Бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу Маргарыта і Сяргей Кундзікавы з Клічава нядаўна ўзялі на выхаванне 46-е па ліку дзіця. Дзясяткі з іх ужо сталі выпускнікамі гэтага па-сапраўднаму цёплага дома, знайшлі сябе ў годных прафесіях, у тым ліку ў педагогіцы, стварылі дружныя сем’і. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Дзіцячы дом сямейнага тыпу Кундзікавых — адзін з найстарэйшых у Беларусі. Ён адкрыўся яшчэ ў савецкія часы, у 1990 годзе.
— Мы з мужам былі звычайнай сям’ёй, выхоўвалі траіх дзяцей, у нас была трохпакаёвая кватэра. Я працавала загадчыцай аднаго з клічаўскіх дзіцячых садоў, муж — прарабам на будоўлі. Што называецца, нічога не прадвяшчала кардынальных змен у ладзе жыцця. І тут мяне накіравалі на курсы павышэння кваліфікацыі ў Магілёў. Аднойчы нас з калегамі павялі ў дзіцячы дом. Сустрэча з маленькімі сіротамі, іх сумныя вочы нешта раз і назаўсёды перавярнулі ў маёй душы, — расказвае Маргарыта Кундзікава.
У хуткім часе па тэлебачанні паказалі першы тэлемарафон па праблеме сіроцтва, а ў газеце Савецкага дзіцячага фонду яна прачытала пра з’яўленне новай формы выхавання сірот — дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Яны былі закліканы стаць больш эфектыўнай альтэрнатывай інтэрнатам, і гэта зацікавіла. Маргарыта Уладзіміраўна патэлефанавала ў рэдакцыю газеты і папрасіла даць адрас аднаго з ужо створаных у Расіі сямейных дамоў. Атрымаўшы ад бацькоў-выхавальнікаў адказы на хвалюючыя пытанні, яны з мужам таксама рашыліся на такі
крок.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх выхоўваюць Кундзікавы, спаўна адчуваюць тую шматбаковую падтрымку, якую аказвае наша дзяржава дзецям сіроцкай катэгорыі.
Клічаўскі райвыканкам падабраў вялікі дом, які Кундзікавы з дапамогай Беларускага дзіцячага фонду і дзяржпадтрымкай адрамантавалі, абсталявалі і ў якім жывуць да гэтага часу. Першымі выхаванцамі сталі 5 сірот з таго самага магілёўскага дзіцячага дома, які яна некалі наведала. Усе дзеці дашкольнага ўзросту, бо Маргарыта Уладзіміраўна мела вопыт работы менавіта з такой узроставай катэгорыяй.
Толькі-толькі пачалі абжывацца новай вялікай сям’ёй, як адбыўся распад СССР і насталі цяжкія часы, успамінае мая суразмоўніца. Па начах перашывала дзецям адзенне, атрыманае ў якасці гуманітарнай дапамогі, а днём праводзіла шмат часу ў бясконцых чэргах у магазіны, каб купіць па талонах самае неабходнае. Аднак так было нядоўга. Па даручэнні намесніка старшыні Клічаўскага райвыканкама дому сямейнага тыпу далі магчымасць атрымліваць патрэбныя тавары па асобным заказе. Над імі ўзяў шэфства мясцовы малаказавод, адзін з калгасаў бясплатна выдзеліў карову, прадастаўлялі і іншую падтрымку.
— Нават у вельмі няпростыя 90-я гады дзяржава не пакінула нас без дапамогі, — канстатуе мая суразмоўніца. — Па меры таго як эканамічная сітуацыя наладжвалася, расла і падтрымка дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Прыемна бачыць, што дамоў сямейнага тыпу стала многа, што гэтая форма прыжылася, атрымала развіццё. Лічу, што сёння робіцца ўсё неабходнае для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі з сіроцкай катэгорыі выраслі ў годных умовах, знайшлі свой шлях у дарослым жыцці.
Кроўны сын Кундзікавых Захар і яго жонка Юлія таксама сталі бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу, цяпер іх у Клічаве два.
На ўтрыманне кожнага выхаванца дома сямейнага тыпу бацькам-выхавальнікам прадугледжана штомесячная грашовая выплата, за кошт якой дзіцяці купляецца ўсё неабходнае. Кампенсуецца тая частка камунальных расходаў, якая прыходзіцца на забеспячэнне патрэб выхаванцаў. Кожнае лета хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць бясплатна адпачыць у аздараўленчых лагерах. Таксама яны могуць бясплатна наведваць шэраг гурткоў і клубаў па інтарэсах, ездзіць на гарадскім і не толькі транспарце, хадзіць у дзяржаўныя музеі, тэатры, кінатэатры і інш.
— Не менш важныя і нематэрыяльныя аспекты падтрымкі, якую мы атрымліваем. Вельмі добра, што ў свой час ва ўстановах адукацыі з’явіліся псіхолагі, сацыяльныя педагогі. У клічаўскай сярэдняй школе № 2, куды ходзяць нашы дзеці, для нас з мужам гэтыя спецыялісты і яшчэ класныя кіраўнікі — першыя памочнікі. Узаемадзейнічаем з сацыяльна-педагагічным цэнтрам нашага раёна, разам з яго работнікамі прапрацоўваем усе актуальныя крокі ў інтарэсах дзяцей. Карыснай лічу і работу клубаў для прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў “Сямейны ачаг” і для іх выхаванцаў “Пакуль усе разам”. З цікавасцю наведваю семінары, круглыя сталы, іншыя мерапрыемствы, якія ладзяцца для замяшчальных сем’яў, — гаворыць Маргарыта Кундзікава.
