“Шосты школьны дзень — час, калі энергію дзяцей можна накіраваць у добрае рэчышча”, — лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Докшыц імя У.Ф.Крышталевіч Вольга Карніловіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На месцы не сядзіцца
Надвор’е і настрой у дзяцей ужо зусім летнія, так і цягне на вуліцу, тым больш што тут так шмат цікавага! Дзякуючы рабоце і крэатыву настаўнікаў, кожная субота для школьнікаў не падобная на папярэднюю. Толькі што прайшоў традыцыйны вясновы крос. А ў мінулую суботу дзеці наведалі мемарыяльны комплекс “Курган Славы”, дзе ўсклалі кветкі ў памяць абаронцаў нашай Радзімы.
— Асноўны ўхіл робім не на забавы, а на заняткі, карысныя для саміх вучняў і ўсіх, хто знаходзіцца побач з імі, — адзначае Вольга Валер’еўна. — Кожная першая субота месяца прысвечана патрыятычнаму
выхаванню. І ўключае яно не толькі адукацыйны кантэнт, але і дае дзецям магчымасць паслужыць Радзіме добрымі справамі. Прычым усё пачынаецца з малога. Так, наш школьны валанцёрскі атрад “Палаючыя сэрцы” рэгулярна наводзіць парадак у лесе, нядаўна ачысцілі ад смецця тэрыторыю ўрочышча Чыстаполле ў рамках раённай экалагічнай акцыі “Чысты лес”. Дзеці з задавальненнем далучаюцца па суботах да такіх акцый. Тым больш што ёсць матывацыя: мы вызначаем клас пераможцаў. Гэтым разам імі сталі пяцікласнікі. Такія мерапрыемствы вучаць дзяцей любіць Беларусь, яе прыроду.
Па выніках работы ў 2023 годзе валанцёрскі атрад “Палаючыя сэрцы” прызнаны лепшым у Докшыцкім раёне. Таксама ён атрымаў перамогу ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці”.
— У шосты школьны дзень праходзяць віктарыны, прысвечаныя нашай краіне, — расказвае вучаніца 7 класа Валерыя Сакалова. — Вывучаем не толькі яе геаграфію, гісторыю і нашых славутых герояў, але і ўнікальную культуру: міфы і паданні, традыцыі докшыцкай зямлі. Гуляем у патрыятычныя інтэлектуальныя гульні “ПРО_Беларусь”, “Маладзёжны квіз”.
Вясной надыходзіць час наводзіць парадак там, дзе жывеш: у мінулую суботу навучэнцы прынялі ўдзел у праекце “Школа — наш дом, прыгажосць мы навядзём”, а дзесяцікласнікі і актывісты Беларускага
рэспубліканскага саюза моладзі правялі акцыю “Абеліск” — займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол брацкай магілы, што замацавана за школай.
Падарожжы на двух колах
Патрыятычныя велапрабегі — асаблівая гордасць школы. Традыцыя такіх вандровак тут існуе даўно.
— У падарожжах прымаюць удзел школьнікі з 5 па 11 клас, — паведамляе настаўніца гісторыі і педагог-арганізатар Вікторыя Ждановіч. — Арганізуем іх вясной, як толькі ўсталёўваецца цёплае надвор’е, а таксама ўвосень. Край у нас прыгожы — маршрутаў шмат. Часам дзеці самі іх прапануюць. Абавязкова адпраўляемся ў паездкі на дзяржаўныя святы: Дзень Незалежнасці, Дзень народнага адзінства. Справаздачы з вандровак публікуем у школьных сацсетках. І заўсёды падчас велапрабегаў стараемся аказаць адрасную дапамогу пажылым і адзінокім жыхарам раёна: камусьці прапалоць агарод, прывезці дровы, прыбрацца на двары ці ў хаце.
— Некаторыя дзядулі і бабулі нас ужо добра ведаюць, чакаюць, — заўважае дзесяцікласніца Юлія Матошка. — Мы пакідаем ім свой нумар тэлефона, калі што — просяць дапамагчы. І абавязкова рыхтуюць для нас пачастунак.
Педагогі таксама арганізуюць дабрачынныя акцыі, напрыклад, “Падарунак ветэрану”, прыцягваюць да работы раённы актыў БРСМ, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, маладзёжную палату пры Докшыцкім раённым Савеце дэпутатаў, супрацоўнікаў мясцовага ваенкамата.
— Добра матывуюць дзяцей школьныя лінейкі, на якіх мы падводзім вынікі працы, узнагароджваем лепшых валанцёраў, актывістаў, — падкрэслівае настаўніца. — Але лепшы стымул для школьнікаў — прыносіць людзям карысць. Нашы валанцёры рэгулярна бачаць пажылых людзей, пакінутых дзецьмі, роднымі. Клопат пра іх, пасільная дапамога выхоўваюць у дзецях міласэрнасць, павагу да старэйшага пакалення.
У патрыятычную суботу школьнікі сустракаюцца з супрацоўнікамі Дэпартамента аховы МУС Беларусі, прымаюць удзел у днях адкрытых дзвярэй Докшыцкага РАУС, праводзяць квест-гульню “Па дарогах Перамогі”, ваенна-спартыўныя гульні “Зарнічка”, “Стальная воля”.
Пад чыстым небам
Падчас вандровак школьнікі таксама даглядаюць помнікі воінам-землякам, ураджэнцам вёсак раёна, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Вікторыя Ждановіч разказвае, што часам ад былых вёсак ужо нічога не засталося, а помнік стаіць. Бывае, літаральна ў полі. Напрыклад, такі ёсць ля вёскі Камайск, што знаходзіцца за 10 кіламетраў ад Докшыц.
Цяжкасцей юныя докшыцкія веласіпедысты не баяцца, могуць праехаць за падарожжа 30 кіламетраў — з рукзакамі, спартыўным інвентаром. Наведваюць знакавыя месцы саміх Докшыц, вёску Янкі, дзе знаходзіцца помнік 26 землякам, якія загінулі падчас вайны.
У Докшыцкім раёне шмат памятных месцаў, якія могуць ускалыхнуць дзіцячыя сэрцы.
— Немагчыма не ўзгадаць пра вёску Шунёўка, якую спалілі нацысты, — зараз на яе месцы знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму”, — працягвае Вікторыя Ждановіч. — Трагедыя адбылася 22 мая 1943 года. Гэтае месца ведае літаральна кожнае мясцовае дзіця. Дарэчы, усяго ў Докшыцкім раёне былі спалены 97 населеных пунктаў, тры з іх так і не аднавіліся, сярод іх і Шунёўка. Школьнікі рэгулярна прымаюць удзел у раённых марафонах “Разам да Перамогі”, “Дарогамі памяці”, “Па слядах Перамогі” і інш. Акрамя Шунёўкі, абавязкова арганізуем экскурсіі ў мемарыяльныя комплексы “Трасцянец”, “Прарыў”, у Бягомльскі музей народнай славы, у горад-герой Мінск.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі