У дзіцячым садзе № 22 Рэчыцы займаюцца восем выхаванцаў з РАС. З верасня 2023 года ўстанова стала ўдзельніцай рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі мадэлі дзейнасці выхавальніка, які забяспечвае персанальнае суправаджэнне дзяцей з РАС ва ўстановах адукацыі. Кансультацыйную дапамогу педагогам аказвае дацэнт кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ кандыдат педагагічных навук В.Ю.Светлакова. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
А з гэтага навучальнага года дзіцячы сад далучыўся да пілотнага праекта па апрабацыі праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці” — сумеснай ініцыятывы Міністэрства адукацыі і Парка высокіх тэхналогій, накіраванай на фарміраванне алгарытмічных уменняў і лагічнага мыслення ў дзяцей ва ўзросце 6—7 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку дзяцей з РАС.
— Я працую ў старшай групе інтэграванага навучання і выхавання. Яе наведваюць 12 дзяцей, з іх трое маюць расстройствы аўтыстычнага спектра, і адзін з іх — Слава — мой падапечны, — расказала Вера Кашкар. — Дапамагаю яму адаптавацца ў калектыве, развіць пэўныя навыкі, навучыцца вучыцца, быць самастойным. Знаёмлю Славу з прадметна-развіццёвым асяроддзем установы, суправаджаю яго ў працэсе асваення новых відаў дзейнасці, арганізоўваю ўмовы для рэалізацыі індывідуальнага адукацыйнага маршруту, адаптаванай да яго магчымасцей праграмы, падтрымліваю псіхалагічна.
Асяроддзе дзіцячага сада прыстасавана пад патрэбы выхаванцаў з РАС: візуальна пазначаны маршруты ў групы, у музычную і спартыўную залы, у кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Свае абазначэнні ёсць і на шафках такіх дзяцей у раздзявалцы. Структуравана і прастора ў групе: вылучаны гульнявая і сенсорная зоны, зоны для індывідуальных заняткаў і для прыёму ежы (з візуальнай маркіроўкай месца дзіцяці), зона рэлаксацыі і адасаблення. Для паспяховай адаптацыі такіх дзяцей да ўмоў установы складзены візуальны расклад, алгарытмы мыцця рук, наведвання туалета, паслядоўнасці апранання (распранання) на прагулку і з прагулкі.
— Калі Слава прыйшоў да нас, то праяўляў трывожнасць, не ішоў на кантакт, не цікавіўся гульнямі, імкнуўся быць у адзіноце. Навыкі самаабслугоўвання ў яго таксама не былі сфарміраваны, — адзначае педагог. — Папярэдне мы правялі анкетаванне яго бацькоў, запоўнілі лісты назіранняў і педагагічнай дыягностыкі, выявілі індывідуальныя асаблівасці хлопчыка, станоўчыя моманты, на якія можна абапірацца ў рабоце з ім. Я пачала весці дзённік назіранняў. Для яго бацькоў спецыялісты правялі кансультацыі “Сацыяльна-камунікатыўнае развіццё”, “Індывідуальны адукацыйны маршрут”. Мы высветлілі, чым малы цікавіцца дома, якія здольнасці праяўляе, абмеркавалі магчымасці арганізацыі для яго музычных і фізкультурных заняткаў. Разам з педагогам-псіхолагам Аленай Дворнік і настаўнікамі-дэфектолагамі Валянцінай Пугачовай і Наталляй Каральчук распрацавалі для Славы індывідуальны адукацыйны маршрут.
Як і многія дзеці з РАС, хлопчык адчувае цяжкасці ў сацыяльным узаемадзеянні. Папулярная стратэгія вырашэння гэтай праблемы — сацыяльныя гісторыі, якія дапамагаюць счытваць і разумець пэўныя жыццёвыя сітуацыі. Вера Кашкар стварыла сацыяльныя гісторыі “Едзем у машыне”, “Ідзём у цырульню”, “Мыем рукі”, “Здымаем вопратку” (для пераадолення боязі расшпільвання замка курткі).
Пры напісанні сацыяльных гісторый трэба прытрымлівацца пэўных правіл. Перш за ўсё выразна вылучаць тэму гісторыі, не выкарыстоўваць асуджэнне і грубыя забароны без тлумачэнняў, апісваць сітуацыю проста і даступна. Для гэтага трэба сабраць усю інфармацыю аб працэсе, які будзе ў гісторыі: калі адбываецца падзея, колькі доўжыцца, хто ў ёй удзельнічае, якія дзеянні павінна выканаць дзіця, якія вынікі будуць атрыманы. Для дашкольнікаў лепш выкарыстоўваць аповед ад першай асобы.
