жыве і працуе настаўнікам у мястэчку Лужкі. Вялікая Айчынная вайна прыпыніла дзейнасць, але не спыніла творчасць. У сваіх карцінах звяртаецца да гераічнай гісторыі, вобразаў полацкіх князёў. Піша пранізлівае, поўнае роздуму і філасофскага гучання палатно “На руінах”. На гэтым палатне можна пазнаць самога мастака з торбай за плячыма і скрыпачкай у руках, якая нараджае самотны рэквіем зруйнаванай Радзіме.

Пасля вайны працуе мала, бо і ўзрост ужо не малады, ды і здароўе падарванае. У асноўным малюе дываны. Зрэдку піша краявіды, партрэты. Памёр 15 верасня 1954 года. Пахаваны на могілках у вёсцы Ліпляны, непадалёк роднага засценка Пунькі.

Прадаўжальнік традыцый

Р.Л.Шарыпкін.

Вандроўныя шляхі Язэпа Драздовіча пралягалі і праз Залессе. Менавіта Драздовіч першым пачаў даследаваць курганы ў ваколіцах гэтай вёскі, збіраць мясцовы фальклор. Сёння шляхамі-дарогамі, па якіх некалі праходзіў мастак, вандруе не менш знакаміты збіральнік глыбоцкай даўніны настаўнік рускай мовы і літаратуры Залескага дзіцячага сада — сярэдняй школы Рыгор Леанідавіч Шарыпкін.

Па словах педагога, вывучаць родны край ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Інакш і не магло быць, паколькі бацькі былі ўлюбёныя ў краязнаўства, такімі ж апантанымі былі і дзядуля з бабуляй — настаўнікі Залескай школы. Жылі ў суседняй вёсцы Бушыкі, а там такія мясціны, што не стаць краязнаўцам проста немагчыма. Музей Залескай школы, у якім мы гутарылі з Рыгорам Леанідавічам, — гэта ўжо яго другое “краязнаўчае дзіця”. Першую экспазіцыю ён стварыў яшчэ ў вёсцы Лучайка. Калі мясцовую школу закрылі, экспанаты давялося перавезці ў Залессе. Сёння музейная калекцыя налічвае больш за тысячу адзінак толькі асноўнага фонду.

— Калі з дзецьмі вывучаю археалогію, то заўсёды расказваю, што першым даследчыкам гарадзішчаў у ваколіцах Залесся быў Язэп Драздовіч. Ён часта наведваўся ў наш край, жыў у Летніках у свайго сябра Янкі Пачопкі. Язэп Драздовіч абышоў літаральна кожны куточак Залесчыны, запісваў, занатоўваў убачанае і пачутае ў дзённік. Мне пашчасціла чытаць гэтыя запісы. Калі пачынаеш расказваць пра гэта дзецям, то ў іх абуджаецца цікавасць да краязнаўства. Акрамя археалогіі, мы грунтоўна даследавалі лёс залескай сядзібы графскага роду Корсакаў, заснаванай яшчэ ў 1540 годзе, гісторыю адукацыі ў нашым краі. Вывучылі і гісторыю царквы ў Бушыках, якая пачынае летапіс дзесьці ў XVI стагоддзі, — расказвае настаўнік.

Т.І.Пасюк знаёміць з работамі знакамітага земляка, якія захоўваюцца ў вясковых дамах.

У Рыгора Леанідавіча, як і ў кожнага краязнаўца, свой стыль працы. Спачатку збіраюцца прадметы, экспануюцца, а потым бярэцца нейкая канкрэтная тэма і па ёй пачынаецца стварэнне вучнёўскіх даследчых праектаў. За многія гады такіх праектаў пад кіраўніцтвам настаўніка рэалізавана некалькі дзясяткаў. Нядаўні — “Беларуская хата — зашыфраваны сусвет”.

