Вольга Тарасюк — пра поспехі педагогаў і навучэнцаў Лідскага раёна

- 9:46Планерка

Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Зігмундаўна Тарасюк разам з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” прыгадала дасягненні мінулага года і падзялілася святочным настроем, аўтары якога — педагогі і навучэнцы Лідчыны.

— Наколькі 2023 год быў насычаным і выніковым для сістэмы адукацыі Лідскага раёна?

— Гэты год для нас стаў часам новых адкрыццяў у літаральным сэнсе слова. У Дзень ведаў пасля маштабнай рэканструкцыі школьнікаў сустракала Першамайская сярэдняя школа. У лістападзе ў Лідзе расчыніў свае дзверы новы дзіцячы сад № 42.

Закранулі абнаўленні ў тым ліку і спартыўную інфраструктуру ўстаноў адукацыі раёна. Так, на стадыёнах пяці ўстаноў абноўлены бегавыя дарожкі, яшчэ ў чатырох выкананы рамонт спартыўных залаў, а на тэрыторыі сярэдняй школы № 9 імя А.У.Нічыпорчыка адкрыта скейт-пляцоўка. Усё гэта садзейнічае арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў рэгіёне.

— Аб эфектыўнасці работы сістэмы адукацыі часта гавораць у разрэзе дасягненняў навучэнцаў.

— Гэта сапраўды так, і тут нам ёсць чым пахваліцца. У 2023 го­дзе лідчане захавалі лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці ў алімпіядным руху. Заваяваны 72 перамогі на абласным і 20 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 18 нашых выпускнікоў сталі пераможцамі ўніверсітэцкіх алімпіяд.

Ва ўмовах новых падыходаў да выніковай атэстацыі і ўступнай кампаніі навучэнцы Лідскага раёна атрымалі 41 стабальны вынік на цэнтралізаваным экзамене і 13 — на цэнтралізаваным тэсціраванні. Сенсацыяй мінулага года сталі атрыманыя лідчанкай адразу тры стабальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, а ў 2023 годзе максімальныя 400 балаў па выніках уступнай кампаніі атрымалі тры нашы выпускнікі.

Навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі 49 нашых навучэнцаў. У снежні трое лідскіх школьнікаў прымаюць удзел яшчэ і ў міжнароднай змене на базе інавацыйнага навукова-тэхналагічнага цэнтра “Сірыус” у Сочы.

— Што спрыяе такім поспехам?

— Вядома, якаснае прадметнае навучанне. Больш за 80 працэнтаў нашых старшакласнікаў сёння ахоплены вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні. Спрыяе гэтаму сістэма пазаўрочнай работы па прадмеце, мультыпрофільнае навучанне.

Галоўная роля ў паспяховасці вучняў справядліва адводзіцца настаўнікам. У 2023-м яны не раз станавіліся прызёрамі розных конкурсаў. Лідчанка А.А.Харужая стала пераможцай абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспуб­лікі Беларусь” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Пераможцай рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” стала настаўніца рускай мовы і літаратуры А.К.Ненартовіч. Дыплом ІІІ ступені атрымала выхавальніца дашкольнай адукацыі А.У.Александровіч на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без меж” у Санкт-Пецярбургу.

Нашы педагогі вялікую ўвагу ўдзяляюць і пытанням падрыхтоўкі сабе змены. Так, 70 выпускнікоў 11 класа сёлета на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі паступілі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У прыярытэце ў лідчан па-ранейшаму педагагічныя УВА.

— Для Ліды 2023 год прайшоў пад знакам 700-гадовага юбілею. Як гэтая тэма гучала на ўзроўні сістэмы адукацыі раёна?

— Шэраг праектаў і ініцыятыў быў прысвечаны гэтай даце. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі гэта грамадзянска-патрыятычны праект “Я і Радзіма мая”, накіраваны на вывучэнне гісторыі і культуры малой радзімы. Па ініцыятыве раённага маладзёжнага парламента рэалізаваны навукова-практычны праект “Сузор’е Лідчыны”. Сапраўдным падарункам да юбілею горада сталі кветкавыя кампазіцыі і цэлыя ландшафтныя праекты на тэрыторыі ўстаноў адукацыі ў рамках тэматычнага эколага-патрыятычнага марафону.

Нядаўна ў нас прайшла педагагічная канферэнцыя “Ліда: да гісторыі, вытокаў, імёнаў”, на якой быў прадстаўлены цікавы вопыт сумеснай даследчай работы навучэнцаў і педагогаў рэгіёна.

Да таго ж у юбілейны год Ліда стала пляцоўкай для правядзення рэспубліканскага свята “Апошні званок” і гасцінна сустрэла лепшых выпускнікоў з усіх рэгіёнаў краіны.

— Калі акцэнтаваць увагу на святочным настроі, як ім дзеляцца прадстаўнікі сістэмы адукацыі Лідчыны?

— Як і многія прадстаўнікі сістэмы адукацыі, сёння педагогі Лідчыны аналізуюць вынікі адыходзячага года. Цешыць, што вельмі сімвалічным аб’яднаўчым момантам для ўсіх нас напрыканцы года стаў чэлендж “Снег аб’ядноўвае ўсіх!”. Да яго далучыліся практычна ўсе ўстановы адукацыі. Кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, педагогі, навучэнцы і выхаванцы весела “ваявалі” са снегам! І перамаглі!

Яшчэ адным важным аб’яднальным мерапрыемствам для ўсіх педагогаў раёна стала даб­рачынная акцыя “Нашы дзеці”. Акрамя таго, на Лідчыне пры­няць дзяцей рыхтуецца рэзідэнцыя Дзеда Мароза на базе аздараўленчага лагера “Бярозка”.

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара