Вольга Бучык: у планах — атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю і паўдзельнічаць у конкурсе «Настаўнік года»

- 14:06Первое рабочее место

Сёлета ва ўстановы адукацыі Жабінкаўшчыны прыехалі 10 маладых спецыялістаў. Сярод іх — Вольга Бучык. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца фізікі і інфарматыкі Вольга Бучык з ліцэя Жабінкі працягвае педагагічную дынастыю: маці дзяўчыны Наталля Бучык працуе настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 3 Жабінкі, а бабуля Зоя Палукарава таксама працавала ў ёй да выхаду на заслужаны адпачынак.

— Гуляючы ў дзяцінстве з лялькамі ў школу, іншыя прафесіі нават не разглядала, — усміхаецца Вольга Аляксандраўна, якую ў педагогіку прывялі не толькі прыклад родных і прызванне, але і любімыя настаўнікі.

Менавіта дзякуючы настаўніцы фізікі Вользе Дзмітрук з сярэдняй школы № 3 Жабінкі, дзяўчына з усіх прадметаў выбрала фізіку. Вольгу Бучык заўсёды цікавіла, як уладкаваны свет, а любімы педагог не толькі падтрымала гэтую зацікаўленасць, але і скіравала сваю выхаванку ў прафесійным выбары. У выніку здольная вучаніца стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна.

На 4 курсе дырэктар ліцэя Жабінкі Ганна Кулагіна прапанавала ёй выкладаць інфарматыку. Будучы па натуры лёгкай на пад’ём, Вольга Аляксандраўна пагадзілася.

— Добрыя арганізатарскія і педагагічныя здольнасці заўважыла ў сваёй вучаніцы яшчэ ў 7 класе, калі працавала ў сярэдняй школе № 3 Жабінкі, — гаворыць Ганна Кулагіна. — Вольга была нязменнай вядучай усіх школьных мерапрыемстваў.

Але калі малады спецыя­ліст прыйшла сёлета па размеркаванні ў ліцэй, то дырэктар разам з настаўніцкай пасадай прапанавала ёй і пасаду класнага кіраўніка 10 класа і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. У тым, што яна справіцца з гэтымі абавязкамі, кіраўнік не сумняваецца. Як-ніяк Вольга Бучык на працягу трох курсаў вучобы ва ўніверсітэце з’яўлялася камандзірам студэнцкага педагагічнага атрада “Новае пакаленне”, які па выніках 2022/2023 навучальнага года стаў лепшым у краіне.

— Калі прыйшла ў атрад, ён быў лепшым у вобласці, — успамінае Вольга Аляксандраўна. — Падумалася адразу: а чаму б яму не стаць лепшым і ў краіне?

Студатрадаўскі педагагічны вопыт навучыў многаму: як наладзіць дысцыпліну ў дзіцячым калектыве, захоўваць у ім субардынацыю, як працаваць з дакументамі… Гэты вопыт вельмі спатрэбіўся ў далейшай дзейнасці.

— Адчуваю моцную падтрымку з боку дырэктара ліцэя і намесніка па вучэбнай рабоце Вольгі Завяржэнец, — заўважае Вольга Бучык. — Асноўныя цяжкасці толькі ў тым, што ўсё для мяне новае, але ўсяму можна навучыцца і з усім справіцца, калі ёсць жаданне.

Ганна Кулагіна не баіцца давяраць адказныя пасады маладым педагогам, калі бачыць у іх адпаведны патэнцыял.

— Поспех агульнай справы — у каманднай рабоце, — лічыць дырэктар. — Таму важна акружыць маладых педагогаў павышанай увагай і клопатам, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі сам-насам са сваімі праблемамі. Дзеці слухаюць і паважаюць Вольгу Бучык. Малады педагог умее цікава і крэатыўна падаць любую інфармацыю. Нездарма ёй даверылі весці афіцыйны сайт установы і яе старонку ў Instagram.

Вольга Аляксандраўна працуе з высокаматываванымі старшакласнікамі, што патрабуе ад яе грунтоўных ведаў і належнай падрыхтоўкі. У сваёй рабоце педагог актыўна выкарыстоўвае ІКТ і тэхналогію праблемнага навучання.

Маладая настаўніца не баіцца нічога новага і з радасцю далучаецца да яго. Так, Вольга Бучык удзельнічае з калегамі ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі функцыянальнай дасведчанасці як асновы сацыялізацыі і прафесійнага самавызначэння вучняў шляхам індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу”, а таксама ў рэспубліканскім конкурсе кіраўніцкіх практык “Эфектыўныя падыходы да кіравання сучаснай установай адукацыі”.

Але і гэта яшчэ не ўсё! Вольга Аляксандраўна займаецца грамадскай дзейнасцю ў статусе старшыні маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў.

— Вас, пэўна, цікавіць, адкуль у мяне на ўсё гэта знаходзіцца час? — усміхаецца педагог. — Часу хапае на ўсё дзякуючы яго рацыянальнаму выкарыстанню! У планах — атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю, абавязкова паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і працягнуць работу ў летніх аздараўленчых лагерах…

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара