Вучні сталічнай школы № 182 лічаць кітайскую мову перспектыўнай

- 12:20Образование: Беларусь — Китай

Аб’яднанне па інтарэсах “Кітайская мова” ў сярэдняй школе № 182 імя У.Карвата Мінска працуе толькі з верасня, але вучні ўжо дасягнулі значных поспехаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вынікамі работы падзялілася валанцёр з Кітая Сюй Сінін, якая выкладае дзецям мову Паднябеснай.

— Я і сама вучуся ў дзяцей, бо рускай мовай валодаю яшчэ не вельмі добра, — заўважае Сюй Сінін. — Такім чынам, мы адно аднаму дапамагаем. Дарэчы, працаваць са школьнікамі мне прапанавалі ў аспірантуры БДУ, дзе я вучуся. Мы з вучнямі ўжо добра пасябравалі! Замест адзнак я стаўлю ім у сшытак пячаткі ў выглядзе вясёлых пандаў. У Беларусі я ўжо тры гады, шмат падарожнічала, наведала буйныя гарады Брэст, Гродна, Віцебск. Ваша краіна вельмі прыгожая і чыстая! Гэта адразу кідаецца ў вочы.

У класе стаіць вялікая інтэрактыўная дошка, наглядныя матэрыялы і прэзентацыі для кожных заняткаў настаўніца рыхтуе сама. Школьнікі старанна выводзяць іерогліфы ў тоўстых сшытках — гэтая справа патрабуе цярпення.

— Мне вельмі цікава вывучаць кітайскую мову, — дзеліцца васьмікласнік Георгій Холад. — А прывабіла мяне менавіта яе складанасць, мудрагелістыя іерогліфы.

— Мая мама, калі я быў маленькі, часта глядзела фільмы з Джэкі Чанам, — па­дзяліўся вучань 8 класа Назар Нарэйка. — Напэўна, цікавасць да кітайскай культуры ў мяне ўзнікла яшчэ тады. І наогул, кітайская ж самая папулярная мова ў свеце.

— На мове Паднябеснай сёння размаўляе больш за 1 мільярд чалавек, і спецыялісты, якія ёй валодаюць, вельмі запатрабаваныя, — адзначае дырэктар школы Уладзіслаў Крайноў. — Супрацоўнічаць з Інстытутам Канфуцыя ў МДЛУ мы пачалі толькі ў гэтым навучальным годзе, адначасова адкрылі аб’яднанне па інтарэсах “Кітайская мова” і за гэты час правялі ўжо шэраг мерапрыемстваў — майстар-класы для дзяцей і педагогаў, канцэрты. Сёння аб’яднанне наведваюць 2 групы навучэнцаў з 6 па 10 клас.

— За год я навучылася лічыць па-кітайску, ведаю асноўныя словы, нават спяваю! — пералічвае свае дасягненні васьмікласніца Марына Петухова. — Арганізавалі ўжо два канцэрты, на якіх мы выконвалі песню на кітайскай мове.

Кітайскі напрамак у школе будзе развівацца. Гэта пацвярджаюць вынікі апытання, якое тут правялі ў мінулым годзе перад летнімі канікуламі, у ім прынялі ўдзел 100 вучняў 6—11 класаў і іх законныя прадстаўнікі. На пытанне “Якую замежную мову вы лічыце перспектыўнай?” амаль палова дзяцей адказала: “Кітайскую”. А сярод іх бацькоў за яе прагаласавалі 79,2%.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара