Вось такія гарбузы…

- 10:13Авторские колонки, Мнение
Іван ЖДАНОВІЧ

Развагі пра нібыта бяскрыўдныя забаўкі, звонку прыўнесеныя ў нашу культуру.

У біёлагаў ёсць тэрмін “зялёныя акупанты”. Гэта пра інвазійныя, чужародныя расліны, якія рознымі шляхамі праніклі на тэрыторыю Беларусі, прыжыліся тут і агрэсіўна пашыраюць сваю прысутнасць. Прытым прыдушваюць, выжыва­юць мясцовыя віды. І многія ж ведаюць: акрамя Чырвонай кнігі, ёсць у нас і Чорная. У яе беларускія вучоныя ўносяць чужародныя шкодныя віды раслін, якіх ужо, дарэчы, больш за паўсотні. Згадаем толькі пра баршчэўнік Сасноўскага і канадскі сумнік. На жаль, з кожным годам у нас “зялёных акупантаў” большае…

І вось падобным жа чынам у вобразе нібыта бяскрыўднай карнавальнай забаўкі, страшылкі-пацешкі на ментальнае беларускае поле засяліўся замежны Хэлоўін. Але ж дзіва: замест таго каб з беларускай абачлівасцю прыгледзецца-насцярожыцца ці ну хоць бы трошкі задумацца, некаторыя хлопцы і асабліва экзальтаваныя дзяўчаты “аддаюцца” яму, як кажуць, без разваг. Ну, кажуць, гэта ж модна так раскавана забаўляцца! У сацсетках ідзе пошум: дзе, калі, чым здзівіць? І ў інтэрнэце, глянем, фішка прэзентуецца прывабна: “современный международный праздник, восходящий к традициям древних кельтов”…

Ага, ну так мы вам і паверылі: кельты… Чаго ж хаваць, давайце ўжо глыбей заглянем ды скажам, што чорныя і вясёлыя традыцыі ўшанавання пачвар, часта і з чалавечымі ахвярамі, значна больш старажытныя. З дабіблейскіх часоў вядомыя. Пра тое, думаю, дапытлівыя маладыя лю­дзі і самі хоць нешта ведаюць. Ва ўсякім разе тыя, хто ўсвядоміў ці здагадваецца інтуітыўна: ёсць у нашым няпростым свеце белае, ёсць і чорнае. А яшчэ ж у народзе слушна ка­жуць: не ўсё золата, што блішчыць.

Дык вось, хэлоўінцы, пытанне да вас: а святкуеце што? Хто герой, чым праславіўся? У гонар чаго ці каго весялосць і карнавал? “Если звезды зажигают — значит, это кому-нибудь нужно”… І ў беларускай, славянскай культуры, мы ведаем, даўно акрэслены былі межы паміж дабром і ліхам. А памятаеце мелавы круг ноччу ў царкве ў гогалеўскім “Віі”, праз які пачвары не маглі прабіцца?.. Ды вось і бяда, што ў наш час межы паміж дабром і ліхам вельмі тонкія, з-за розных прычын хістаюцца і размываюцца. Іх, сцвярджа­юць мудрыя, без вытанчанага розуму і чыстага сэрца і не заўважыш. Ад хістанняў тых можа захістацца і галава, дакладней, розум… Вам не сняцца яшчэ жахі? Вы сапраўды не разумееце, што такое смерць? Дарэчы, калі нехта прыколваецца тым, што, як сваю, трымае ў руках “гарбузовую галаву”, то гэта ж, можа, і азначае, што ўласная галава ў яго “паехала”? Зусім жа не смешна… Вы бачылі псіхічнахворых? Дарэчы, для тых няшчасных, у каго хістанні-разрыванні меж адбываюцца ў паскораным рэжыме, з імпэтам прапануюць свае сумніўныя паслугі розныя экстрасэнсы, “знаўцы чалавечых душ”. І ўжо далей сляпы сляпога павядзе. Куды? Што такое ўстановы для псіхічнахворых, для людзей з “поехавшей крышей” — многія ведаюць. Але ж, відаць, не суадносяць з тым, што самі робяць.

Прашу мяне зразумець: я не пужаю — разважаю. Да ўдумлівых і шчырых разваг заклікаю таксама і настаўнікаў, і вучняў — пажадана сумесна паразважаць і пажадана перад пачаткам чарговых “гарбузовых гульняў”.

Зусім не інтэлектуальных і не пазітыўных гульняў, а разбуральных і небяспечных для псіхічнага здароўя. У адным з фільмаў эпохі перабудовы пад назвай “Пакаянне” прагучала фраза і сёння актуальная: “Калі дарога не вядзе да Бога, то навошта яна?” І якраз у тым фільме, няпрос­тым па эмацыянальна-вобразным зарадзе, увесь час нібыта ўстае з труны мярцвяк…

Чамусьці некаторым жудасці падабаюцца. І яны свядома, ці, лепш сказаць, на дурную галаву, шука­юць сабе прыгод і вострых уражанняў. Не баіцеся, што званітуе? Мы ж ведаем, што такое атручэнне грыбамі, напрыклад. Ясі нібыта са смакам, а потым… І калі прыняць наркотык, то настрой, кажуць, палепшыцца. Тое ж і з курэннем, і з алкаголем… Але ж потым зойдзем куды? Мы ве­даем пра пакуты анкахворых, пра месцы, дзе людзей спрабуюць вывесці са стану залежнасці ад новай дозы. Калі падыходзіць да небяспечных рэчаў з халодным розумам, то варта ўсведамляць наступствы. Розум падключаць, а не разам з галавой запіхваць яго ў пусты рытуальны гар­буз… Бо нам нібыта ўсё дазволена, ды не ўсё ж карысна. Пра тое і ў царкве часта нам кажуць. Але да пары да часу той голас розуму, на вялікі жаль, не ўсе чуюць.

…Днямі знаёмая настаўніца пабачыла ў класе нейкія малюнкі, пацікавілася: а што гэта? Хлопец расцвіў: эскізы. Прыкідваў, чым будзе здзіўляць, забаўляць і страшыць у хуткім часе сваіх сяброў-аднакласнікаў. Гарбузы, чарапы, пачвары, чорныя і чырвоныя колеры… І мастак нібыта добры, і чалавек нядрэнны, а галава — ну яўна ж хістаецца. Як быць? Што яму сказаць?

А можа, занесці гэты Хэлоўін у Чорную кнігу? Але ж тады нехта скажа, што мы адсталі ад жыцця і трэба прасцей ставіцца да такіх гульняў прасунутай моладзі. Якая, скажам шчыра, сама не ведае, што творыць…

Давайце паразважаем разам. Бо гэтая інвазійная з’ява да таго ж і заразная, нібы вірусы, пашыраецца. І сама па сабе, відаць, не рассасецца, нібы чарговы сінячок альбо гуз на дзіцячай ножцы.

Фота гарбуза з сайта pixabay.com