Вопытам выхавання моладзі падзяліўся ваенрук Віктар Тупіца

- 16:03Гомельская область, Образование

Кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 1 Хойнікаў Віктар Тупіца выхоўвае ў дзяцей любоў да Радзімы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 У свой час Віктар Тупіца служыў у танкавых войсках Узброеных Сіл СССР, яму прысвоена званне афіцэра запасу. Пасля службы працаваў у МНС: ратаваў людзей з агню, прымаў прафілактычныя меры для прадухілення трагедый. Гісторый з практыкі за плячыма суразмоўніка, несумненна, больш чым дастаткова. Але мы вырашылі пагаварыць пра сучаснасць, бо цяпер паважаны Віктар Іванавіч працуе кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і прыкладае ўсе сілы, каб у падрастаючага пакалення павысілася ціка­васць да пытанняў грамадзянскасці і патрыятызму. Таксама стараецца, каб падлеткі імкнуліся прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Ужо тры гады ён удзяляе ўвагу кожнаму школьніку, прывіваючы любоў да роднага краю.

— Выкладаю дапрызыўную падрыхтоўку для навучэнцаў 10—11 класаў, а таксама кірую аб’яднаннем па інтарэсах “Юны сябар пагранічніка”. У ім работа будуецца сумесна з прадстаўнікамі пагранічнай заставы “Хойнікі”, — адзначае Віктар Іванавіч. — У першую чаргу ў аб’яднанне запрашаю жвавых дзяцей, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. Рэгулярна арганізоўваем пазнавальныя экскурсіі, наведваем вайскоўцаў, якія асабістым прыкладам паказваюць навучэнцам, што такое гонар, патры­ятызм. Яркія эпізоды ў жыцці хлопчыкаў — мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, удзел у ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, урокі мужнасці, на якіх навучэнцы знаёмяцца з баявой славай сваёй краіны ў асобах.

Таксама займаюся са сцяганоснай групай, арганізоўваю розныя экскурсіі — усё гэта неад’емная частка выхаваўчага працэсу. У дзяцей засталіся моцныя ўражанні пасля наведвання мемарыяльнага комплексу “Ала” ў Светлагорскім раёне, Музея бітвы за Днепр у Лоеве, палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі, Ліцэя МНС. Плануем паехаць у мемарыяльны комплекс у памяць аб ахвярах лагераў смерці “Азарычы”. Наведвалі яго да рэканструкцыі. Зараз, вядома, гэтае месца смутку і памяці — увасабленне здзейсненых тут злачынстваў. Таксама разам з хлопцамі займаемся навядзеннем парадку на брацкіх магілах, помніках і воінскіх пахаваннях. Адна з галоўных мэт кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні — выхаваць годных грамадзян. Імкнуся тлума­чыць на ўласным прыкладзе, што служба ў войску — ганаровы абавязак, што атрыманыя веды і вопыт спатрэбяцца ў жыцці.

— Адчуваецца, што вам цікава працаваць у гэтым напрамку з навучэнцамі. Ці становяцца хлопцы больш дысцыплінаванымі, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй?

— Канечне, ваенна-патрыятычнае выхаванне прыносіць свой плён. Дзеці пасталелі, сталі больш дысцыплінаванымі, гэта праўда. Цяпер яны лішні раз падумаюць над тым ці іншым учынкам. Ім цікава вучыцца, усебакова развівацца, рэалізоўваць свой патэнцыял. Часам наша работа з навучэнцамі будуецца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Рыхтую, напрыклад, сцэнарый заняткаў ці мерапрыемства і раздаю вучням 8—10 класаў. Яны ўжо рыхтуюць прэзентацыю і даводзяць інфармацыю да навучэнцаў 5—7 класаў. Дзецям гэта вельмі падабаецца, і матэрыял лепш успрымаецца.

— Летні адпачынак у школьнікаў спланаваны да дробязей: у жніўні на базе школы па традыцыі пачне праца­ваць ваенна-патрыятычны лагер “Юнармеец”. Што чакае актыўных хлопцаў?

— Трэці год запар “Юнармеец” гатовы сустракаць падлеткаў самай цікавай і разнастайнай праграмай актыўнага адпачынку. Летні прафарыентацыйны лагер будуць наведваць 20 хлопцаў, у тым ліку і тыя, хто стаіць на прафілактычным уліку ў ІСН. Насычанае і цікавае жыццё, напоўненае падзеямі, гарантуецца. Адправімся на экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі, краязнаўчы музей, абавязкова схо­дзім у кінатэатр, дзе пагля­дзім фільм пра вайну. Будуць пад­рыхтаваны сумесныя мерапрыемствы пры ўдзеле настаўнікаў гісторыі, класных кіраўнікоў. Пагуляем у ваенна-спартыўную гульню, дзе дзве каманды паспаборнічаюць у спрыце, сіле, праявяць характар. Згатуем салдацкую кашу і прадэгустуем яе на свежым паветры — гэта асаб­ліва спадабаецца дзецям. У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў упор зробім на падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, факты народнай трагедыі нікога не пакінуць абыякавымі і паспрыяюць у будучыні фарміраванню беражлівых і паважлівых адносін да гісторыі роднай краіны.

— Наколькі школьнікам цікавая ваенная тэматыка?

— Да гэтай тэмы павышаецца цікавасць. Дзеці ахвотна запісваюцца на экскурсіі, з задавальненнем наведваюць вайсковыя часці, глядзяць, як жывуць ваеннаслужачыя, удакладняюць, што трэба для паступлення ў ведамасную УВА.

— Адна з галоўных мэт вашай работы зразумелая. А калі б спатрэбілася даць універсальную параду, якой бы яна была?

— Усё рабі па законе.

— Раскажыце пра свае захап­ленні, што робіць ваенрук у вольны час?

— Цяпер разам з жонкай прадумваем маршрут да мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэ­пасць-герой”. Тут абавязкова трэба пабываць, наведаць неверагодна памятнае і гістарычнае месца — адно са знакавых у Беларусі, сімвал супраціўлення ў гады вайны. Будзе пра што расказаць дзецям. Магчыма, заплануем наведванне крэпасці ўжо разам з навучэнцамі. А яшчэ ў вольны час люблю рыбачыць на навакольных вадаёмах, збіраць грыбы. Улоў карасёў жонка запякае па фірменным рэцэпце ў духоўцы — атрымліваецца вельмі смачна, а грыбы тут жа адпраўляюцца на патэльню да румянай смажанай бульбачкі.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадаставіў Віктар ТУПІЦА