28 лютага на базе Акадэміі МУС прайшла V Рэспубліканская кадэцкая інтэлектуальна-творчая алімпіяда “Патрыёт”, арганізаваная ўстановай вышэйшай адукацыі сумесна з Беларускім саюзам сувораўцаў і кадэтаў. Галоўнай тэмай конкурсаў і творчых спаборніцтваў алімпіяды стала 75-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Па традыцыі інтэлектуальна-творчая алімпіяда “Патрыёт” сабрала каманды спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Мінскага гарадскога, Віцебскага, Полацкага, Гомельскага, а таксама Гродзенскага, Брэсцкага, Мінскага і Магілёўскага абласных кадэцкіх вучылішчаў. Усяго ў пятніцу акадэмія прымала больш за 200 гасцей.
Пераможцамі спаборніцтваў сярод 11 каманд сталі прадстаўнікі Віцебскага кадэцкага вучылішча. Як паведамілі ў групе інфармацыі і грамадскіх сувязей Акадэміі МУС, віцебскія кадэты набралі найвышэйшую колькасць балаў па выніках конкурсаў прадстаўлення каманд, размінкі капітанаў, апытання на веданне кінафільмаў пра Вялікую Айчынную вайну, на лепшую тэатралізаваную інсцэніроўку па матывах вядомых літаратурных твораў пра Вялікую Айчынную вайну, тэсціраванняў. Прызёрамі таксама сталі каманды Спецыялізаванага ліцэя МНС (другое месца) і Спецыялізаванага ліцэя МУС (трэцяе месца).
Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.