— Я вельмі люблю этнаграфію. У нас чамусьці часта лічаць, што этнаграфія — гэта нешта прымітыўнае (драўляныя рэчы, сялянскі побыт — усё можна лёгка знайсці). Аднак кажу вучням, уявіце, што рэчы, якія вы бачыце ў музеі, ствараліся рукамі нашых вяскоўцаў, і кожная рэч давалася няпроста. І адна толькі павага да экспанатаў у тым, што гэта вынік цяжкай працы нашых продкаў, землякоў. На жаль, сучасныя дзеці, калі першы раз заходзяць у музей, не могуць расказаць аб прызначэнні нават самых простых прадметаў. Тады я пачынаю гульню кшталту “адгадай, што гэта такое”. Наогул, мая задача прывучыць дзяцей да таго, каб яны збіралі экспанаты і разумелі, што іх трэба ў першую чаргу захоўваць, а потым ужо вывучаць, даследаваць, ствараць праекты. Галоўнае — глядзець пад ногі, — дзеліцца настаўнік.

Глядзець можна вельмі ўважліва і ўсё роўна нічога не знаходзіць. Таму поспех у вывучэнні роднага краю ў многім залежыць ад шанцавання. А добраму краязнаўцу шанцуе заўсёды, у добрага краязнаўца на агародзе нават крот можа выкідваць на паверхню зямлі старадаўнія манеты. Рыгор Леанідавіч не схлусіць!

Сярод экспазіцыі, прысвечанай гісторыі адукацыі на Залесчыне.

— Адна з маіх любімых тэм — тапаніміка. Самым знакамітым даследчыкам тапанімікі Залесчыны быў зноў жа Язэп Драздовіч. Дзякуючы яго “Дзённіку”, мы ведаем незвычайнае гучанне такіх назваў, як азёры Бялуша, Мурома, Астроўскае, Гародня, Нішкунцкае, вёска Зубцы. Наогул, тапаніміка для Драздовіча адыгрывала вельмі важную ролю. А мы кожную цытату Драздовіча бралі да ўвагі і рабілі свае даследчыя вынікі, — расказвае настаўнік. — Шмат якія з тапонімаў Залесчыны маюць цікавую гісторыю. У першую чаргу трэба выдзеліць само Залессе, якое ўпамінаецца ў 1378 годзе. Тапонім Залессе вельмі распаўсюджаны на Беларусі, тлумачыцца вельмі лёгка — месца за лесам. Але цікава тое, што ў нашым краі акрамя Залесся існавалі Залессе-Царкоўнае і Залессе-Астроўна. Вось яшчэ адзін цікавы тапонім — Гойлева. Так называлі вёску паміж Бушыкамі і Кур’янавам. Вёска знікла з карты ў 50-я гады, але з летапісаў мы даведваемся, што гэты тапонім узнік у 1618 годзе, калі там пасяліліся слугі тагачаснага ўладара Залесся па прозвішчы Гайлы. Рака Паловіца ўзгадваецца з 1387 года. На высокім беразе гэтай рэчкі размешчана вёска Паловіца. Назва нясе ў сабе сэнс “полае, нізкае месца”. Сапраўды, нават на фотаздымках бачна, у якіх нізінах і балоцістых месцах цячэ рака. А, напрыклад, вёска Прытыкі прыхоўвае ў сабе сэнс “упрытык”, што азначае “месца, якое ўшчыльную падыходзіла да меж чужой зямлі”.

Як мы звычайна вызначаем турыстычную прывабнасць тых ці іншых мясцін? У першую чаргу па наяўнасці помнікаў архітэктуры. У ваколіцах Залесся не засталося ні шыкоўных палацаў (нават іх руін), ні старадаўніх храмаў. Але пасля размовы з Рыгорам Леанідавічам Шарыпкіным пераконваешся, што нават край, дзе няма значных помнікаў архітэктуры, у плане краязнаўчай прывабнасці можа сапернічаць з самымі раскручанымі мясцінамі. Сапраўды, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. У нашым выпадку гэты чалавек (прадаўжальнік краязнаўчых традыцый, закладзеных Язэпам Драздовічам) не толькі вывучае родныя мясціны, але і праслаўляе іх.

Чароўныя мясціны

Такіх непаўторных мясцін на Глыбоччыне шмат. Таму, калі завітаеце на знакаміты фестываль, абавязкова знайдзіце час прагуляцца не толькі па вуліцах вішнёвай сталіцы. А яшчэ прыедзьце сюды ў сярэдзіне мая, калі старадаўнія глыбоцкія храмы велічна ўзносяцца “па-над белым пухам вішняў”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з асабістага архіва Н.Б.Цяліца.