— Я падбірала ілюстрацыі для сацыяльнай гісторыі, улічваючы здольнасці Славы да разумення розных узроўняў абстракцый: каляровыя фатаграфіі самога хлопчыка і ўсяго, што яго акружае, фота іншых людзей у абставінах, якія адпавядаюць тэксту, — расказвае Вера Васільеўна. — Мне спатрэбіліся каляровыя малюнкі з добрай дэталізацыяй і натуральнасцю, у цацачным або анімацыйным стылі, чорна-белыя і схематычныя малюнкі. Пад кожнай карцінкай я давала не больш за два кароткія сказы. Славу добра даецца візуальнае навучанне. Таму для лепшага ўспрымання сацыяльных гісторый я брала рэалістычныя фотаздымкі. Паколькі ў хлопчыка выклікаюць трывогу некаторыя гукі (работа матора машыны, машынкі для стрыжкі валасоў, бягучай вады з крана і г.д.), то перад напісаннем сацыяльнай гісторыі я займаюся дэсенсібілізацыяй слыхавой гіперадчувальнасці.
Сёлета Вера Кашкар заняла 1-е месца ў абласным конкурсе ў намінацыі “Лепшы выхавальнік дашкольнай адукацыі групы інтэграванага навучання і выхавання”.
— Карыстаюся магчымасцямі альтэрнатыўнай камунікацыі або зносінамі праз карткі і жэставае маўленне, — працягвае Вера Васільеўна. — Абавязковыя пахвала і стымуляванне: у самым пачатку заняткаў важна паказаць выхаванцу, што ў канцы ён атрымае жаданае (любімую цацку і г.д.). Важнае значэнне мае візуалізацыя адукацыйнага працэсу, падбор раскладу пад канкрэтнага малыша, што дазваляе яму лягчэй арыентавацца ва ўстанове. За два гады работы са Славам я дасягнула стабільных вынікаў. Ён з задавальненнем наведвае дзіцячы сад, устанаўлівае зрокавы кантакт, разумее зварот да яго, узаемадзейнічае з дзецьмі, гуляе. Сфарміраваліся і навыкі самаабслугоўвання (наведванне туалета, мыццё рук, самастойнае трыманне лыжкі і відэльца). Мне вельмі падабаецца назіраць за перамогамі Славы. Хай і самымі маленькімі, але такімі значнымі! Якую ж формулу поспеху ў рабоце з дзецьмі з РАС я вывела для сябе? Пэўна, яе можна прымяніць да ўсіх малышоў: выхавальнік павінен быць прафесіяналам, умець ставіць сябе побач з дзіцем, а не насупраць. Неабходна, каб малыя давяралі педагогу. І яшчэ важна дапамагчы малышу зразумець сябе, паверыць у свае сілы.
***
Разам з настаўнікам-дэфектолагам Вера Кашкар распрацавала і паспяхова ўкараніла ў практыку алгарытм работы па дэсенсібілізацыі слыхавой гіперадчувальнасці.
I этап — перадпадрыхтоўчая работа
- Адаптацыя дзіцяці да немаўленчага гучання, якое выклікае неспакой і непажаданыя паводзіны (прапаноўваю немаўленчае гучанне на ціхай гучнасці, паступова яе павялічваю).
- Суаднясенне немаўленчага гучання з ілюстрацыяй (дзіця слухае гукавы сігнал, разглядае ілюстрацыю; дзіця слухае і па просьбе выхавальніка падае картку з ілюстрацыяй; дзіця слухае гукавы сігнал, суадносіць з выявай і самастойна падае картку з ілюстрацыяй).
II этап — падрыхтоўчыя практыкаванні
- Распазнаванне немаўленчых гучанняў на слых, суаднясенне з ілюстрацыяй (дзіця слухае і знаходзіць адпаведную картку).
- Распазнаванне гучання і трэніроўка памяці (дзіця слухае гук, знаходзіць адпаведную картку і пераварочвае яе).
- “Якога гуку не было?” (перад малым карткі з ілюстрацыямі, ён праслухоўвае гукі і вызначае, якога не было).
Вышэйапісаныя практыкаванні Вера Кашкар узяла са шматгадовага вопыту работы з дзецьмі з парушэннем слыху і адаптавала да выхаванца з РАС (выкарыстала дапаможнік “Слухаць цікава”). Практыкаванні накіраваны на назапашванне паняційнага слоўніка — разуменне звернутага маўлення — і на фарміраванне немаўленчага слыху.
III этап — работа з сацыяльнай гісторыяй
- Прачытванне і адпрацоўка гатовай сацыяльнай гісторыі.
- Работа з сацыяльнай гісторыяй на чыстым аркушы.
- Адпрацоўка ўсіх этапаў дома з бацькамі.
IV этап — адпрацоўка навыку
Для малога з РАС важна, каб сітуацыя, якая чакае яго, была прадказальнай, каб ён разумеў, што яму трэба будзе зрабіць. Гэта знізіць непажаданыя паводзіны. Таму для адпрацоўкі навыку па алгарытме Вера Кашкар прымяняе папеўкі, у якіх у даступнай форме растлумачвае дзіцяці, што прычына, якая выклікае неспакой і страх, скончыцца, калі дзеянне будзе выканана. Папеўкі — гэта яшчэ і від работы, які вельмі эфектыўны для запуску маўлення. З дапаможніка “Зоюшкины попевки” была ўзята мелодыя, а словы напісаны ў адпаведнасці з праблемай, якую трэба пераадолець. Дзякуючы практыкаванням і адпрацоўцы ўсіх этапаў алгарытму, педагогу ўдалося дасягнуць устойлівага выніку ў вырашэнні праблемы.
Надзея ЦЕРАХАВА