Вучні сярэдняй школы № 2 Ляхавіч удала сумясцілі летні адпачынак з працай

- 17:10Новости

Вучні сярэдняй школы № 2 Ляхавіч удала сумясцілі летні адпачынак з працай. На працягу 15 дзён падлеткі шчыравалі ў школьным лагеры працы і адпачынку “Праметэй”, створаным пры падтрымцы Ляхавіцкай ЖКГ. 

— За невялікі час дзеці не толькі атрымалі працоўную кніжку і паспрабавалі сябе ў сацыяльна значнай дзейнас­ці, але і паўдзельнічалі ў шматлікіх патрыятычных мерапрыемствах, цікавых экскурсіях і сустрэчах, — расказаў дырэктар лагера кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віталь Толкач.

Кожны дзень змены, якая праходзіла пад дэвізам “Выхаваць патрыёта!”, быў тэматычным: дзень гісторыі,
дзень малой радзімы, дзень патрыёта і інш. Адкрылася змена ў школьным музеі баявой і працоўнай славы. Гэта не выпадкова: моладзь павінна цаніць мірнае неба над галавой, памятаць, хто збярог для нас родную зямлю, і ведаць тых, хто стваральнай працай паляпшае дабрабыт краіны.

Вялікую ўвагу педагогі ўдзялялі бяспецы. Інфармацыйныя хвілінкі знаёмілі дзяцей з правіламі здаровага ладу жыцця, знаходжання на сонцы ў спёку, паводзін на вадаёме, у лесе і інш. У дзень прафілактыкі быў арганізаваны конкурс малюнкаў “Мы за бяспеку” ў рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню”. Дзеці наведалі Ляхавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе азнаёміліся з работай ратавальнікаў і спецтэхнікай.

Асабліва запомніўся выхаванцам дзень турызму і краязнаўства, у рамках якога была арганізавана экскурсія ў вёску Грушаўка, дзе знаходзіцца сядзіба Рэйтанаў. Школьнікі любяць гэтае месца і часта бываюць там, але многія не ведаюць яго гісторыю. Экскурсія дазволіла ліквідаваць прабелы ў ведах.

А вось дзень малой радзімы спадабаўся юнакам больш за ўсё.

— Заняткі па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі прайшлі на адным дыханні, — падзяліўся Аляксандр Бур­буць. — Я заўсёды з радасцю наведваю цір, каб палепшыць стралковыя навыкі. Гэта дапамагае на святочных мерапрыемствах здабыць у ігравым ціры цацку для малодшай сястрычкі.

У дзень мужнасці школьнікі азнаёміліся з дзейнасцю адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята Баранавіч, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, сустрэліся з афіцэрамі, якія расказалі аб прафесіі абаронцы Айчыны.

Кожны дзень быў напоўнены новымі ведамі, эмоцыямі і сустрэчамі. Так, у лагер завітаў выпускнік школы і Ваеннай акадэміі Беларусі Ягор Сірыська, які правёў заняткі па медыцынскай дапамозе. Падчас наведвання Ляхавіцкага РАУС вучні разбіралі і збіралі аўтамат Калашнікава. Праводзіліся заняткі па страявой падрыхтоўцы, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне.

У рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху” школьнікі сустрэліся з першым сакратаром Ляхавіцкага райкама БРСМ Настассяй Дземідовіч і памочнікам пракурора раёна Яўгенам Вількоўскім.

Выхаванцы лагера зладзілі акцыю “Абеліск”, падчас якой прыбралі тэрыторыю вайсковага пахавання ў вёсцы Грушаўка. Віктарыны і інтэлектуальныя конкурсы дазволілі праверыць кемлівасць і вызначыць лепшых эрудытаў.

Вераніка КУМЕЙША,
Вольга ТОЛКАЧ,
выхавальнікі лагера працы і адпачынку “Праметэй” сярэдняй школы № 2 Ляхавіч