Водар ванілі

- 8:55Выхаванне, Выхаваўчая работа

Рабочая субота змяніла многія планы: школьнікі, іх бацькі і педагогі за штодзённымі клопатамі не напоўніцу адчулі набліжэнне свята. Затое пасля выхадных па ўсёй краіне прайшоў Адзіны ўрок, прысвечаны Міжнароднаму дню сям’і. 

На адным з такіх адкрытых урокаў у сярэдняй школе № 34 Мінска пабывалі і мы са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людмілай Эдуардаўнай Макарынай-Кібак.

Пачаўся ўрок класічна, з тэорыі: на той час, калі рэзалюцыяй ААН 15 мая было абвешчана Міжнародным днём сям’і, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый існавала ўжо амаль паўстагоддзя. На момант яе стварэння інстытут сям’і лічыўся трывалым, надзейным і непахісным. Ніхто не мог уявіць, што пройдзе некалькі дзясяткаў гадоў і міжнародная супольнасць пачне біць трывогу. Разам з абясцэньваннем сямейных каштоўнасцей у вачах грамадства ўвабраліся ў сілу праблемы, якія трывалыя сямейныя сувязі дапамагалі нівеліраваць: павялічылася колькасць суіцыдыў, псіхічных захворванняў, узрасла колькасць людзей, што вядуць асацыяльны лад жыцця. Гэта адбілася на дабрабыце і эканамічным развіцці мноства дзяржаў. Святочныя мерапрыем­ствы, якія мы сёння ладзім у Дзень сям’і, служаць напамінам не толькі кожнаму з нас, але і ўсяму грамадству пра тое, што дабрабыт адной маленькай сям’і — гэта дабрабыт дзяржавы.

Дзевяцікласнікі, што наведалі Адзіны ўрок у 34-й школе, атрымалі яўнае пацвярджэнне гэтага. Іх дамашнім заданнем да незвычайнага ўрока было стварыць праект па гісторыі ўласнай сям’і, пачынаючы з часоў Вялікай Айчыннай вайны і заканчваючы сённяшнім днём. А самай прыемнай і лёгкай часткай праекта было заданне апісаць, з якім колерам асацыіруецца ў вучняў іх сям’я.

“Вы асацыіруеце сям’ю з такімі словамі, як любоў, радзіма, дабро, цяпло, і я жадаю, каб яны заўсёды былі з вамі, каб у вас былі цудоўныя сем’і, цудоўныя дзеці — працяг вашага роду. Каб вы тым самым развівалі і нашу Радзіму, нашу цудоўную Беларусь”.

Што сказаць: у вясёлцы не хапіла адценняў, каб прадставіць усе дзіцячыя асацыяцыі — ад чырвоных і аранжавых да ружовых, у самалёцікі і кветачкі. Апісваючы ўласныя эмоцыі, навучэнцы называлі цёплыя асацыяцыі са словам “сям’я”: дабрыня, любоў, месца спакою, куточак надзейнасці, любімы дом. Пяшчотныя словы ліліся і ліліся, пераплятаючыся з цяжкімі сямейнымі ўспамінамі: пра Вялікую Айчынную вайну, аднаўленне зруйнаванай гаспадаркі, аварыю на ЧАЭС…

Лёс кожнай сям’і напоўнены асабістым болем, і ў той жа час гэта шчаслівыя гісторыі, бо ў кожнай з іх — жыццё працягваецца. Пасля ваеннага ліхалецця наступіў час мірнай працы, аднаўлення і будаўніцтва краіны. Быццам промні ласкавага сонца, сярод цёмных успамінаў зазіхацелі яркія мазкі: пра бабулю, якая любіла ласавацца марожаным, пра франтавых таварышаў, што надоўга страцілі сувязь пасля вайны і раптам са здзіўленнем пазналі адзін аднаго на вяселлі ўласных дзяцей. Навучэнцы прыгадвалі гэтыя мілыя сямейныя гісторыі і дзяліліся планамі на будучыню, бо нічога не скончана — яны, юныя і поўныя надзей, уклеюць у сямейныя альбомы новыя старонкі.

Напрыканцы ўрока слова ўзяла гос­ця Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак: “Як узорная вучаніца, хаця ўжо і ў званні прафесара і доктара медыцынскіх навук, я таксама павінна расказаць пра свой праект. Пакуль ішоў урок, я думала, з якім колерам у мяне асацыіруецца мая сям’я. І, ведаеце, аднаго колеру недастаткова, аднак асноўны, напэўна, будзе чырвоны. Не таму, што ён нейкі агрэсіўны. У маёй сям’і колер чырвоны, таму што я ўрач, і мае дзеці — урачы, і нават унукі, хоць яны і вельмі маленькія, таксама мараць пайсці па нашых
слядах.

Сёння вы шмат гаварылі аб тым, з чаго пачыналася ваша сям’я, я таксама добра ведаю гісторыю маіх родных. У мяне, як і ва ўсіх вас, дзядулі абаранялі Радзіму. Калі я расла і вучылася, у нас была шчаслівая магчымасць мець зносіны з ветэранамі, з тымі людзьмі, што ваявалі. Мы, юныя чырвоныя следапыты, аддавалі даніну памяці загінуўшым як маглі — праз перапіску з ветэранамі і ўласныя даследаванні, адкрывалі імёны на магілах невядомых салдат. Я ведаю, што сёння гэтая работа таксама вя­дзецца ўжо вашым пакаленнем… Як сёння казалі, мы кідаем у зямлю збожжа, стараемся ўсе: хтосьці абараняў краіну, хтосьці аднаўляў яе, хтосьці працягвае развіваць.

І вось у мяне нарадзілася яшчэ адна асацыяцыя: у маёй сям’і ёсць не толькі колер, але і пах. Калісьці, калі я была яшчэ зусім маладзенькай мамай, адна вельмі дарослая жанчына сказала: “Ведаеш, ты вельмі многа працуеш, а ў доме заўсёды павінна пахнуць пірагамі”. Таму для мяне сям’я моцна звязана з пахам ванілі. У маім доме заўсёды пахне пірагамі і хлебам — самым дарагім, што ў нас ёсць. Вы асацыіруеце сям’ю з такімі словамі, як любоў, радзіма, дабро, цяпло, і я жадаю, каб яны заўсёды былі з вамі, каб у вас былі цудоўныя сем’і, цудоўныя дзеці — працяг вашага роду. Каб вы тым самым развівалі і нашу Радзіму, нашу цудоўную Беларусь”.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота аўтара.