Выбудавана ў інтарэсах дзяцей і разгалінаваная сістэма постінтэрнатнага суправаджэння. Шмат выпускнікоў сямейнага дома Кундзікавых скарысталіся існуючымі льготамі пры паступленні ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Бясплатна вывучыліся па выбраных прафесіях, атрымаўшы самую рознабаковую сацыяльную падтрымку — ад грашовых выплат да дапамогі з працаўладкаваннем і вырашэння жыллёвага пытання.
Выпускнікі гэтага сямейнага дома сёння працуюць эканамістамі, будаўнікамі, кухарамі, прадаўцамі, ветэрынарамі, трактарыстамі, маюць многія іншыя запатрабаваныя прафесіі. Шэсць выхаванцаў і кроўная дачка Кундзікавых Дар’я аддалі перавагу педагагічнай адукацыі, сталі настаўнікамі матэматыкі, беларускай мовы і мастацтва, фізічнага выхавання і іншых прадметаў. Адзін з выпускнікоў сямейнага дома зараз вучыцца ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы Мінска на настаўніка тэхнічнай працы і чарчэння, другая — у каледжы мастацтваў у Магілёве, збіраецца стаць настаўніцай харэаграфічнага мастацтва. Кроўны сын Захар і яго жонка Юлія ў 2015 годзе таксама сталі бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу, цяпер іх у Клічаве два.
Сёння на выхаванні ў сямейным доме 10 дзяцей. Малодшаму Сашу 4 гады, старэйшай Асі — 17. Два выхаванцы маюць інваліднасць, адзін з іх знаходзіцца на надомным навучанні.
— Кожнага прымаем у сям’ю з усёй шчырасцю, з адкрытай душой. Не ставім планак, да якіх дзіця павінна дацягвацца, і не падганяем яго “пад сябе”. Калі ёсць нейкія шкодныя звычкі ці іншыя праблемы, вядома ж, працуем над гэтым. Але ўвогуле любім нашых дзяцей такімі, якія яны ёсць, і з добрымі якасцямі, і з недахопамі, — дзеліцца гаспадыня гэтага па-сапраўднаму цёплага дома.
Шмат увагі ўдзяляецца таму, каб выхаванцы набылі ўсе патрэбныя для самастойнага пражывання навыкі. Як дзяўчат, так і хлопцаў тут вучаць гатаваць, прыбіраць, працаваць па гаспадарцы — на прысядзібным участку ёсць агарод, цяпліцы, хаткі для курэй і іншых птушак. Маргарыта Уладзіміраўна лічыць сваім абавязкам навучыць дзяўчат шыць як рукамі, так і на швейнай машынцы, якіх у доме некалькі. А Сяргей Аляксеевіч прывівае хлопцам навыкі валодання рознымі інструментамі і міні-станкамі. Сваімі рукамі рамантуюць хатнія рэчы, пабудавалі і падтрымліваюць у добрым стане дзіцячую пляцоўку ля дома.
Дзеці наведваюць розныя секцыі і гурткі, займаюцца маляваннем, танцамі, музыкай, спортам. Шмат цікавых заняткаў чакае іх і дома. Амаль кожны вечар збіраюцца разам у вялікай зале і ўголас чытаюць кнігі. Дамовіліся, што выбіраюць іх па чарзе — адзін раз бацькі, другі — дзеці. Калі па кнізе ёсць фільм, глядзяць яго, потым дзеляцца ўражаннямі. Вельмі любяць ладзіць тэатралізаваныя святы, да якіх прыдумваюць і шыюць касцюмы, рыхтуюць вясёлыя сцэнарыі. Склалася традыцыя кожны Новы год сустракаць “у вобразе”: пераўвасабляцца ў першабытных людзей, іншапланецян, мушкецёраў, індзейцаў…
Сёння робіцца ўсё неабходнае для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выраслі ў годных умовах, знайшлі свой шлях у дарослым жыцці.
Маргарыта і Сяргей Кундзікавы самі шчыра цікавяцца гісторыяй роднага краю і імкнуцца далучаць да яе пазнання дзяцей. Любяць хадзіць у пешыя паходы. Наведваюць мясціны, звязаныя з рознымі старонкамі гісторыі Клічаўшчыны — ад старажытных курганоў да рэканструяванага партызанскага лагера і помніка спаленым вёскам. Бываюць і на экскурсіях у іншых рэгіёнах. Так, дзякуючы шэфскай дапамозе Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, наведалі Нясвіжскі замак, па запрашэнні Беларускага дзіцячага фонду былі на спектаклі ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску, у рэспубліканскім гарналыжным цэнтры “Сілічы” і шмат дзе яшчэ.
— Ужо 33 гады, як мы з мужам узялі ў сям’ю першых выхаванцаў, — дзеліцца Маргарыта Уладзіміраўна. — І нам па-ранейшаму падабаецца тое, што мы робім. Гэта так здорава — аддаваць, саграваць, адчуваць сябе патрэбнымі і бачыць станоўчыя вынікі сваёй працы. Стаўшы дарослымі, многія нашы выхаванцы не забываюць нас, прыязджаюць у госці, тэлефануюць, дасылаюць фотаздымкі сваіх дзетак. Усяго ў нас ужо 34 унукі! Жыццё працягваецца…
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара