Вопытам работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі дзеляцца педагогі Бярэзінскай гімназіі

- 10:02Главная, Знак качества, Образование

Падрыхтоўка да алімпіяд у Бярэзінскай гімназіі — сістэмная і выніковая. Штогод навучэнцы заваёўваюць дыпломы як на трэцім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, так і на чацвёртым. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З нядаўняй абласной алімпіяды яны прывезлі 4 дыпломы. Поспех на алімпіядзе — гэта заўсёды плён сумеснай працы педагога і навучэнца. Але толькі настаўнік здольны ўбачыць патэнцыял дзіцяці і даць магчымасць яму праявіцца. Каб не страціць гэтую здоль­насць, неабходна ўвесь час займацца самаўдасканаленнем.

Настаўніца нямецкай і англійскай моў Яўгенія Трапянок шмат увагі ўдзяляе развіццю такога навыку, як маўленне. Для павышэння эфектыўнасці ўрока і факультатыўных заняткаў, прысвечаных практыцы маўлення, яна ўкараніла ў сваю дзей­насць праект “Анлайн-­сябры”, у межах якога ажыццяўлялася інтэрактыўнае навучанне ў супрацоўніцтве з іншымі школамі краіны. Акрамя таго, педагог з’яўляецца выпускніцай праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Цяпер у метадычнай скарбонцы Яўгеніі Міхайлаўны — лічбавыя тэхналогіі, сінгапурская методыка, якая дапамагае вучням раскрывацца і свабодна гаварыць на замежнай мове.

У супрацоўніцтве са сваёй калегай настаўніцай англійскай мовы Веранікай Васілевіч яны наладзілі англамоўныя зносіны з кітайскімі школьнікамі. Міжнароднае супрацоўнітва са школамі Кітая адбываецца ў відэафармаце і з дапамогай лістоў і паштовак. Дзеці ахвотна расказваюць пра традыцыі сваіх краін і навучальных устаноў, развіваючы такім чынам пісьмовае маўленне. У планах — супрацоўніцтва ў такіх кірунках, як STEM-адукацыя і штучны інтэлект.

Вераніка Леанідаўна таксама працуе з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Акрамя падрыхтоўкі да алімпіяды, яна займаецца са сваімі вучнямі даследчай дзейнасцю. Дарэчы, у недалёкім мінулым, будучы самым маладым даследчыкам (тады шасцікласнікам), яе вучань стаў лепшым у раёне з работай “Вывучэнне фразавых дзеясловаў з дапамогай штучнага інтэлекту”. Развіццё тэмы штучнага інтэлекту набірае абароты, і ўжо ў гэтым годзе настаўніца разам са сваімі захопленымі навучэнцамі даследуе яе ў спецыяльных дадатках, дзе можна ствараць персанажа і ўступаць з ім у дыялог.

Размова з настаўніцай матэматыкі Валянцінай Дамашэвіч і яе вучнем Андрэем Чалеем адбылася падчас перапынку паміж рашэннем алімпіядных задач. На момант нашага знаходжання ў гімназіі яны якраз рыхтаваліся да алімпіяды. Дарэчы, юнак на абласной алімпіядзе па матэматыцы, якая завяршылася на мінулым тыдні, атрымаў выдатны вынік — чарговы пераможны дыплом II ступені.

“Андрэй — вялікі працаўнік. Акрамя алімпіяды, ён яшчэ і ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку абараніў свой праект”, — не без гордасці зазначыла Валянціна Міхайлаўна.

“Тэма майго праекта — “Даведачныя, інтэлектуальныя, дыялогавыя сістэмы па матэматыцы”. Гэта сістэма, якая будзе дапамагаць школьнікам рыхтавацца да алімпіяды па матэматыцы, аналізуючы іх навыкі ў моманце праз рашэнне адпаведных задач”, — падключыўся да размовы Андрэй.

А рыхтавацца да алімпіяды ў Бярэзінскай гімназіі пачына­юць літаральна з пачатковай школы. Калі ў вучню заўважаюць адпаведны патэнцыял, то даюць яму парашаць лагічныя задачы, а пасля далучаюць да конкурснага руху, дзе можна прадэманстра­ваць свае матэматычныя здольнасці. Прынамсі, з Андрэем так і было. Цяпер юнак вучыцца ў 11 класе і сваю будучыню плануе звязаць з праграмаваннем.

Валянціна Міхайлаўна карыстаецца ўсімі магчымасцямі, каб заставацца ў прафесійным тонусе і павышаць свой узровень: удзель­нічае ў тэматычных семінарах, у рабоце школы юных матэматыкаў “Юні-цэнтра-XXI”, які дзейнічае пры БДУ. Набыты вопыт дазваляе ёй рабіць аналіз алімпіядных заданняў і пэўныя прагнозы па іх выкананні. Ра­зам са сваім вучнем яны заўважылі, што няпростымі, як правіла, з’яўляюцца заданні па геаметрыі.

У бягучым навучальным го­дзе школьнікам была прапанавана яшчэ адна магчымасць праве­рыць свае сілы ў рашэнні алімпіядных заданняў. У межах школы алімпіяднага руху былі арганізаваны навучальныя змены ў дыстанцыйным фармаце. Гэтыя змены ўключа­юць у сябе комплексы вучэбных заняткаў і псіхалагічных трэнінгаў па фізіцы, біялогіі, матэматыцы, астраноміі, хіміі і геаграфіі. Асноўная іх мэта — падрыхтоўка школьнікаў да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе і фарміраванне кандыдатаў у беларускія каманды для міжнародных алімпіяд.

На сёння праведзены тры такія змены. Як адзначылі ў Бярэзінскай гімназіі, навучэнцы якой таксама сталі ўдзельнікамі змен, заданні прапаноўваліся няпростыя, але цікавыя. Іншым разам адсутнасць ранжыравання па ўзросце не давала магчымасці вучням правільна расставіць прыярытэты пры выкананні заданняў.

Настаўніца фізікі Ганна Ізмер таксама ў алімпіядным руху. За гады работы яна падрыхтавала не аднаго пераможцу абласнога і рэс­публіканскага этапаў алімпіяды па фізіцы.

“Добрасумленная падрыхтоўка да алімпіяды — штодзённая праца вучня. Вельмі важна, каб ён мог працаваць самастойна, быў уседлівым і мэтанакіраваным. Фізіка — шматгранная навука, а алімпіядныя задачы па фізіцы — гэта сімбіёз яе напрамкаў і шматкрокавасць у рашэнні. Да таго ж фізіка без матэматыкі немагчымая, таму калі не складваецца з царыцай навук, то не будзе поспеху і ў фізіцы”, — адзначыла Ганна Сяргееўна.

“Як вы паспелі заўважыць, педагогі нашай гімназіі — спецыяліс­ты вельмі высокага ўзроўню, лю­дзі неабыякавыя і апантаныя, таму і вучні ў нас паспяховыя, матываваныя на рост і развіццё. Прыемна, што шэрагі такіх педагогаў увесь час папаўняюцца. Тут хочацца згадаць настаўніка інфарматыкі Артура Уладзіміравіча Драздоўскага, які развівае ў нас такі напрамак, як робататэхніка, і таксама імкнецца да таго, каб яго выхаванцы часцей бывалі на пераможным п’едэстале”, — падсумавала дырэктар навучальнай установы Наталля Бурцава.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА